Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для кампэнсацыі штрафу ў 757 мільёнаў рублёў, прызначанага судом для Алеся Бяляцкага, сабралі 730 мільёнаў.

Як паведаміла праваабаронца Тацьцяна Равяка, як толькі справа Бяляцкага будзе перададзеная ў Менскі гарадзкі суд, стане вядомы рахунак, на які гэтыя грошы будуць пералічаныя. Калегі Бяляцкага чакаюць, што разгляд касацыйнай скаргі адбудзецца ў гэтым месяцы, аднак дата пакуль не вядомая.

Тацьцяна Равяка кажа, што грошы пералічалі розныя людзі: «Вельмі шмат людзей дапамагала. Многія з тых, каму мы дапамагалі, на гэты раз дапамаглі нам. Многія людзі, якія думаюць што могуць апынуцца ў аналягічнай сытуацыі, ахвяравалі. Калегі Алеся па па музэі, дзе ён працаваў. А многіх мы проста ня ведаем. Пералічалі розныя сумы — ад 20 тысяч да 10 мільёнаў».

24 лістапада 2011 году кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алесь Бяляцкі быў асуджаны на 4,5 году калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Суд абавязаў яго выплаціць 721 мільён рублёў у якасьці кампэнсацыі шкоды нібыта нанесенай дзяржаве і 36 мільёнаў дзяржаўнай пошліны.

Калегі Алеся Бяляцкага лічаць, што калі кампэнсаваць грашовую суму, то магчыма, гэта палегчыць лёс асуджанага. Яны ўпэўненыя, што кампэнсацыя ніяк не азначае прызнаньня ягонай віны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG