Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баранавіцкія ўлады не рэгіструюць аб’яднаньне ўкраінцаў


Баранавіцкі гарвыканкам

Баранавіцкі гарвыканкам

Улады адмаўляюцца рэгістраваць баранавіцкае грамадзкае аб’яднаньне ўкраінцаў «Кабзар», спасылаючыся на тое, што яно ня мае юрыдычнага адрасу.

Атрымаць такі адрас немагчыма, ня маючы памяшканьня. А атрымаць памяшканьне нельга без дазволу тых жа чыноўнікаў.

Кіраўнік аб’яданьня Мікола Чарнавус 9 студзеня быў дапытаны міліцыяй у зьвязку з тым, што абвясьціў у СМІ пра падачу заяўкі на пікет «Чыноўнікі супраць сяброўства між народамі».

На пікеце, прызначаным на 25 студзеня, актывісты аб’яднаньня «Кабзар» хацелі выказаць пратэст супраць таго, што чыноўнікі не спрыяюць ім у атрыманьні памяшканьня для юрыдычнага адрасу.

Міліцыянты палічылі, што Мікола Чарнавус, паведаміўшы ў прэсе пра пададзеную заяўку, тым самым заклікае на акцыю. Цікавіла іх таксама, чаму спадар Чарнавус называе сябе старшынёй грамадзкай арганізацыі «Кабзар»:

Мікола Чарнавус

Мікола Чарнавус

«Быў устаноўчы сход, выбралі старшынёй, я як ад імя старшыні падаю заяўкі — маўляў, калі ласка, выдзеліце для грамадзкага аб’яднаньня „Кабзар“ памяшканьне. Пішу — старшыня грамадзкага аб’яднаньня „Кабзар“ Чарнавус. Усё, маўляў, я займаюся самаўпраўствам. „Шыюць“ мне адміністрацыйную справу...» — распавядае Мікола Чарнавус.

Ён кажа, што ўкраінцы Баранавічаў ужо тройчы накіроўвалі ўладам заявы з просьбай пра памяшканьне для юрыдычнага адрасу. Спачатку памяшканьне нават далі, але потым адабралі, не дазволіўшы рэгістрацыі.

Мікола Чарнавус кажа, што ва Ўкраіне для беларускіх грамадзкіх аб’яднаньняў такіх праблемаў няма:

«Беларусаў вітаюць там, памяшканьне наймаюць 100 квадратных мэтраў за 1 грыўню. Адна грыўня — гэта праезд у грамадзкім транспарце».

Тым часам баранавіцкі гарвыканкам адказаў Чарнавусу, што ён можа зьвярнуцца на аўкцыён і здабыць памяшканьне для аб’яднаньня за 10 мільёнаў рублёў.

Перад стварэньнем аргкамітэту грамадзкага аб’яднаньня Мікола Чарнавус наведаў Севастопаль, правёў перамовы з тамтэйшымі ўладамі, грамадзкімі арганізацыямі, і яны паабяцалі спрыяць аб’яднаньню ўкраінцаў у Баранавічах. Мікола Чарнавус кажа, што ўкраінскі бок прапануе пуцёўкі дзецям з Баранавічаў у летнік «Артэк», дапаможа літаратурай на ўкраінскай мове і нават гатовы праспрыяць усталяваньню помніка Тарасу Шаўчэнку ў Баранавічах.

Рыгор Грык

Рыгор Грык

Другі баранавіцкі ўкраінец, Рыгор Грык, кажа, што не разумее, чаму ўлады супрацьстаяць рэгістрацыі аб’яднаньня:

«Ва Ўкраіне вельмі багата беларускай дыяспары, а ў Беларусі не дазваляюць. Мы ж паважаем культуру, традыцыі беларускага народу, размаўляем на беларускай мове. Тут няма нічога страшнага, ніякай палітыкі. Але я ня ведаю, чаму ўлада так баіцца і не дазваляе, каб у Баранавічах была суполка ўкраінцаў, якая называецца «Кабзар».

Даведка «Свабоды»

Паводле перапісу 2009 году ў Баранавічах, насельніцтва якіх складае каля 170 тысяч чалавек, украінцамі сябе вызнаюць больш за 2,5 тысячы чалавек (1,6% насельніцтва гораду).
XS
SM
MD
LG