Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канстанцін Сумар: На «Граніце» незалежнага прафсаюзу ня будзе


Канстанцін Сумар

Канстанцін Сумар

У чацьвер старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Канстанцін Сумар правёў нараду на дзяржаўным прадпрыемстве «Граніт» у Мікашэвічах, дзе рабочыя выказалі недавер афіцыйнаму прафсаюзу і пачалі ствараць суполку Незалежнага прафсаюзу гарнякоў.

Кіраўнік аблвыканкаму запатрабаваў адстаўкі генэральнага дырэктара «Граніту» Сьцяпана Тураўца. Акрамя таго, Канстанцін Сумар заявіў, што на гэтым прадпрыемстве незалежнага прафсаюзу ня будзе.

Пра адхіленьне ад пасады Сьцяпана Тураўца паведаміў «Свабодзе» ўдзельнік ранішняй нарады на прадпрыемстве «Граніт» пад кіраўніцтвам Канстанціна Сумара:

«Была сёньня плянэрка, падчас якой непасрэдна кіраўнік выканкаму Берасьцейскай вобласьці Сумар адхіліў ад пасады генэральнага дырэктара Тураўца Сьцяпана Пятровіча. Туравец сам даўно не хацеў гэтай пасады, ён хоча сысьці на пэнсію, ён чалавек ужо ва ўзросьце…».

Пакуль генэральны дырэктар «Граніту» ня звольнены, яго накіравалі ў адпачынак на два месяцы. Але рабочыя кажуць, што не дабіваліся зьняцьця Тураўца:

«Мы вырашылі скласьці ліст у падтрымку генэральнага дырэктара. Мы лічым, што тут канкрэтнай віны менавіта генэральнага дырэктара няма. Мы лічым, што гэта правал у працы зьвязаны з кадрамі і ідэалёгіяй на прадпрыемстве. То бок, прыбралі не таго чалавека».

На нарадзе Сумар нэгатыўна выказваўся пра магчымасьць існаваньня суполкі незалежнага прафсаюзу на «Граніце»:

«Як ён сказаў, прафсаюзу тут другога ня будзе. Маўляў, мне ён тут не патрэбен. Гэта яго словы: «Прафсаюзу тут незалежнага ня будзе!».
Як ён сказаў, прафсаюзу тут другога ня будзе. Маўляў, мне ён тут не патрэбен.

Канстанцін Сумар правёў таксама сустрэчы з працоўнымі. Прадстаўнікі суполкі незалежнага прафсаюзу на гэтай сустрэчы прасілі, каб Сумар спыніў ціск адміністрацыі на тых, хто пакінуў афіцыйны прафсаюз.

«Сумар так ухіляўся ад адказу… Спачатку казаў, што вы маеце права ўступаць, выходзіць у любыя прафсаюзныя арганізацыі. Але пэрыядычна ён скіроўваў гутарку ў такое рэчышча, што, маўляў, у вас павінен быць адзін прафсаюз», — удакладняе сябра суполкі незалежнага прафсаюзу «Граніту».

На сустрэчы з працоўнымі «Граніту» прысутнічалі і прадстаўнікі Беларускага незалежнага прафсаюзу гарнякоў. Адзін зь лідэраў гэтага прафсаюзу Аляксандар Доўнар паведаміў, што праца над стварэньнем іх суполкі ў Мікашэвічах працягваецца нягледзячы на словы Сумара:

«Адбылося выступленьне старшыні Мікалая Зіміна перад сябрамі прафсаюзу. Мы далі ім рэкамэндацыі, каб яны пісалі заявы на спыненьне ўплаты ўнёскаў у той прафсаюз. Сустрэча з кіраўніцтвам вобласьці, міністэрства і кіраўніцтвам прадпрыемства адбылася. Яны чулі нас, мы чулі іх».

Прыканцы сьнежня некалькі соцень працаўнікоў «Граніту» добраахвотна выйшлі з прафсаюзнай арганізацыі ФПБ на знак пратэсту супраць нізкіх, на іх думку, заробкаў і дрэннай працы прафсаюзнага камітэту прадпрыемства.

Больш як 200 працаўнікоў РУПП «Граніт» увайшлі ў суполку Незалежнага прафсаюзу гарнякоў і цяпер спрабуюць зарэгістраваць сваю арганізацыю ў Лунінецкім райвыканкаме.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG