Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ходзім, ходзім грамадой — усіх вітаем з Калядой!»


гурт «Рэчанька»

гурт «Рэчанька»

«Каляда, калядзіца, добрая маладзіца!» — сьпеўны фэст народнай каляднай песьні пад такой назвай прайшоў 7 студзеня ў Гомелі.

Фэст арганізавалі Веткаўскі раённы аддзел культуры, Веткаўскі музэй народнай творчасьці, фальклёрныя гурты «Стаўбунскія вячоркі», «Рэчанька» і гомельская суполка «Талака».

Апоўдні гарадзкі парк над Сожам, дзе месьціцца філіял Веткаўскага музэю, абудзілі калядныя сьпевы. Гурт «Рэчанька» зь вёскі Старое Сяло Веткаўскага раёну з каляднай зоркай на шастку, з Дзедам Марозам, Казой, Мядзьведзем ды іншымі сьвяточнымі пэрсанажамі пяе на ганку музэя: «Гэй, гэй, Каляда, Калядзіца!»

Кіраўніца гурту «Рэчанька» Антаніна Болбасава кажа, што гурт прывёз у Гомель «Каляду-Шчадроўніцу» з трыма старасельскімі песьнямі, жаночай, мужчынскай і агульнай, якая называецца «Яначка».


Удзельніца гурту выхавацелька вясковага дзіцячага садка Марыя Ганькіна апавядае:

«Мы прыехалі сюды, каб парадаваць людзей нашым абрадам калядным. Сама я выконваю ролю Казы».



У славянскай мiфалёгіі каза заўсёды была важнай, бо лічылася дачкой Бога Перуна. Нездарма калядоўшчыкі прымаўляюць: «Дзе Каза рогам, там жыта стогам, дзе Каза стапою, там жыта капою». Каза і ў старасельскіх калядоўшчыкаў галоўная, яе трэба задобрыць, каб не бадалася, ушанаваць, каб жыта радзіла.
Вяселяць прысутных таксама Мядзьведзь, Конь, жывёлы, сіла якіх спрыяе чалавеку.

Вядоўцы запрашаюць гараджанаў пачаставацца каляднаю куцьцёю:
«На Палесьсі, на Гомельшчыне, асаблівасьці ёсьць. Разам з куцьцёй Мароза клікалі: «Мароз, Мароз, хадзі куцьцю есьці. А ўлетку не бывай, не марозь жыта, пшаніцу ды ўсё, што нам трэба пасеяць».

Кабеты зь вёскі Стаўбун Веткаўскага выконваюць свае песьні, якія захаваліся ў калядных абрадах.

Сьвятлана Парашчанка, кіраўніца фальклёрна-этнаграфічнага гурту «Стаўбунскія вячоркі» паведаміла, што калектыву спаўняецца сёлета 30 гадоў. У вёсцы й зараз жыве народная традыцыя калядаваньня:

«Калядоўшчыкі ў нас з 13 на 14 студзеня ўвечары ходзяць па дварах. Дзеці ходзяць, дарослыя ходзяць і мы з калектывам ходзім. Гэта яшчэ ў нас ёсьць. Мы сьпяваем «Шчодры вечар добрым людзям», «Го-го, Каза», «Ходзім, ходзім грамадой — усіх вітаем з Калядой».



Свой абрад калядаваньня паказваюць гараджанам, якіх багата сабралася ў парку, і маладыя ўдзельнікі «Талакі». А яшчэ танчаць пад дуду «Ойру», «Падэспань». У пляс разам з талакоўцамі пускаюцца дзеці, дарослыя і нават курсанты ўнівэрсытэту транспарту.

Супрацоўнік Веткаўскага музэю Пятро Цалка выконвае функцыю рэжысэра каляднага сьвята:

«Захацелася прывезьці ў горад сапраўдную беларускую культуру, прывезьці тое, што горад, можа, ня чуў і ня бачыў. І каб мінакі пабачылі й пачулі гэта ў такі сьвяточны дзень».

XS
SM
MD
LG