Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сытуацыя на «Граніце»: 75 чалавек адклікалі заявы аб выхадзе з ФПБ


На дзяржаўным прадпрыемстве па вытворчасьці будаўнічага шчэбеню «Граніт» у Мікашэвічах Лунінецкага раёну доўжыцца канфлікт адміністрацыі з навастворанай суполкай Беларускага незалежнага прафсаюзу гарнякоў.

Заявы на звальненьне ўжо напісалі некаторыя чыноўнікі, у тым ліку намесьнік генэральнага дырэктара па кадравай працы, начальнік аддзелу працы й заробкаў, старшыня прафсаюзнага камітэту.

Раней «Свабода» паведаміла, што старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Канстанцін Сумар запатрабаваў адстаўкі генэральнага дырэктара «Граніту» Сьцяпана Тураўца.

Працаўнікі прадпрыемства «Граніт» паведамляюць, што пасьля візыту Канстанціна Сумара не ўтрымаўся на сваёй пасадзе намесьнік генэральнага дырэктара Анатоль Кустрэй:
Старшыня аблвыканкаму яму сказаў: што, маўляў, правалілі працу зь людзьмі?

«Адбылася размова паміж губэрнатарам і намесьнікам генэральнага дырэктара. Па словах работнікаў, якія там прысутнічалі, старшыня аблвыканкаму яму сказаў: што, маўляў, правалілі працу зь людзьмі? Сказаў, а намесьнік генэральнага дырэктара адказаў, што, маўляў, ай, тут мне два месяцы да пэнсіі засталося. А губэрнатар яму сказаў: навошта чакаць два месяцы. Маўляў, пішыце заяву і ідзіце адпачывайце…»

Пасьля гэтага, кажа супрацоўнік «Граніту», Анатоль Кустрэй напісаў заяву і зьняў шыльду са свайго кабінэту. Ужо ў панядзелак, па словах суразмоўцы, Анатоля Кустрэя на працы не было. Як не было і генэральнага дырэктара Сьцяпана Тураўца, які накіраваны пакуль у адпачынак на два месяцы.

Прадстаўнікі навастворанай суполкі незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве кажуць, што менавіта Анатоль Кустрэй кіраваў запалохваньнем сябраў прафсаюзу. Зь ягонай падачы начальнікі структурных падразьдзяленьняў выклікалі рабочых на так званыя «прафіляктычныя гутаркі»:

«Менавіта ён быў ініцыятарам здушэньня незалежнага прафсаюзу гадоў 10–15 таму. Ну, і цяпер тое самае. Праца яго заключалася ў тым, каб арганізаваць прэсінг. Асабіста са мной ён таксама гутарыў паўтары гадзіны… Гутаркі такія былі ў індывідуальным парадку. І каманда была — праводзіць індывідуальныя гутаркі. Пад імі, натуральна, маецца на ўвазе псыхалягічны ціск…»
75 чалавек пад ціскам адклікалі свае заявы аб выхадзе з прафсаюзу ФПБ.

З-за гэтага ціску з боку ідэоляга многія працоўныя адклікалі свае заявы аб выхадзе з афіцыйнага прафсаюзу. Як паведаміў незалежны прафсаюзны актывіст, цяпер з двухсот двух чалавек, што былі пакінулі прафсаюз ФПБ, ня плацяць складкі ў гэты афіцыйны прафсаюз 127 чалавек. 75 чалавек пад ціскам адклікалі свае заявы аб выхадзе з прафсаюзу ФПБ.

Тым ня меней, кажа актывіст, многія працаўнікі будуць адразу ў двух прафсаюзах. Ён кажа, што лічба прыхільнікаў незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве значна вышэйшая, чым 127 чалавек.

Тым часам кіраўніцтва Беларускага незалежнага прафсаюзу працягвае дамагацца юрыдычнага адрасу для суполкі ў Мікашэвічах.

Кіраўнік прафсаюзу Мікалай Зімін з Салігорску кажа, што на выпадак, калі адрасу не дадуць, разглядаюцца і іншыя варыянты:

«Тут можа быць яшчэ варыянт іншы — шукаць юрадрас у іншага ўласьніка. А другі выхад — гэта зьвяртацца ў суды і ў пракуратуру аб невыкананьні раўнапраўя прафсаюзнай прыналежнасьці. То бок павінен быць нейкі матываваны адказ пра тое, чаму ня дадзены юрыдычны адрас».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG