Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За «няправільны» інтэрнэт пачынаюць караць рублём


Ад сёньня набылі моц папраўкі ў Адміністрацыйны кодэкс, якія прадугледжваюць меру адказнасьці для інтэрнэт-правайдэраў, індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асобаў.

Штрафы да 30 базавых велічыняў будуць прызначацца за парушэньне патрабаваньняў аб абмежаваньні доступу да забароненых сайтаў, за дзейнасьць на тэрыторыі Беларусі з выкарыстаньнем замежных інфармацыйных сыстэмаў, за ігнараваньне пункту пра абавязковую ідэнтыфікацыю інтэрнэт-карыстальнікаў і абанэнцкіх прыстасаваньняў і г.д. Як паўплываюць навацыі на беларускі сэгмэнт інтэрнэту?

Дзяржаўныя структуры, якія павінны наладзіць больш жорсткі кантроль у інтэрнэт-галіне, запэўніваюць, што ня ставяць мэтай цэнзураваць віртуальную прастору, а толькі хочуць упарадкаваць некаторыя яе сфэры. У прыватнасьці, кампаніям для камэрцыйнай дзейнасьці забараняецца выкарыстоўваць рэсурсы з замежным хостынгам ці сайты, не зарэгістраваныя ў вызначаным парадку. Штрафам будуць карацца апэратары перадачы дадзеных, уключна з інтэрнэт-кавярнямі і кампутарнымі клюбамі, якія не наладзяць захаваньне пэрсанальных дадзеных наведнікаў і зьвестак пра аказаныя інтэрнэт-паслугі.

Да адміністрацыйнай адказнасьці будуць прыцягнутыя правайдэры, якія не заблякуюць для дзяржаўных установаў, за выключэньнем сілавых структураў, сайты экстрэмісцкага, парнаграфічнага ці апазыцыйнага зьместу. Вядомая колькасьць такіх сайтаў — дзесьці 35, але канкрэтны пералік не надрукаваны. Ёсьць зьвесткі, што ў шэрагу забароненых — «Хартыя-97», «Беларускі партызан», сайты праваабарончага цэнтру «Вясна» і «Маладога фронту», электронны абменьнік Prokopovi.ch, блог Яўгена Ліпковіча. Праўда, як паведамілі «Свабодзе» ў адным з упраўленьняў Менгарвыканкаму, 6 студзеня «сумнеўныя» сайты яшчэ былі даступныя:

«На гэты момант усё нібыта нармальна, усё хутка загружаецца і працуе. Я вось загрузіў сайты „Хартыі“ і „Беларускага партызана“, дык усё нармальна адкрылася, без праблемаў».

Кантроль за выкананьнем нормаў, скіраваных на ўпарадкаваньне інтэрнэт-прасторы, ускладзены на сілавыя ведамствы, уключна з Апэратыўна-аналітычным цэнтрам пры прэзыдэнту, кібэр-падразьдзяленьнямі КДБ і МУС, Камітэтам дзяржкантролю. Аднак пра нейкія канкрэтныя захады ў ведамствах пакуль нічога ня кажуць. Вось што паведамілі ў прэсавай службе Камітэту дзяржкантролю Беларусі:

«Мне пра гэта нічога не вядома. Прынамсі, у прэсавай службе такой інфармацыі няма. Таму нічога пэўнага сказаць вам не магу. Наўрад ці што сёньня можна канкрэтна казаць з гэтай нагоды…»

Адміністратар аднаго з інтэрнэт-клюбаў Антон Зарніцкі наракае, што адказнасьць за новыя правілы працы з наведнікамі не дадае імпэту ні гаспадарам падобных установаў, ні інтэрнэт-карыстальнікам. Пашпартная ідэнтыфікацыя, а таксама абавязак захоўваць дадзеныя пра кліентаў і маршруты «падарожжа» ў сеціве наўпрост адбіваюцца на наведвальнасьці:

«На самой справе нават у дзяржаўных установах ёсьць людзі (прынамсі, былі), якія гэтую праблему ведалі знутры. Я маю на ўвазе праблему кампутарных клюбаў, чым яны жывуць і ці насамрэч „жыруюць“, як камусьці падаецца. Яны хадзілі, знаёміліся з кіраўнікамі, уяўлялі, дзе і ў чым могуць быць складанасьці. Але тыя, хто мае дачыненьне да цяперашняй заканатворчасьці, то, як у мяне склалася ўражаньне, а таксама з гутарак з калегамі, дык яны нешта не даганяюць. Раней існавалі розныя часовыя палажэньні — ад раённых адміністрацыяў да Міністэрства адукацыі, якія рэгулявалі нашу дзейнасьць. Пераважна былі заклапочаныя нядопускам у клюбы непаўналетніх. Але ўсе дакумэнты мелі характар збольшага рэкамэндацыйны і ніхто вельмі строга з нас не пытаўся. Але цяперашнія захады — гэта першы сур’ёзны крок, якія мае сілу і за што будуць караць».

Аднак ня ўсе карыстальнікі схільныя асабліва драматызаваць сытуацыю. Блогер Юрый Мачульскі перакананы, што спроба «ўпарадкаваць» інтэрнэт-прастору пад дзяржаўнае лякала ня будзе мець ніякага плёну. Па яго словах, нават усёмагутная кітайская сыстэма кантролю ня здолела нічога супрацьпаставіць глябальнай інфармацыйнай сетцы:
Інтэрнэт яны ніяк не задушаць, як гаворыцца, кішка затонкая. У Кітаі не маглі гэта зрабіць, што ўжо казаць пра Беларусь?

«Як хадзілі ў інтэрнэт-клюбы, так і будзем хадзіць, як карысталіся інтэрнэтам, так і будзем карыстацца, ніхто нам гэтага не забароніць. Калі штосьці захочуць забараніць, то будзем хадзіць праз ананімайзэры. А інтэрнэт яны ніяк не задушаць, як гаворыцца, кішка затонкая. У Кітаі не маглі гэта зрабіць, што ўжо казаць пра Беларусь? Сьмешныя патугі. Але пакуль такой пагрозы няма, гаворка не ідзе пра цэнзуру для карыстальнікаў. Звычайныя людзі могуць карыстацца чым хочуць і як хочуць. Дзяржаўныя ўстановы — справа іншая, тут усё зразумела. Дзяржава ў сваіх установах нешта забараняе. Ну, дык гэта пытаньне дзяржаўных установаў. Так, выдаляць зь дзяржаўных установаў „Хартыю“, „Беларускі партызан“, блог Ліпковіча, яшчэ нешта, але гэта не прынцыпова. Ну і няхай ня ходзяць са сваіх дзяржаўных кабінэтаў на гэтыя сайты, ня ведаюць, што на іх напісана».

Тым ня меней блякаваньне сайтаў, якія недаспадобы, — справа ў Беларусі досыць распаўсюджаная. Як правіла, гэта «супадае» з апазыцыйнымі акцыямі, калі многія недзяржаўныя рэсурсы папросту «ляжаць» ці загружаюцца надзвычай марудна.

Апошнія магутныя атакі былі зьдзейсьненыя зусім нядаўна — сайт «Маладога фронту» дагэтуль працуе зь перабоямі, а ў адносінах да «Хартыі» былі спробы зьнішчэньня архіву і выстаўленьня правакацыйных артыкулаў, да якіх рэдакцыя ня мела ніякага дачыненьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG