Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі пракурор спрабаваў застрэліцца падчас прэс-канфэрэнцыі


Польскі вайсковы пракурор Мікалай Пшыбыл спрабаваў накласьці на сябе рукі падчас перапынку ў прэс-канфэрэнцыі ў Познані.

У сваёй заяве, адчытанай для журналістаў на пачатку прэс-канфэрэнцыі, Пшыбыл, намесьнік кіраўніка вайсковай пракуратуры ў Познані, бараніў сябе і сваіх калегаў ад абвінавачаньняў СМІ ў парушэньні закону пры атрыманьні некаторых тэлефонных зьвестак вайсковымі сьледчымі, якія займаліся расьсьледаваньнем авіякатастрофы пад Смаленскам у красавіку 2010 году.

Раней у польскай прэсе зьявілася інфармацыя, што познанскія вайсковыя пракуроры хацелі атрымаць незаконным чынам сьпіс тэлефонных размоваў журналістаў, якія пісалі пра сьледзтва ў справе смаленскай авіякатастрофы.

Сярод іншага, Пшыбыл сказаў:

«Шаноўнае спадарства, вы зьяўляецеся журналістамі Польскай Рэчы Паспалітай. На маю думку, вы паддаліся маніпуляцыі. Вайсковая пракуратура, а ў прыватнасьці вайсковая пракуратура ў Познані, у дадзены момант вядзе надзвычай сур’ёзныя расьсьледаваньні, якія датычаць эканамічных злачынстваў на шкоду ўзброеных сілаў Польшчы. (...) Я катэгарычна пратэстую супраць арганізаванай нэгатыўнай мэдыя-кампаніі, у якой гучаць непраўдзівыя абвінавачаньні на адрас вайсковай пракуратуры. (...) Мы нікога не падслухоўвалі. Мы не парушалі закону. Мы імкнуліся высьветліць праўду ў рамках існуючага заканадаўства».

Пасьля адчытаньня заявы Пшыбыл папрасіў журналістаў пакінуць памяшканьне, каб падрыхтавацца да адказу на пытаньні. Калі журналісты выйшлі зь ягонага офісу, ён зачыніў дзьверы. Потым прагучаў стрэл.

Пшыбыла з чэрапнай траўмай даставілі ў шпіталь. Паводле польскіх СМІ, ягонаму жыцьцю не пагражае небясьпека.

10 красавіка 2010 году пад Смаленскам разьбіўся польскі ўрадавы самалёт Ту-154. У катастрофе загінуў прэзыдэнт Польшчы Лех Качынскі з жонкай і каля 100 чалавек урадавай дэлегацыі, якая ляцела на ўрачыстасьць ушанаваньня расстраляных савецкімі карнымі органамі польскіх афіцэраў у Катыні. Сьледзтва ў справе гэтай катастрофы выклікае вялікія эмоцыі ў польскай палітыцы і польскіх СМІ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG