Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Глыбокага прапануюць правесьці «народны сход»


Глыбоцкі райвыканкам

Глыбоцкі райвыканкам

У адказ на прапанову перайменаваць вуліцы Леніна і Маскоўскую старшыня райвыканкаму напісаў, што для гэтага трэба правесьці мясцовы сход ці рэфэрэндум.

Аўтар звароту да ўладаў, сябар аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Зьміцер Лупач, атрыманы з райвыканкаму допіс камэнтуе так:

«Прыйшоў ліст за подпісам старшыні райвыканкаму Алега Морхата, дзе напісана, што па пытаньнях перайменавання вуліц трэба звяртацца ў райсавет, а не ў выканкам. Па-першае, калі ў нас працуе прынцып „адзінага вакна“, дык прадстаўнікі вэртыкалі маглі б самі яго і перанакіраваць, куды трэба. Па-другое, у адказе напісана, што, паводле закону „Аб назвах геаграфічных аб’ектаў“, такія пытаньні вырашаюцца на мясцовых сходах ці рэфэрэндумах. Што ж! Мы сабралі подпісы глыбачанаў, можам правесьці і такі мясцовы народны сход!»

Зьміцер Лупач і тыя, хто падпісаўся пад калектыўным лістом, прапаноўвалі
перайменаваць вуліцы з «савецкімі назовамі». У прыватнасьці, вуліцу Леніна было
прапанавана назваць так, як яна называлася раней: адна частка была вуліцай Замкавай, дугая — Віленскай. Таксама былі выказаны прапановы перайменаваць вуліцы Маскоўскую, Савецкую і плошчу 17 верасьня.

«З прапановай наконт перайменаваньняў глыбачане зьвяртаюцца ўжо ня першы раз. Улетку ліст у гарвыканкам дасылаў і тутэйшы пэнсыянэр Генадзь Плавінскі, але яму адказалі, што перайменаваньне не магчымае, але зь іншай прычына — маўляў, няма грошай на замену шыльдаў», — згадвае Зьміцер Лупач.

Актывіст падкрэсьлівае, што важна вярнуць гістарычныя назовы вуліцам яшчэ й таму, што сёлета ў Глыбокім заплянаванае рэспубліканскае Сьвята беларускага пісьменства і друку. І перад гасьцямі райцэнтру будзе няёмка за занядбаньне даўняй мясцовай тапанімічнай традыцыі на карысьць шаблонных назоваў савецкага часу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG