Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмітра Бандарэнку не выпускаюць


Зьміцер Бандарэнка
Зьміцер Бандарэнка

Каардынатару грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Зьмітру Бандарэнку ізноў адмоўлена ва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні.

Пра гэта БелаПАН паведаміла жонка зьняволенага палітыка Вольга Бандарэнка.

Першы раз пытаньне пра магчымае зьмякчэньне пакараньня Зьмітру Бандарэнку абмяркоўваўся камісіяй па ўмоўна-датэрміновым вызваленьні і замене рэжыму пакараньня ў верасьні мінулага году. 20 жніўня прайшла траціна тэрміну зьняволеньня палітыка, і згодна з законам ён меў права на зьмякчэньне пакараньня. Аднак Бандарэнку ў гэтым адмовілі.

Пра чарговую адмову ва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні зьняволены палітык паведаміў жонцы 8 студзеня падчас тэлефоннай размовы з Магілёўскай калёніі. 4 студзеня ў калёніі адбылося пасяджэньне камісіі па ўмоўна-датэрміновым вызваленьні. Нягледзячы на дрэнны стан здароўя, Зьмітру ў вызваленьні было адмоўлена з фармулёўкай «Да зьмены ступені атэстацыі», распавяла Вольга.

Паводле яе слоў, у Бандарэнкі доўгі час трымаецца падвышаны ціск, моцна баліць сьпіна, запалілася кіла шыйна-груднога аддзелу. Яна не выключае, што мужу спатрэбіцца новая апэрацыя.

Зьміцер Бандарэнка — давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі на выбарах 2010 году Андрэя Саньнікава, быў асуджаны на два гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Пакараньне палітык адбывае ў папраўчай калёніі № 15 Магілёва. Адразу пасьля арышту ў Бандарэнкі абвастрыліся хранічныя захворваньні, і ў ліпені яму зрабілі апэрацыю на хрыбетніку ў 5-й клінічнай бальніцы Менску.

На прэс-канфэрэнцыі 23 сьнежня Аляксандар Лукашэнка, адказваючы на пытаньне, ці мае намер ён падпісаць указы аб памілаваньні Андрэя Саньнікава, Мікалая Статкевіча і Зьмітра Бандарэнкі, заявіў: «Памілую чалавека і магу памілаваць таго, хто да мяне зьвярнуўся па памілаваньне. Ня зьвернуцца — будуць сядзець у турме».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG