Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На мінулым тыдні ў Беларусі пачалі дзейнічаць новыя заканадаўчыя нормы, якія абмяжоўваюць доступ да некаторых сайтаў, у тым ліку апазыцыйных.

Сёньня рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды» высьвятлялі: што зьмянілася пасьля таго, як пачалі дзейнічаць гэтыя абмежавальныя захады. Ці заўважылі іх інтэрнэт-карыстальнікі? Як адрэагавалі?

ГОМЕЛЬШЧЫНА

Было свабоды мала, а стала яшчэ меней

У шэрагу арганізацый і ўстановаў забаранілі наведваць ня толькі апазыцыйныя сайты, такія, як «Хартыя-97», «Беларускі партызан», але й сайты сацыяльных сетах. Да прыкладу — «УКантакце», «Аднаклясьнікі».

Студэнт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту транспарту паведаміў, што ім дазваляецца «хадзіць» толькі на тыя сайты, дзе ёсьць навучальны матэрыял:

«Нельга заходзіць на сайты — толькі па вучэбнай праграме. Магчымасьць ёсьць, але не дазваляецца».

Пра абмежаваньні ведаюць і кіраўнікі гарадзкіх інтэрнэт-кавярняў. Аднак нейкіх рэальных крокаў, каб рэалізаваць забарону, тут пакуль ня робяць.

«Пакуль у нас няма абмежаваньняў...»

Апавядае спадар Уладзімер, чыя інтэрнэт-кавярня месьціцца ў цэнтры гораду:

«Пакуль у нас няма абмежаваньняў, бо мы ня ведаем і не валодаем поўным аб’ёмам інфармацыі — што менавіта трапляе ў гэты забаронны сьпіс. Наколькі я ведаю, я цікавіўся — такога сьпісу у горадзе ні ў кога няма. Як толькі атрымаем, будзем зьвяртацца ў „Белтэлекам“ дзеля таго, каб паводле дзейнага заканадаўства абмежаваць наведваньне».

Кіраўнік інтэрнэт-кавярні апавёў, што ў іх і без таго вядзецца маніторынг залі. І калі нехта заходзіць, напрыклад, на парнаграфічны сайт, адміністратар спыняе карыстаньне інтэрнэтам.

Што да апазыцыйных сайтаў, то, паводле суразмоўцы, на іх мала хто ходзіць:

«У нас невялікая колькасьць наведнікаў такіх сайтаў. У асноўным народ заходзіць у „Аднаклясьнікі“ — сядзіць у сацыяльных сетках. Ёсьць, вядома, катэгорыя людзей, якія цікавяцца апазыцыйнымі сайтамі. Прасьцей цяпер паглядзець у інтэрнэце якую-кольвечы інфармацыю, чым знайсьці яе ў друкаваных СМІ. Таму й карыстаюцца інтэрнэтам».

«Чыноўнікаў трэба адваджваць ад парнаграфіі, ад экстрэмізму. Але навошта абмяжоўваць свабоду слова?»

Заснавальнік грамадзка-палітычнага сайту «Сильные новости», рэгіянальны кіраўнік руху «За свабоду» Пятро Кузьняцоў лічыць, што абмежаваньне доступу да экстрэмісцкіх, парнаграфічных сайтаў мусіць быць. Аднак у гэтую катэгорыю не павінны трапляць апазыцыйныя сайты:

Чыноўнікаў трэба адваджваць ад парнаграфіі, ад экстрэмізму, ад „Аднаклясьнікаў“ ...

«Сам факт наяўнасьці такога сьпісу — гэта добра. Чыноўнікаў трэба адваджваць ад парнаграфіі, ад экстрэмізму, ад „Аднаклясьнікаў“. У любым цывілізаваным грамадзтве на працы трэба займацца працай. Лепш было б, вядома, скараціць колькасьць саміх чыноўнікаў. Але ўлада пакуль скарачае толькі колькасьць сайтаў, на якія чыноўнікі могуць хадзіць. Ёсьць праблема іншага кшталту. І гэта вельмі дрэнна — у тым сьпісе знаходзяцца палітычныя сайты. Іх там не павінна быць. „Хартыя’97“ і „Беларускі партызан“ не павінны быць побач з парнаграфіяй і экстрэмізмам. Гэта дрэнна. Гэта факт дыскрымінацыі, абмежаваньня свабоды слова й распаўсюджваньня інфармацыі».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА

«Усё даўно пад кантролем...»

На Гарадзеншчыне ў значнай частцы дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстановаў непажаданыя сайты фільтравалі задоўга да зьяўленьня ўказу № 60.

Праграміст з Ваўкавыску Мікалай распавядае, што многія ўстановы і прадпрыемствы гораду атрымалі яшчэ месяц таму афіцыйныя лісты з «Белтэлекаму» пра тое, што на іхніх кампутарах павінны быць усталяваныя так званыя шлюзы.

Спадар: «Гэтыя шлюзы абмяжоўваюць доступ да сайтаў. „Белтэлекам“ дасылае паперу, у якой гаворыцца, якія лічбы ў кампутары трэба паставіць, і яны абмяжуюць доступ да пазначанага сайту. Калі іх зьмяніць, то можна ізноў свабодна хадзіць па сайтах».

Суразмоўца зьвяртае ўвагу на тое, што апошнім часам інтэрнэт у Беларусі знаходзіцца пад больш адчувальным кантролем з боку спэцслужбаў.

«Раней спэцслужбы ня мелі адпаведнага абсталяваньня для кантролю. Цяпер яно ў іх ёсьць»

Спадар: «Апошнія гады тры заўважна, што ў спэцслужбаў зьявіліся спэцыялісты. Хоць, можа, ня столькі спэцыялісты, колькі сучаснае абсталяваньне. Да прыкладу, падчас выбараў, за дзень да выбараў яны адключаюць некаторыя рэсурсы з інфармацыяй. Раней яны гэтага рабіць не маглі, бо патрэбна спэцыяльнае абсталяваньне. Цяпер яно ў іх ёсьць».

Яшчэ адно сьведчаньне таго, што інтэрнэт у Беларусі пад кантролем, — нядаўні ператрус у падлеткаў зь Бярозаўкі Лідзкага раёну. Распавядае мясцовы актывіст Сяргей Трафімчык.

«Перад Новым годам прыехалі зь ператрусам да двух хлопцаў, забралі кампутары і правялі вобшук. Хлопцы маладыя, старшаклясьнікі. Спэцслужбы вылічылі іх, што яны заходзілі на анархісцкія сайты».

«Фільтрацыя дасягнула і школы»

Сёньня я зьвярнуўся ў школу № 2, што ў Слоніме, з пытаньнем: як у іх выконваецца ўказ № 60? Дырэктарка Галіна Амяльковіч адказала мне, што інтэрнэт у іхнай школе кантралюецца ўжо гады два.

Амельковіч: «Фільтрацыі сайтаў мы не праводзілі, але інжынэр-праграміст і апэратар ЭВМ пастаянна знаходзяцца ў кабінэце, дзе кампутары з інтэрнэтам, і сочаць за тым, каб вучні альбо настаўнікі, якія працуюць з інтэрнэтам, уваходзілі толькі на тыя сайты, якія ім патрэбныя дзеля працы, а не на нейкія порна-сайты і іншыя».

МАГІЛЁЎШЧЫНА

У інтэрнэт-кавярнях разважаць на тэму абмежаваньня доступу наведнікаў да апазыцыйных інтэрнэт-рэсурсаў ня надта ахвочыя. Уладальнікі кампутарных клюбаў пакуль маюць толькі прыблізнае ўяўленьне, як будзе дзейнічаць мэханізм фільтрацыі. Гутару з уладальнікам такой установы:

«Верагодна — гэта «Белтэлекам» будзе абмяжоўваць, а ня мы. Мы выкарыстоўваем канал «Белтэлекаму».

Карэспандэнт: «Але пакуль канкрэтных спробаў абмежаваць выхад на сайты няма?»

Уладальнік клюбу: «Няма. Ну, у нас візуальна ўсё гэта кантралюецца. Калі нехта вырашыў паглядзець сайт парнаграфічнага зьместу, то гэтага не дапускаецца».

Карэспандэнт: «А што да апазыцыйных сайтаў, напрыклад, «Хартыя» ці «Беларускі партызан» — за гэтым ці ажыцьцяўляецца кантроль?

Уладальнік клюбу: «Заўважана не было, каб імі карысталіся».

У некаторых дзяржаўных установах заблякавалі сацыяльныя сеткі й некаторыя іншыя сайты

Знаўца інтэрнэт-тэхналёгіяў спадар Аляксандар заяўляе, што пакуль у Магілёве панікі адносна абмежаваньняў доступу да апазыцыйных і іншых сайтаў няма. Тым ня менш ён адзначае:

«У некаторых дзяржаўных установах заблякавалі сацыяльныя сеткі, заблякавалі й некаторыя сайты. У клюбах і кавярнях, у якіх я бываю, усё працуе. Проста ўладальнікі гэтых устаноў будуць несьці адказнасьць за дзеяньні карыстальнікаў».

Мае суразмоўцы мяркуюць, што хваля пакараньняў за доступ да забароненых сайтаў пойдзе падчас палітычных кампаніяў і масавых акцыяў пратэсту. Вядома, што пакуль абмежаваньні ўведзеныя толькі ва ўстановах адукацыі. Настаўнікі сьцьвярджаюць, што папярэджаньняў пакуль не было.

Пра чарговыя захады ўлады, каб абмежаваць доступ да інтэрнэт-рэсурсаў, ведаюць наведнікі калектыўных пунктаў карыстаньня інтэрнэтам. Вось адно зь меркаваньняў:

Спадар: «Пакуль рукі мне ніхто не завязваў, як прыватная асоба я магу выходзіць куды хачу, аднак такія навіны мяне ня радуюць. Гэта абмежаваньне канстытуцыйнага права, свабоды слова й доступу да інфармацыі. Гэта патыхае 37-м годам».

Некаторыя з магілёўцаў ужо сутыкаліся з абмежаваньнямі. Іх рэакцыя нэгатыўная. Як у гэтага спадара:

«Як толькі пачаліся падзеі, зьвязаныя з „Рэвалюцыяй праз сацыяльныя сеткі“, то ў апэратара „Life“ было напісана: згодна з такім і такім пунктам заканадаўства доступ забаронены на патрэбны мне сайт. Я тады на гэта ўсьміхнуўся й паведамленьне разьмясьціў на Facebook. Сябры пасьмяяліся. Калі ў нас напісана ў Канстытуцыі, што Рэспубліка Беларусь — дэмакратычная дзяржава, то трэба неяк захоўваць канстытуцыйную незалежнасьць чалавека».
XS
SM
MD
LG