Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канфлікт на «Граніце» як сымптом сацыяльнай напружанасьці ў краіне


Каля дзьвюх соцень работнікаў заводу «Граніт» выйшлі з афіцыйнага прафсаюзу і стварылі незалежны прафсаюз. Што стаіць за гэтым канфліктам? Чаму працоўныя не давяраюць афіцыйным прафсаюзам? Якую тактыку выкарыстоўваюць улады?

Удзельнікі: старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук і старшыня Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч.

Прычыны канфлікту на «Граніце»

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Аляксандар Ярашук
Аляксандар Ярашук
Генадзь Фядыніч
Генадзь Фядыніч

Валер Карбалевіч: «Здавалася б, самая вострая фаза эканамічнага крызісу мінулася, надышла пэўная стабілізацыя. Стабілізаваўся абменны курс рубля, за сьнежань зьменшылася інфляцыя. Улады абвясьцілі пра павышэньне тарыфнай стаўкі першага разраду. Апытаньне НІСЭПД сьведчыць пра невялікую тэндэнцыю да паляпшэньня сацыяльнага самаадчуваньня людзей. Здавалася б, сацыяльнае напружаньне ў краіне павінна было трохі спасьці. Аднак канфлікт на заводзе „Граніт“ у Мікашэвічах сьведчыць пра іншае. Чаму так? Якая сытуацыя ў працоўных калектывах?»

Аляксандар Ярашук: «Ня трэба глядзець на сытуацыю спрошчана. Калі здарыўся крызіс, усе чакалі пратэстных акцый працоўных. Але ўсё складаней. Пратэст на „Граніце“ выкліканы ня толькі падзеньнем рэальных заробкаў, але і абразьлівым стаўленьнем да работнікаў з боку адміністрацыі. Гэтая зьява характэрная для ўсіх працоўных калектываў. Гэты чыньнік, можа, будзе адыгрываць першасную ролю.

Калі кажуць пра беларусаў, што яны памяркоўныя, абыякавыя да свайго лёсу і зь імі можна рабіць што хочаш, то гэта ня так. І палешукі ў Мікашэвічах паказалі сваю годнасьць. Работнікі „Граніту“ зьдзейсьнілі такі ж прарыў, які 20 гадоў таму зрабілі шахцёры Салігорску, калі стварылі незалежную суполку прафсаюзу гарнякоў».

Генадзь Фядыніч: «У Беларусі ўжо гадоў 15 ня лічацца з працоўнымі людзьмі, прыніжаюць іх годнасьць. На МАЗе два гады таму рабочыя атрымоўвалі 1 тыс. даляраў, а цяпер — толькі 250 даляраў. Ім прапаноўваюць рабіць яшчэ, сумяшчаць некалькі працаў. Падзеі на „Граніце“ паказваюць, што калі работнікі хочуць людзьмі звацца, то яны могуць згуртавацца. А незалежныя прафсаюзы павінны ім дапамагчы».

Чаму працоўныя не давяраюць афіцыйным прафсаюзам?


Карбалевіч: «Канфлікт на „Граніце“ разьвіваецца вельмі спэцыфічна. Рабочыя не страйкуюць, не патрабуюць падвышэньня заробкаў, а проста выходзяць з афіцыйнага прафсаюзу і ствараюць суполку незалежнага прафсаюзу. Чаму менавіта так разьвіваецца канфлікт? Ці могуць афіцыйныя прафсаюзы быць амартызатарам сацыяльнай напружанасьці, абаронцам працоўных?»

Ярашук: «Апошнія 10 гадоў, калі Фэдэрацыю прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) паставілі пад кантроль адміністрацыі прэзыдэнта, ішла няўхільная дэградацыя гэтай арганізацыі, вымываньне зь яе ўсялякага прафсаюзнага зьместу. Вось перад Новым годам звольнілі старшыню афіцыйнага прафсаюзу хімікаў Менскай вобласьці Кузьму Кашэўскага. Яго не змаглі звольніць праз выбары, а звольнілі пастановай прэзыдыюму ФПБ. Аказваецца, у статут фэдэрацыі ўнесьлі такі пункт, які дазваляе прэзыдыюму звальняць выбарнага прафсаюзнага кіраўніка. Гэта азначае, што ФПБ ператвараецца ў таталітарную структуру. Працоўныя разглядаюць афіцыйныя прафсаюзы як частку сыстэмы ўлады.
ФПБ ператвараецца ў таталітарную структуру. Працоўныя разглядаюць афіцыйныя прафсаюзы як частку сыстэмы ўлады.

Рабочыя „Граніту“ кінулі выклік і ўладзе, і ФПБ. І хай не разьлічваюць улады на тое, што ім лёгка будзе ажыцьцявіць расправу зь сябрамі створанага там незалежнага прафсаюзу. У нас ёсьць сродкі абараніць. Мы, калі трэба, будзем апэляваць да міжнароднай прафсаюзнай супольнасьці, каб правялі акцыі салідарнасьці, уключаючы байкот беларускіх тавараў на эўрапейскіх рынках.

Вось старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Канстанцін Сумар падчас наведваньня Мікашэвічаў заявіў, што незалежнага прафсаюзу на „Граніце“ ня будзе. Я заяўляю, што дзіця ўжо нарадзілася. І незалежны прафсаюз там будзе. І ня толькі там. Колькі яны ўжо хавалі незалежныя прафсаюзы?»

Фядыніч: «Роля ФПБ не ў абароне працоўных, хоць гэта і запісана ў іхнім статуце. Яны дапаўняюць афіцыйных ідэолягаў на прадпрыемствах. Падзеі, якія адбываюцца на „Граніце“, могуць здарыцца цяпер на любым прадпрыемстве. Праблема ў тым, як нам, незалежным прафсаюзам дапамагчы людзям абараняць сваю годнасьць. Я заклікаю лідэраў прафсаюзу хімікаў, які ўваходзіць у ФПБ: давайце разам шукаць спосабы, як дапамагчы людзям, а не як зачыніць незалежны прафсаюз».

Тактыка ўладаў


Карбалевіч: «Якой тактыкі прытрымліваюцца ўлады? Толькі пуга, рэпрэсіі, ці ёсьць і пернікі?»

Ярашук: «Усе аўтарытарныя сыстэмы дзейнічаюць аднолькава. Каб кантраляваць грамадзтва, яны павінны ўвесь час закручваць гайкі. Але немагчыма закручваць так, каб не абражаць чалавечую годнасьць.

Чуў шмат выказваньняў, што рабочыя ў нас ужо ня тыя і іншае. Сьмешна чуць разважаньні людзей, якія ня маюць прамога дачыненьня да гэтай сфэры. У Беларусі ёсьць рабочыя, і ў іх ёсьць сапраўдная чалавечая годнасьць. Справа толькі ў тым, калі яны выступяць у абарону гэтай годнасьці. Гэта па заказе ня робіцца, нельга прызначыць дату.

Дзякуй Богу, што ўлады ўзялі пад кантроль ФПБ, што прызначылі цяперашняе кіраўніцтва. І сумеснымі намаганьнямі яны выкапалі для сябе вельмі глыбокую яму. І далей натхнёна капаюць».
Улада адчувае сваю моц. Яна разумее, што ў народу цяпер страх мацнейшы за голад.

Карбалевіч: «Няўжо ўлады не разумеюць, што патрэбныя нейкія кляпаны, каб выпускаць пару? Бо калі закрыць усе дзіркі, а напружаньне расьце, то кацёл можа выбухнуць».

Ярашук: «Гэта можа здацца дзіўным, але насамрэч не разумеюць. Бо вельмі моцна дэградаваў узровень дзяржаўнага кіраўніцтва. Я маю кантакты зь беларускай намэнклятурай, таму ведаю, што кажу».

Фядыніч: «Улада адчувае сваю моц. Яна разумее, што ў народу цяпер страх мацнейшы за голад. Але зьвярну ўвагу, што ўлады актыўна выкарыстоўваюць пернікі. Як толькі на прадпрыемстве працоўныя праяўляюць салідарнасьць і бунтуюць, адразу зьяўляюцца пернікі, павышаюць заробкі. Калі на МТЗ запратэставалі маляры, адміністрацыя адразу ж вярнула ім сем дзён адпачынку, якія раней забралі незаконна.

Але ці хопіць пернікаў для ўсіх? Думаю, ня хопіць. Бо эканоміка не дазваляе. Цяпер усё будзе залежаць не ад улады, а ад працоўных. Бо народ памяняць нельга, а ўладу заўжды можна памяняць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG