Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На чужыя будоўлі


Беларускі ўрад мае намер узяць пад кантроль працоўную міграцыю ў галіне будаўніцтва.

Як вынікае з пастановы Савету міністраў «Аб паказьніках сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на 2012 год», экспарт паслугаў Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва павінен вырасьці ў параўнаньні зь мінулым годам адразу ў шэсьць разоў. Але ці гатовыя да легалізацыі сваёй замежнай дзейнасьці самі будаўнікі?

Упершыню за апошняе дзесяцігодзьдзе рост валавога дабаўленага кошту ў будаўніцтве не плянуецца. Наадварот, мяркуецца яго зьніжэньне на 5–6%.
Згортваньне актыўнасьці на будаўнічым рынку адчулася летась, калі ва ўмовах фінансавага крызісу банкі перасталі выдаваць крэдыты пад будоўлю жыльля. Зьніжэньне аб’ёмаў прывяло да падзеньня заробкаў, вызвалілася вялікая колькасьць занятых у гэтай галіне. Як вынік — адток кадраў за мяжу. Жыхар Петрыкава Вячаслаў Герасіменка некалькі гадоў адпрацаваў на будоўлях у Падмаскоўі і кажа, што ўпарадкаваць працоўную міграцыю можа толькі час: калі людзі ўбачаць, што справы наладжваюцца, вернуцца самі:

«Хлопцы гавораць амаль аднолькава: лепш туды матацца, чым тут жабраваць.
лепш туды матацца, чым тут жабраваць ...

Бо за цяперашнія капейкі пражыць проста немагчыма. Ну хто купіць бутэльку алею за 15–17 тысяч рублёў пры заробку нават у мільён? Спрабавалі зарабляць тут, у ПМК шмат хто ўладкаваўся, на іншых працах, але кінулі ўсё і ў Расею падаліся. Можаце запытаць у жанчын, ці гатовыя яны мірыцца, што іх мужыкі туды-сюды езьдзяць? Цяжка цягнуць гаспадарку, але калі тыя грошы прывозяць, то хто ж будзе не задаволены? Канечне, як іх дома няма, то ня моцна радуюцца, бо гэта ж прыватны сэктар, трэба заўсёды працаваць. А як мужык вязе грошы, ды яшчэ даляры — ой, як радуюцца! Але можна патрываць: месяц-паўтара на будоўлі — пару тыдняў дома. Як правіла, вахта 40–45 дзён. А ёсьць, якія месяц там, а два тыдні тут. Усяляк бывае».

Згодна нават з афіцыйнай статыстыкай, у будаўнічай сфэры падзеньне ўзроўню прыбыткаў самае адчувальнае: за год заробкі зьнізіліся мінімум на траціну. У галіне інжынэрных паслугаў паказьнікі ўражваюць яшчэ больш. Ня бачачы падтрымкі, дзясяткі тысяч чалавек кінуліся самастойна шукаць, як зарабіць грошы.

На тле масавага ад’езду кваліфікаваных кадраў урад намагаецца ня толькі ўзяць гэтую плынь пад кантроль, але і паспрабаваць зь яе выціснуць максымум выгады. Так, Міністэрству архітэктуры і будаўніцтва пастаўленая задача — падвысіць экспарт паслугаў у шэсьць разоў і зарабіць у 2012-м звыш 1 мільярда даляраў.

Аднак экспэрты кажуць, што гэтыя пляны наколькі амбітныя, настолькі і малавыканальныя: усе спробы выйсьці на рынак той жа Расеі ад імя дзяржаўных забудоўнікаў плёну ня мелі. Пакуль урадоўцы ламаюць галовы, як легалізаваць тых, хто хоча працаваць за мяжой аднаасобна, суседзі дзейнічаюць. Як кажа жыхар Пінску Дзьмітрый Шугаеў, палякі ўжо некалькі гадоў намагаюцца вывесьці працоўных мігрантаў зь ценю і прымусіць іх папаўняць бюджэт Польшчы. І гэта ім удаецца:

«Шмат хто яшчэ працуе па-чорнаму, без падаткаў, але ў такім разе ў будучым
Многія не разумеюць, што часы „шабашак“ засталіся ў мінулым і цяпер мае сэнс легалізавацца ...

у іх могуць узьнікнуць праблемы пры атрыманьні візы. Бо калі працягваць працоўную візу ў Польшчы ці афармляць яе ў кансуляце ў Берасьці ці Горадні, то консульскія работнікі патрабуюць кантракт і адмысловую форму аб сплаце падаткаў. І калі высьветліцца, што фірма, у якой чалавек працаваў, падаткаў не плаціла, а значыць, не было і кантракту, то могуць папросту не адкрыць візу. Многія не разумеюць, што часы „шабашак“ засталіся ў мінулым і цяпер мае сэнс легалізавацца, бо, прыкладам, маючы кантракт, ты маеш гэткае ж права, як і палякі, на мэдычнае абслугоўваньне і г.д. А няма кантракту — то 50 злотых каштуе схадзіць толькі на прыём да лекара, каб ён выпісаў антыбіётыкі, бо ў іх нельга купляць лекі без рэцэпту».

За прыклад удалай будаўнічай экспансіі пад эгідай дзяржавы падаюцца праекты ў Вэнэсуэле, дзе беларускія спэцыялісты закладаюць некалькі жылых раёнаў у буйных гарадах, узводзяць аграгарадкі. У чарговую заакіянскую вахту зьбіраецца і мянчук Георгій Воранаў. Але начальства не вітае расповеды супрацоўнікаў пра тамтэйшыя рэаліі, таму толькі кажа, што ўся праца вядзецца пад кантролем мясцовых адмыслоўцаў:

«Я, шчыра кажучы, баюся стэрэатыпаў, бо як толькі ўсё гэта пераходзіць у галіну
Ніхто не зьбіраецца займацца экспансіяй аграгарадкоў ці яшчэ нечага ...

сацыяльна-палітычную, то на месца здаровага сэнсу абавязкова выпаўзаюць нейкія стэрэатыпы ці штампы. Ніхто не зьбіраецца займацца экспансіяй аграгарадкоў ці яшчэ нечага. Там свой лад жыцьця, свае традыцыі, таму і падыход адпаведны. Да таго ж гэта сумесны праект, яго рэалізацыя залежыць ня толькі, нават ня столькі ад нашага боку; там жа не зьбіраюцца агулам мяняць побыт насельніцтва Вэнэсуэлы. Гэта проста некалькі пілётных праектаў, некаторыя зь іх сапраўды на высокай стадыі рэалізацыі. Усё як заўсёды, як робяць нармальныя партнэры. Атрымалася — значыць, далей пайшлі. Не атрымалася — ну, значыць, няўдалая прапанова».

Рэалізацыя плянаў будаўнічай экспансіі суправаджаецца ня толькі рапартамі пра дасягненьні, але і скандальнымі гісторыямі. Кіраўнік кампаніі «Белзамежбуд» Віктар Шаўцоў, на якога дзяржава ўсклала рэалізацыю шэрагу праектаў у Вэнэсуэле, узяты пад варту. Яго, а таксама шэраг топ-мэнэджэраў тае ж фірмы, падазраюць у нямэтавым выкарыстаньні сродкаў — скрадзеныя сумы нібыта перавышаюць 10 мільёнаў даляраў. Сьледчыя не выключаюць, што на паверхню могуць выплысьці і іншыя факты карупцыі, бо некалі блізкая да ўладаў кампанія адказвала за буйныя будаўнічыя праекты ня толькі ў Вэнэсуэле, але і ў Аргентыне, Аўстрыі, Амане, Саудаўскай Арабіі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і г.д.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG