Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 студзеня — пярэдадзень Раства Хрыстовага паводле юльянскага календара. Позна ўвечары ў праваслаўных храмах Беларусі распачнуцца ўрачыстыя літургіі, якія адзначаць надыход аднаго з найвялікшых хрысьціянскіх сьвятаў. Як адзначаюць яго вядомыя ў Беларусі асобы?

Куцьцю перад Раством Хрыстовым і самі Каляды адзначаюць у сям’і экс-кандыдата ў прэзыдэнты, лідэра кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімера Някляева. Адзінае, што традыцыю давялося парушыць, бо ўлады не дазволілі яму пакінуць Менск, каб наведаць сваіх родных у Крэве:

«Калядоўнікі ўжо паабяцаліся прыйсьці. Звычайна з успамінамі пра сьнег, пра сьвята, якія былі ў Крэве, калі трашчалі маразы, калі мы хадзілі, перавярнуўшы кажухі, здымалі вароты, калі было зорна, сьветла, як заўсёды бывае ў дзяцінстве. Калі была нішчымніца, але вось якраз на Каляды было мяса, на Каляды была куцьця, вялікі блін з макам, які мы таўклі ўдвух з братам. Карацей, соладка і радасна. Паспрабуем гэтае сьвята зрабіць і сёньня».

Спадар Някляеў кажа, што наўрад ці будзе 12 страў на стале, але тры-чатыры — абавязкова. Уладзімер Някляеў плянуе пабываць на службе ў менскім праваслаўным саборы. Ён шкадуе, што ня зможа трапіць на сьвята ў Крэўскую царкву:

«Празь яе прайшла ўся мая радня і пры народзінах, і пры пахаваньнях. Ну, мяне нікуды не пускаюць, так што ўсё адно, куды я хацеў. Але раней я заўсёды езьдзіў на Каляды ў Крэва, на сваю радзіму».

Многія менчукі знайшлі ў сваіх паштовых скрынях паштоўкі з каляднымі віншаваньнямі ад Уладзімера Някляева. А што ён пажадаў бы слухачам «Свабоды»?

«Што мне сказаць на Каляды, я ж ня бацюшка! Тое самае, што напісана ў Сьвятым Пісаньні: «Любіце Бога вашага, і Бог вас палюбіць».

Былы кандыдат у прэзыдэнты і палітвязень Аляксандар Казулін адзначае Каляды двойчы: каталіцкія — разам зь цешчай, яго жонка была каталічкай, а цяпер, разам зь сям’ёй, дачкой і ўнукам, — праваслаўныя:

«Абавязкова ялінка, сьвечкі, таксама асабістыя сьвечкі зь Ерусаліму, з Бэтлеему. І з тым жыватворчым агнём ад Гроба Гасподняга. Я быў у Бэтлееме, запаліў сьвечкі, прывёз з сабой. І калі іх запальваеш, заўсёды той агонь. Я мяса ня ем, і таксама і дачка практычна. Таму стол, як заўсёды, практычна посны. І куцьця абавязкова».

Спадар Казулін жадае ўсім шчыра верыць і жыць па веры:

«Калі нараджаецца нешта найвышэйшае, сьветлае, добрае, калі мы можам імкнуцца туды і дакрануцца сваімі фібрамі душы, то гэта азначае, што тое найвышэйшае сьвятло прыходзіць і да нас. Калі прыходзіць да нас, то прыходзіць і да ўсіх астатніх».

Кіраўніца Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» Алена Макоўская адзначае некаторую стомленасьць ад таго, што дагэтуль ужо былі каталіцкія Каляды і Новы год:

«Увечары, спадзяюся, зьбяромся разам зь сям’ёй, сябрамі і пасядзім у добрай кампаніі. Наконт 12-ці страваў я ня пэўная, што я змагу гэта падрыхтаваць. Гэта складана пасьля ўсіх гэтых сьвятаў. У Беларусі такая адметнасьць, што Новы год і Каляды сьвяткуюцца двойчы. Каляды — той дзень, калі мы больш, чым штодзённа, зьвяртаемся думкамі да Бога і думаем пра вечныя рэчы. Імкнесься, каб большасьць думак была сьветлая».

Былы кандыдат у прэзыдэнты Рыгор Кастусёў — праваслаўны, але на каталіцкія Каляды хадзіў у касьцёл. Адзначаць Каляды будзе дома, у Шклове:

«Неяк склалася так па жыцьці, што больш станоўчае стаўленьне да касьцёлу. Мой прапрадзед быў каталіком. Цяпер ужо дзеці паціху пераходзяць у каталіцкую веру. Дачка, унукі — ужо каталікі. Але праваслаўная Каляда таксама застаецца сьвятам, я адзначаю і тое, і тое. Але адзначаю яго дома ў сям’і, наколькі дазваляе сытуацыя. Як звычайна, і па чарцы вып’ем. Як раней, калі з бацькамі жылі разам у вёсцы і я працаваў у саўгасе галоўным інжынэрам, то было больш шырокае сьвята і хадзілі да некага ў госьці. Ну, цяпер сям’я разьехалася, дзяцей дома няма, таму з жонкай удваіх, дый усё».

​Спадар Кастусёў кажа: калі сустракае знаёмых, сяброў, то заўсёды віншуе іх з гэтым сьвятам:

«Хачу пажадаць і слухачам Радыё Свабода, і ўсяму беларускаму народу і дабрабыту, і шчасьця, здароўя найперш. І каб 2012 год стаў больш пасьпяховым для нашай краіны і нарэшце тое, пра што мы марым, збылося. Мы марым і пра свабоду, і пра дэмакратыю. І што наша краіна нарэшце стане сапраўднай эўрапейскай, з прыстойным узроўнем жыцьця для нашага народу. І з прыстойнымі стасункамі з суседзямі, бо з суседзямі трэба сябраваць. Сьвята людзей аб’ядноўвала. Нам трэба яднацца з Эўропай».

На пытаньне, ці адчуваецца сьвяточны настрой у Шклове, Рыгор Кастусёў сказаў:

«Навагодняя ёлка стаіць, але гэтае сьвята больш атаесамляецца з Новым годам. Я памятаю, у дзяцінстве як людзі сустракалі Каляды, гэта было крышку іншае. Была варажба, вадзілі казу, хадзілі да людзей. Але я гэтага даўно ня бачу».
XS
SM
MD
LG