Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газавую трубу забралі. Цяпер хочуць забраць і нафтавую


Сьледам за набыцьцём «Белтрансгазу» Масква хоча ўзяць пад свой кантроль і нафтаправоды, якія ідуць з Расеі празь Беларусь у Эўропу.

Прапанова аб набыцьці ў расейскую ўласнасьць прадпрыемства «Гомельтранснафта Дружба» прагучала на перамовах, якія вядуць цяпер Масква і Менск пра кошт транзыту расейскай нафты.

Масква і Менск працягваюць спрэчку пра кошт транзыту нафты па беларускай тэрыторыі. Тэрмін дзеяньня цяперашняга пагадненьня скончыцца праз тры тыдні — 1 лютага. Перамовы ідуць за зачыненымі дзьвярыма. Аднак прасачылася інфармацыя, што Беларусь патрабуе ўзьняць транзытныя кошты на 20%. Расея лічыць, што гэта зашмат.



На перамовах разглядаюцца розныя варыянты аплаты выдаткаў. Некаторыя экспэрты ўжо нават прагназуюць, што беларускую нафтавую трубу неўзабаве чакае лёс «Белтрансгазу», які ўжо афіцыйна стаў расейскай уласнасьцю. «Пытаньне аб набыцьці ўсяго нафтаправоду на гэтых перамовах ня ставіцца, але можна сказаць, што першы крок у такім кірунку робіцца», — сказаў сёньня «Свабодзе» маскоўскі палітоляг Андрэй Суздальцаў, які валодае адпаведнай інфармацыяй:

Андрэй Суздальцаў
Андрэй Суздальцаў
«Ёсьць ідэя купіць не трубу, а дзяржаўнае беларускае прадпрыемства, якое абслуговае частку нафтаправоду «Дружба». Гэта тое прадпрыемства, якое падчас беларуска-расейскага крызісу 2007 году перахоплівала расейскую нафту і запампоўвала яе ў Мазыр. І цяпер пытаньне стаіць пра тое, каб яго (а прадпрыемства яшчэ і акцыянэрнае таварыства), выкупіць, як «Белтрансгаз».

Гаворка, такім чынам, ідзе пра апэратара паўднёвай галіны нафтаправоду «Дружба» — прадпрыемства «Гомельтранснафта Дружба». Па гэтых трубах расейская нафта празь Беларусь паступае ў Польшчу, Нямеччыну, Вугоршчыну, Славаччыну, Чэхію, Украіну і на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод.

«Разьмеркавальнае прадпрыемства для расейскага бізнэсу нават больш прывабнае за саму нафтавую трубу» — лічыць маскоўскі палітоляг Кірыл Коктыш, які спасылаецца на практыку «Газпрома»:

Кірыл Коктыш
Кірыл Коктыш
«Традыцыйная зацікаўленасьць „Газпрома“ ва ўсіх эўрапейскіх краінах — гэта газаразьмеркавальныя станцыі і нафтаразьмеркавальныя прадпрыемствы. Бо гэта якраз тое, што дае доступ да канчатковага спажыўца і, значыць, да рэальных грошай. Тут бізнэсовая лёгіка відавочная».

«Расея ня хоча мець у Беларусі ніякіх праблем, таму і купляе ўсё, што можна набыць», — адзначае эканаміст Леў Марголін:

Леў Марголін
Леў Марголін
«Купіць, бо грошы ёсьць, і ніякіх праблем больш ня будзе. А мы так патрохі-патрохі губляем маёмасьць. А самае галоўнае, што грошы, якія за гэта атрымліваюцца, праядаюцца. Няма прадуманай палітыкі. Калі б яна была, то можна было б шмат чаго прадаць. А грошы выкарыстаць на рэформы, на тое, каб перайсьці да прынцыпова новай эканомікі. Але гэтага ня робіцца. І гэта сумна».

Вяртаючыся да цаны транзыту на расейскую нафту, варта адзначыць, што бакі зьбіраліся дамовіцца пра новыя ўмовы яшчэ 25 сьнежня. Але дагэтуль дакумэнты не падпісаныя.

23 сьнежня на сваёй прэсавай канфэрэнцыі Аляксандар Лукашэнка казаў пра тое, што Беларусь атрымлівае ад транзыту расейскіх энэрганосьбітаў нашмат меней, чым любая іншая эўрапейская краіна. Менавіта гэтае выказваньне, на думку экспэртаў, і стала падставай для патрабаваньня павысіць цэны на транзыт па беларускай тэрыторыі.

Супраць гэтага аргумэнту беларускага кіраўніка палітоляг Андрэй Суздальцаў называе контраргумэнты:

«Але ж ніводная краіна ў Эўропе і нават у сьвеце, акрамя Беларусі, не атрымлівае такі танны газ, калі на тое пайшло. І ніводная краіна, акрамя Беларусі, не дапушчаная да расейскай нафты па расейскіх унутраных цэнах».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG