Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расейскі грашовы наркотык утойвае небясьпеку»


Крэдыты, узятыя РБ ад замежных дзяржаваў

Крэдыты, узятыя РБ ад замежных дзяржаваў

Беларусь – дыктатарская краіна – вымушаная змагацца зь вельмі высокай інфляцыяй. Мільярдныя крэдыты, якія дае Расея, павялічваюць залежнасьць Беларусі ад вялікай суседкі, а правядзеньне структурных рэформаў адкладаецца, – піша аўстрыйская «Die Presse».

Верагодна, мяркуе «Die Presse», беларускі дыктатар Аляксандар Лукашэнка разважае наступным чынам: ня можа быць таго, чаго не павінна быць. Толькі так можна патлумачыць тое, што ён прымушае сваё тэлебачаньне не заўважаць факту правядзеньня масавых дэманстрацыяў у суседняй Расеі, хоць нават расейскія дзяржаўныя тэлеканалы больш пра гэта не маўчаць. Страўсіную палітыку Лукашэнкі можна зразумець: ён ня хоча нават думаць пра тое, што адбудзецца, калі існуючы ў Маскве рэжым упадзе. Адкуль у такім выпадку ён зможа атрымліваць мільярды даляраў, якія не даюць зусім сканаць беларускай эканоміцы?

Нядаўна адна толькі Масква пагадзілася выдаткаваць значную фінансавую дапамогу Беларусі, якая апынулася ў складаным эканамічным становішчы і адначасна – у ізаляцыі. Калі казаць канкрэтна, дык Расея амаль удвая панізіла для Беларусі цану на прыродны газ, а наўзамен, заплаціўшы 2,5 мільярды даляраў, атрымала ў сваё распараджэньне другую палову актываў беларускай газатранспартнай сыстэмы.

Калі дадаць яшчэ дамову аб пастаўцы нафты, дык Беларусь зможа зэканоміць ад трох да чатырох мільярдаў даляраў. Але гэтага аказалася недастаткова, і мільярдны крэдыт прапанаваў таксама расейскі дзяржаўны Ашчадбанк. А з кіраванага Масквой Фонду ЭўрАзЭС Беларусь, якая летась вырабіла тавараў і паслуг на суму 54,7 мільярда даляраў, атрымае яшчэ ў выглядзе крэдыту ад 3 да 3,5 мільярда даляраў. Менск цяпер можа перавесьці дыханьне. Нядаўна яму быў дадзены чарговы транш у памеры 400 мільёнаў даляраў.

Аднак расейскі грашовы наркотык утойвае ў сабе небясьпеку, – мяркуе «Die Presse». Гаворка ідзе ня толькі пра залежнасьць ад Масквы альбо пра магчымае перанясеньні на больш позьні тэрмін структурных рэформаў. Гаворка ідзе ня толькі пра імклівы рост зьнешняй запазычанасьці, якая на працягу чатырох гадоў павялічылася з 18,5% унутранага валавога прадукту да 75%. Ня выключана, што «дапамога з Расеі можа спрыяць таму, што Беларусь зноў пачне праводзіць менш жорсткую грашовую і фіскальную палітыку», лічыць Робэрт Кірхнэр зь нямецкай эканамічнай групы ў Беларусі GET Belarus.

Насамрэч гэтая краіна з насельніцтвам 9,5 мільёна чалавек ні ў чым ня мае патрэбы так востра, як у больш жорсткай грашовай і фіскальнай палітыцы. У 2011 годзе ў Беларусі адбыўся самы глыбокі за апошнія 20 гадоў крызіс, што зьвязана было ня столькі са зносам мэханізмаў плянавай эканомікі, колькі, перш за ўсё, з правядзеньнем мяккай грашовай палітыкі перад выбарамі 2010 году, вынікі якіх лічацца спрэчнымі.

Інфляцыя разагналася да 104%. Напярэдадні выбараў раздаваліся танныя дзяржаўныя крэдыты, а заработная плата была павышаная на 50%. Такім чынам Лукашэнка адмовіўся ад правядзеньня абумоўленай зь Міжнародным валютным фондам (МВФ) больш жорсткай бюджэтнай палітыкі.

Але цяпер Лукашэнка апынуўся перад дылемай: калі ён будзе змагацца з інфляцыяй, дык рост эканомікі, які склаў у 2011 годзе 5%, у 2012 годзе, паводле зьвестак ВМФ, можа зьнізіцца да 1,2%. Аднак выбару ў яго няма: Эўразійскі банк разьвіцьця лічыць, што толькі правядзеньне жорсткай грашовай і фіскальнай палітыкі, а таксама разумная прыватызацыя змогуць забясьпечыць у 2013 годзе стабільнае разьвіцьцё.
XS
SM
MD
LG