Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэгіёнах засталося 13 незалежных грамадзка-палітычных газэт


Распаўсюдніца «Газеты Слонімскай» на мясцовым рынку

Распаўсюдніца «Газеты Слонімскай» на мясцовым рынку

Міжнародная арганізацыя паўднёва-ўсходніх эўрапейскіх мэдыяў заявіла, што найбольш парушэньняў свабоды прэсы адзначаецца ў Беларусі, Альбаніі, Босьніі і Герцагавіне.

У рэдакцыях недзяржаўных СМІ Беларусі заяўляюць пра перашкоды з боку ўлады — пагаршаюцца ўмовы працы, растуць цяжкасьці з падпіскай і распаўсюджваньнем.


Гарадзеншчына

Сёлета ў сакавіку споўніцца 15 гадоў першага выхаду ў сьвет незадежнай «Газеты Слонімскай». Юбілей будзе адзначацца ў неспрыяльных умовах.

Рэдактар і заснавальнік «Газеты Слонімскай» Віктар Валадашчук кажа, што яшчэ некалькі гадоў таму газэце адмовілі ў распаўсюджваньні «Белсаюздрук» і «Белпошта», на загад мясцовага начальства газэту забаранілі прадаваць у крамах. Амаль два гады рэдакцыя ня мае сталага памяшканьня.

Тым ня менш увесь гэты час у газэце існуе ўласная служба распаўсюджваньня і падпіскі. Нягледзячы на жорсткую канкурэнцыю зь дзяржаўнымі выданьнямі, наклад штотыднёвіка, са слоў рэдактара, застаецца на тым жа самым узроўні. А найбольш адчувальныя цяжкасьці прыносяць выданьню наступствы фінансавага і эканамічнага крызісу, у якім апынулася Беларусь.

Віктар Валадашчук

Віктар Валадашчук

Валадашчук: «Даводзіцца падымаць кошты на газэту, на рэклямныя паслугі, бо адпаведна вырасьлі кошты на паперу, друкарню. Яшчэ нядаўна газэта каштавала паўтары тысячы рублёў, а цяпер ужо дзьве з паловай».

Кажучы аб працы журналістаў, рэдактар зьвяртае ўвагу, што асаблівых зьменаў не адчуваецца, надалей цяжка атрымаць інфармацыю ад дзяржаўных чыноўнікаў.

Валадашчук: «Настойлівасьць рэпартэраў прымушае іх ісьці на размову, бо здараецца, што журналіст тэлефануе і адзін раз, і другі, і трэці. Але я не сказаў бы, што яны з ахвотай ідуць на супрацоўніцтва, у гэтым сэнсе няма ніякай палёгкі».

Што да чытачоў, то рэдактар лічыць, што яны жывуць тымі ж праблемамі, што і ўся краіна, і цікавяць людзей заўсёдныя праблемы нашага грамадзтва.

Валадашчук: «Людзей болей цікавяць будзённыя справы: камуналка, заробкі, жыльлё і іншыя, якія датычаць кожнага чалавека, — вось пра гэта мы і пішам».

Магілёўшчына


У горацкай газэце «Ўзгорак» падпісчыкаў у студзені паболела на сотню зь лішкам.

Рэдактарка «Ўзгорка» Галіна Будная паведаміла «Свабодзе», што газэта распаўсюджваецца, акрамя Горацкага раёну, яшчэ ў двух суседніх — Дрыбінскім і Мсьціслаўскім. Цяперашні наклад — тысяча асобнікаў.

«Цяпер скарачаць наклад мы дакладна ня будзем. Давядзецца разглядаць пытаньне пра тое, каб яго павялічыць. Адпаведна вырастуць выдаткі на друк. Пакуль пакрываем усе выдаткі. Стараемся разьлічвацца з друкарняй у час, каб у іх не было нагоды прычапіцца да нашай газэты».

«Узгорак» — адзінае зарэгістраванае незалежнае грамадзка-палітычнае выданьне ў рэгіёне.

У Крычаве больш за дзесяць год выходзіць незалежная газэта «Вольны горад». Усе гэтыя гады спробы зарэгістраваць яе былі бясплённымі. Сёлета, кажа галоўны рэдактар Сяргей Няроўны, ён ня будзе марнаваць на гэта час:

«Пры гэтай уладзе „Вольны горад“ у такім фармаце, у якім выходзіць, з тымі рамкамі крытыкі ўлады — ён ня мусіць быць зарэгістраваны ўладаю. Цікавасьць да газэты расьце. Людзі хочуць чуць і альтэрнатыўную думку, а ня толькі тое, што ім паказваюць і кажуць у афіцыйных СМІ. Хочуць разабрацца, што ж адбываецца ў эканоміцы, палітыцы».

Анатоль Санаценка

Анатоль Санаценка

Больш за год не выходзіць у друку незалежная газэта «Бабруйскі кур’ер». Яе рэдактар Анатоль Санаценка сьцьвярджае, што гэта вынік перасьледу ўлады, які давёў выданьне да банкруцтва. Ці ёсьць магчымасьць сёлета аднавіць друкаваны варыянт газэты, або выданьне застанецца толькі ў інтэрнэце? — пытаюся ў спадара Санаценкі. Ён адказвае, што стаўленьне ўлады да вольнага слова не зьмянілася:

«Гэтая пэрспэктыва адкладзеная. Такія рашэньні цяпер трэба, як кажуць і жартам, і ўсур’ёз, узгадняць са спэцслужбамі і ідэалягічнай вэртыкальлю. Калі мы працавалі над друкаваным выданьнем, нашу дзейнасьць блякавалі. Адсочвалі нашых рэклямадаўцаў, а потым працавалі зь імі, каб яны перасталі быць нашымі рэклямадаўцамі».

Паводле Анатоля Санаценкі, колькасьць чытачоў віртуальнай вэрсіі «Бабруйскага кур’ера» за апошні год вырасла. Сайт рэгулярна наведваюць больш за дзесяць тысяч інтэрнэт-карыстальнікаў. Колішні наклад друкаванай вэрсіі газэты перавышаў пяць тысяч.

Гомельшчына


На Гомельшчыне зьявілася недзяржаўная грамадзка-палітычная газэта. Гэта — «Новы вячэрні Гомель». Заснавальнік і рэдактар выданьня Аляксей Канаваленка так вызначае галоўную задачу выданьня:

«Праўдзівая інфармацыя пра падзеі ў жыцьці рэгіёну, інфармаваньне насельніцтва пра тое, што адбываецца ў рэальным жыцьці. Ну, і незалежны пункт гледжаньня».

Газэта распаўсюджваецца праз падпіску й розьніцу накладам 5400 асобнікаў.

Жыхары рэгіёну атрымліваюць таксама праз падпіску звыш 1100 асобнікаў «Народнай волі» й каля сотні — «Нашай нівы». На гэтыя выданьні апошнім часам афармляецца й ведамасная падпіска. Яна невялікая, але ёсьць.

«Народная воля» й «Наша ніва» прысутнічаюць у невялікай колькасьці і ў розьнічным продажы «Гомельаблсаюздруку». Адпаведна 555 і 152 асобнікі — у той час, калі шапікі забітыя афіцыйнымі выданьнямі.

У рэдакцыі «Народнай волі» паведамілі, што сёлета колькасьць падпісчыкаў вырасла. На пачатак новага году іх было 27 813 — на 638 больш, чым летась.

Што да дзяржаўных выданьняў, то колькасьць іхніх падпісчыкаў у рэгіёне перавялі ў шэраг камэрцыйных таямніцаў. Вось што, у прыватнасьці, заяўляюць пра гэта ў «Гомельаблпошце»:

«Робіцца афіцыйны запыт на імя дырэктара наконт прадстаўленьня інфармацыі. За гэтую інфармацыю ідзе аплата. Мы зараз працуем на камэрцыйнай аснове».

Вядома, а
Калі чалавек атрымлівае 600 тысяч, а яго прымушаюць выкласьці 100 тысяч за „Советскую Белоруссию“, то людзі імкнуцца гэтага пазьбегнуць.
днак, што, нягледзячы на розныя формы прымусу, колькасьць падпісчыкаў на шэрагу дзяржаўных газэтаў сёлета зьменшылася.

Сталы чытач і аўтар «Народнай волі» з Калінкавічаў Дзяніс Рабянок так камэнтуе гэтую тэндэнцыю:

«На гэта ёсьць некалькі прычынаў. Але самая галоўная прычына ў тым, што незалежныя мэдыі, незалежныя газэты пішуць пра рэальнае жыцьцё — вар’яцкія кошты, дэвальвацыю, інфляцыю, пра карупцыю. А дзяржаўная прэса піша пра нейкую віртуальную рэальнасьць, у якой беларусы атрымліваюць па 1000 даляраў, як казаў Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі. Да таго ж на дзяржаўную прэсу прымушаюць сілком падпісвацца. Калі чалавек атрымлівае 600 тысяч, а яго прымушаюць выкласьці 100 тысяч за „Советскую Белоруссию“, то людзі імкнуцца гэтага пазьбегнуць. Кожны чалавек у любой краіне хоча чытаць пра рэальнае жыцьцё, пра тое, што яго хвалюе».

Андрэй Бастунец

Андрэй Бастунец

Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэй Бастунец заявіў «Свабодзе», што цяперашняя ўлада ня толькі абмяжоўвае дзейнасьць недзяржаўных СМІ, але і парушае законныя правы журналістаў:

«Гэта пачалося пасьля выбараў, працягвалася на Дзень Волі. Але найбольшая колькасьць журналістаў была затрымана летам падчас маўклівых акцыяў. Летам затрымалі 95 журналістаў. З улікам тых, каго затрымалі раней, выйшла, што супрацоўнікі міліцыі затрымалі летась звыш 100 журналістаў. Сярод іншых парушэньняў — гэта спыненьне вяшчаньня „Аўтарадыё“, спроба зачыніць газэты „Народная воля“ й „Наша ніва“. Гэта таксама прыкметны наступ на незалежныя мэдыі у мінулым годзе. І, вядома, крымінальная справа супраць гарадзенскага журналіста Андрэя Пачобута за нібыта паклёп на прэзыдэнта».
XS
SM
MD
LG