Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хакейны чэмпіянат сьвету ў Менску можна зрабіць «непаўнавартасным»


Прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэль фактычна паставіў кропку ў дыскусіях аб магчымасьці пераносу матчаў хакейнага чэмпіянату сьвету 2014 году зь Беларусі ў нейкую іншую краіну.

Паводле спартовага чыноўніка, такая верагоднасьць абмяркоўвалася, аднак Кангрэс палічыў такі крок нямэтазгодным. Заклікі пазбавіць Менск права прымаць падзею такога маштабу пачалі гучаць адразу пасьля жорсткага разгону акцыі апазыцыі ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году. У працяг — Ігар Карней.

Адказваючы на пытаньні журналістаў у канадзкім Калгары, Рэнэ Фазэль пацьвердзіў намер праводзіць усясьветнае першынства 2014 году ў Беларусі. Спадар Фазэль таксама ўдакладніў, што гэтае пытаньне абмяркоўвалася на пасяджэньні Рады і на Кангрэсе Міжнароднай фэдэрацыі хакею. Па яго словах, калегіяльна вырашана: няма падставаў ставіць пад сумнеў мэтазгоднасьць правядзеньне турніру ў Беларусі: «Мы ўбаку ад палітычных дыскусій», — рэзюмаваў Рэнэ Фазэль.

І ўсё ж, ці застаецца хоць тэарэтычная верагоднасьць пераносу чэмпіянату зь Менску ў іншае месца? Хакейны аглядальнік спартовай газэты «Прессбол» Вячаслаў Федарэнкаў перакананы, што «зламаць» Міжнародную фэдэрацыю хакею практычна немагчыма:

«Аніякай. Таму што любая арганізацыя, тым больш, спартовая, кіруецца нават не тымі меркамі, што спорт па-за палітыкай, а крыху іншымі. У прыватнасьці, яны вельмі ня любяць, калі ў іх справы нехта ўмешваецца звонку. Тым больш, палітыкі.
нічога з гэтага ня будзе...

Тут проста пытаньне прэстыжу: маўляў, намі ніхто не кіруе, мы кіруем самі сабой. Таму, зразумела, што ні ў Фазэля асабіста, ні ў выканкама, ні ў кангрэсу Міжнарожднай фэдэрацыі хакею ні пытаньняў, ні крыўды ні да кога няма ў Беларусі. Толькі падзякі. І калі ўпершыню былі агучаныя такія ініцыятывы, пайшлі такая кампанія, я ўжо тады казаў: нічога з гэтага ня будзе».

У студзені 2011 году, неўзабаве пасьля жорсткага разгону ўдзельнікаў акцыі на плошчы Незалежнасьці ў Менску, Эўрапарлямэнт заклікаў МФХ замарозіць правядзеньне ўсясьветнага першынства ў Беларусі. Прэзыдэнт Эўрапарлямэнту Ежы Бузэк пайшоў яшчэ далей, прапанаваўшы на пэрыяд кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі ўвогуле забараніць беларускім спартоўцам удзельнічаць ў спаборніцтвах такога рангу як чэмпіянаты Эўропы і сьвету, а таксама Алімпійскія гульні. Прадстаўнікі спартовай грамадзкасьці Беларусі прапанову ўспрынялі як прысуд усяму беларускаму спорту. Гаворыць прэзэр чэмпіянатаў сьвету і Алімпіядаў, фрыстайліст Дзьмітрый Дашчынскі:

«Гэта трызьненьне нейкае, маразм. Мы чыста фізычна ня зможам унутры сябе
не працягне наш спорт у ізаляцыі, калі такое насамрэч пачало б дзейнічаць ...

варыцца, бо ў нас не такая вялікая краіна, каб можна было ў сваім чэмпіянаце вялікую канкурэнцыю стварыць, ня кажучы ўжо пра нейкую асобную каманду. Нават калі гаворка пра тое, што гэта зойме толькі абмежаваны час. Думаю, што пры такім раскладзе ўсё адразу ж і загнецца, не працягне наш спорт у ізаляцыі, калі такое насамрэч пачало б дзейнічаць. Нават у рамках мінімальных абмежаваньняў. Я калі ўпершыню такое пачуў, падумаў, што гэта проста на ўзроўні чутак распаўсюджваецца, не дамовіліся пра ўмовы правядзеньня таго ж хакейнага чэмпіянату, але потым стала не па сабе, як гэта пачалі актыўна абмяркоўваць».

Цягам 2011 году неаднаразова чуліся заклікі пра адмену хакейнага першынства ў Беларусі і перадачы гэтага права іншым краінам-арганізатарам. Такую ініцыятыву падтрымаў Сэнат ЗША, асобныя заходнія палітыкі, дзеячы культуры і мастацтва, выбітныя спартоўцы — у ліку апошніх славацкі хакеіст Петэр Шцясны і літоўскі баскетбаліст Шарунас Марчулёніс.

На пачатку студзеня 2012-га прэзыдэнт ЗША Барак Абама падпісаў «Акт аб дэмакратыі і правах чалавека ў дачыненьні да Беларусі». Закон прадугледжвае ўвядзеньне новых санкцыяў супраць кіраўніцтва Беларусі, сярод іншага ёсьць і зварот да Міжнароднай фэдэрацыі хакею з заклікам пазбавіць Беларусь права правядзеньня ўсясьветнага першынства-2014.

У Беларускай фэдэрацыі хакею кажуць, што з боку МФХ да Беларусі ніколі не было ніякіх прэтэнзіяў, а пасьля публічных заяваў Рэнэ Фазэля ўсялякія пытаньні здымаюцца ўвогуле. Між тым, як кажа хакейны аглядальнік Вячаслаў Федарэнкаў, калі чэмпіянат і адбудзецца, то няма ніякіх гарантый, што ён насамрэч будзе паўнавартасны:

«Іншая справа, што сапраўды ёсьць такі мэтады, каб і правесьці, але адначасна і дыскрэдытаваць чэмпіянат сьвету ў Менску. Калі гісторыю хакею крыху ведаеце, то, мабыць, памятаеце: як былі праблемы з канадзкімі прафэсіяналамі, дык на чэмпіянаты сьвету прыяжджалі практычна студэнцкія зборныя з 20-гадовымі гульцамі. А тым больш алімпійскі год: скажуць, усе „зоркі“ стаміліся і ня могуць прыехаць. Таксама своеасаблівы байкот. Іншая справа, што ў тых жа канадцаў любая студэнцкая зборная вартая беларускай, ці латыскай, ці якой іншай зборнай з нашай ці іншай групы... Але ўсё будзе зразумела бліжэй да саміх спаборніцтваў, часу яшчэ хапае».

Ідэя закліку да байкоту чэмпіянату сьвету-2014 вядучымі хакейнымі дзяржавамі існуе паралельна з прапановай пераносу першынства ў іншую краіну. Ініцыятары мяркуюць прыняць зварот да ўдзельнікаў чэмпіянату сьвету ня ехаць у краіну, дзе парушаюцца элементарныя правы грамадзянаў і ёсьць палітвязьні.
XS
SM
MD
LG