Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура адмовілася спыніць крымінальную справу Сяргея Каваленкі


Сяргей Каваленка

Сяргей Каваленка

Афіцыйную адмову з пракуратуры Першамайскага раёну атрымаў адвакат віцебскага актывіста.

Сябар КХП БНФ Сяргей Каваленка знаходзіцца пад арыштам у сьледчым ізалятары, дзе ўжо 23-я суткі галадуе на знак пратэсту супраць крымінальнага абвінавачаньня.

Жонка актывіста Алена і маці Лідзія Каваленка 10 студзеня зьвярнуліся ў Віцебскую абласную пракуратуру з просьбай вызваліць зьняволенага, каб ён мог атрымаць мэдычную дапамогу ў шпіталі. Паводле зьвестак адваката Пятра Каваленкі (у іх з падабаронным аднолькавыя прозьвішчы), Сяргея некалькі дзён таму перавялі ў адзіночную камэру, ён дужа схуднеў, яму робяць іньекцыі глюкозы, каб падтрымаць арганізм.

«Я атрымала ад Сяргея першы ліст зь СІЗА, датаваны 1-м студзеня. Ён піша, што ў яго ўсё добра. Але я разумею, што ліст зь іншым зьместам турэмная цэнзура проста не прапусьціць», — кажа Алена Каваленка.

Жонка Сяргея Каваленкі напісала яшчэ адну заяву ў сьледчы камітэт, каб ёй дазволілі спатканьне з мужам. Гэта ўжо другая заява: задаволіць першую, напісаную яшчэ 3 студзеня, сьледчы Сяргей Волкаў адмовіўся.

Сяргея Каваленку зьмясьцілі ў СІЗА тры тыдні таму на час сьледзтва па распачатай супраць яго крымінальнай справе. Яго вінавацяць паводле артыкула 415 «Ухіленьне ад адбываньня пакараньня» за парушэньні рэжыму падчас «хатняй хіміі», прысуджанай актывісту ў 2010 годзе за тое, што 7-га студзеня ён вывесіў на гарадзкой навагодняй ёлцы бел-чырвона-белы сьцяг. Паводле гэтага артыкула актывісту пагражае да трох гадоў турэмнага зьняволеньня.

12 студзеня ў 10.30 у Першамайскім райсудзе Віцебску прызначаны працяг разбору па адміністрацыйнай справе супраць Сяргея Каваленкі.

Актывіст ужо на працягу чатырох пасяджэньняў спрабуе абвергнуць абвінавачаньне ў нецэнзурнай лаянцы на адрас супрацоўнікаў інспэкцыі па выкананьні пакараньняў. Калі яго прызнаюць вінаватым, гэта можа стаць яшчэ адным аргумэнтам супраць актывіста ў ягонай крымінальнай справе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG