Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штраф за «Крывінку» — 1.400.000 рублёў


Георгі Станкевіч са сваёй «Крывінкай», архіўнае фота.

Георгі Станкевіч са сваёй «Крывінкай», архіўнае фота.

Бешанковіцкі райсуд аштрафаваў Георгія Станкевіча за распаўсюд газэты «Крывінка», якую той заснаваў і выдае на ўласныя сродкі.

Спадар Станкевіч адмовіўся ад удзелу ў судовым працэсе і пакінуў будынак суду на знак пратэсту, бо лічыць, што судзьдзя Вольга Белавус парушыла ягоныя правы:

«Пра суд я ўвогуле даведаўся выпадкова: працэс быў прызначаны на 4 студзеня, але я захварэў — пашкодзіў вока. Я паведаміў пра гэта ў суд, і 5 студзеня прынёс туды бюлетэнь — каб ня думалі, што я хаваюся ад пакараньня. Але судзьдзя Вольга Белавус заявіла, што будзе судзіць мяне ў любым выпадку — бо сыходзяць два месяцы з часу зафіксаванага ў пратаколе правапарушэньня, і ў такім выпадку справу трэба спыняць. Я запатрабаваў, каб мне даслалі афіцыйную позву, якой так і не атрымаў. На ўсялякі выпадак патэлефанаваў сёньня ў суд, і мне сказалі, што справу будуць разьбіраць безь мяне і што я нібыта адмовіўся ад удзелу ў працэсе».

У суд спадар Станкевіч усё ж прыйшоў, кінуўшы ўсе справы. Аднак судзьдзя Вольга Белавус не задаволіла ягонае хадайніцтва пра прысутнасьць адваката на працэсе. Яна заявіла, што можа запрасіць дзяжурнага адваката замест таго, чые паслугі ўжо пасьпеў аплаціць Георгі Станкевіч. Аднак нават і дзяжурнага адваката ня выклікала.

Спадар Станкевіч застаўся незадаволены і працай перакладчыцы. Яна настаўніца беларускай мовы, але навыкамі сынхроннага перакладу не валодае.

Сьведак на судовым працэсе не было ўвогуле. Судзьдзя аштрафавала Георгія Станкевіча на 40 базавых велічынь. Пастанову ён лічыць незаконнай і зьбіраецца абскардзіць.

Суд па справе Георгія Станкевіча адбыўся толькі з другой спробы. 5 лістапада яго затрымалі, калі ён распаўсюджваў газэту «Крывінка», якую ўжо чатыры гады выдае за ўласныя сродкі. У пастарунку супрацоўнікі міліцыі апавялі, што на яго праз тэлефон паступіла ананімная скарга — маўляў, дзьве спадарыні абураліся, што не выпісваюць «Крывінку», але знайшлі яе ў паштовых скрынях. На выдаўца склалі пратакол пра парушэньне парадку распаўсюду газэты. Але 5 сьнежня судзьдзя Вольга Белавус адправіла пратакол на дапрацоўку, бо ён быў складзены непісьменна.

Ужо перапрацаваны пратакол стаўся падставай для сёньняшняга штрафу, хоць Георгі Станкевіч два дні таму падаў скаргу ў суд, патрабуючы спыніць справу, бо сьледчыя дзеяньні праводзіліся з парушэньнямі Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях.

У красавіку 2009 году спадара Станкевіча таксама затрымлівалі падчас распаўсюду «Крывінкі», і паводле аналягічнага абвінавачаньня яму быў прысуджаны штраф памерам 700 тысяч рублёў.
XS
SM
MD
LG