Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабарончы цэнтар «Вясна» распаўсюдзіў інфармацыю наконт маёмасьці палітвязьня Алеся Бяляцкага. На гэтай тэме шмат спэкулююць афіцыйныя СМІ. «Вясна» абвяргае іх.

Паводле калегаў Алеся Бяляцкага зь «Вясны», усе выкладзеныя факты пацьвярджаюцца афіцыйнымі дакумэнтамі, якія знаходзяцца ў матэрыялах крымінальнай справы Бяляцкага і былі агучаны на судовым паседжаньні.

Факт першы: Двухпакаёвая кватэра, у якой пражывае сям’я Алеся Бяляцкага, была набытая ў 1999 годзе ў выніку продажу двух аднапакаёвых кватэр, якія належалі сям’і Бяляцкіх (знаходзіліся на вул. Варанянскага ў Менску). Адну з гэтых аднапакаёвых кватэр Алесь Бяляцкі атрымаў, працуючы дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча (з 1988 па 1998 год) паводле ордэру Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Другая была набытая на пачатку 90-х гадоў — тады Алесь актыўна займаўся перакладчыцкай і выдавецкай дзейнасьцю.

Факт другі: Кватэра на праспэкце Незалежнасьці 78А-48, у якой месьціцца офіс праваабарончага цэнтру «Вясна», была набытая ў 2000 годзе. Па ўзгодненым рашэньні рады праваабарончага цэнтру «Вясна» кватэра была аформленая на прыватную асобу, у ёй быў афіцыйна зарэгістраваны Алесь Бяляцкі. Дзякуючы таму, што офіс быў прыватнай уласнасьцю, праваабарончы цэнтар «Вясна» змог прапрацаваць у ім 11 апошніх гадоў. У гэтай кватэры рэгулярна праводзяцца прэс-канфэрэнцыі і прэзэнтацыі, яна добра вядомая грамадзка-палітычным актывістам краіны і людзям, якія сутыкаюцца з парушэньнем сваіх правоў, яе наведваюць замежныя дыпляматы.

Ведаюць пра існаваньне офісу і беларускія спэцслужбы. У афіцыйных санкцыях КДБ на правядзеньне ператрусаў у дадзенай кватэры ў сьнежні 2010 і студзені 2011 гг. было адзначана, што сьледчыя мерапрыемствы адбываліся ў офісе «незарэгістраванага ПЦ «Вясна».

У дзяржаўных СМІ адмыслова называюць сучасны рынкавы кошт нерухомасьці, які значна вырас за апошнія 13 гадоў. На момант набыцьця кошт гэтай кватэры складаў каля 23 000 даляраў ЗША.

Факт трэці: «Шыкоўны катэдж» Бяляцкіх у мястэчку Ракаў — гэта адрамантаваная старая драўляная хата (таму яе неахвотна паказваюць па БТ). Сям’я набыла лецішча ў 2005 г., прычым зямельны ўчастак, на якім стаіць дом, ня быў прадметам куплі-продажу. Участак належаў папярэднім гаспадарам на праве пажыцьцёвага валоданьня (ня быў прыватнай уласнасьцю) і быў пазьней прыватызаваны Бяляцкім самастойна. Як вядома, прыватызацыя зямельных участкаў у Беларусі каштуе зусім невялікія грошы: у дадзеным выпадку яна абышлася Бяляцкім у 161 330 беларускіх рублёў.

Трэба адзначыць, што пэрыяд атрыманьня сродкаў А.Бяляцкім, які разглядаўся ў судзе па крымінальнай справе праваабаронцы, — 2007–2011 гг., а маёмасьць набывалася ў 1999, 2000 і 2005 гадах адпаведна.

Факт чацьвёрты: «Шыкоўны аўтамабіль», які набыў А.Бяляцкі ў 2010 годзе, — гэта «Сітраен С-5» 2003 г. выпуску, які быў увезены ў Беларусь зь Літвы ў пашкоджаным стане. Паводле афіцыйнай дамовы куплі-продажу, ён каштаваў 2300 эўра, а разам з мытам — 3000 эўра.

Алесь Бяляцкі ня мае вадзіцельскіх правоў, машынай карыстаўся ягоны сын Адам — адзін з актыўных удзельнікаў акцыяў «стоп-бэнзін» у Менску. У ліпені 2011 году ён адзін зь першых спыніў сваю машыну на праспэкце, чым ініцыяваў перакрыцьцё руху на некалькі гадзін. За ўдзел у жнівеньскай акцыі Адама арыштавалі, а машыну пагрузілі на эвакуатар і вывезьлі на штрафную стаянку, дзе яна знаходзіцца і цяпер.

Факт пяты: За пэрыяд з 1994 г. па 2008 г. інспэкцыя падаткаў і збораў Першамайскага р-ну г. Менску правярала прыбыткі Алеся Бяляцкага і ягоных сямейнікаў. Перавышэньне прыбыткаў А. Бяляцкага над ягонымі выдаткамі па выніках дадзенай праверкі склала сума, эквівалентная 30 далярам ЗША. Перавышэньня выдаткаў над прыбыткамі ў іншых сямейнікаў не было ўстаноўлена. Варта нагадаць, што менавіта на гэты час і прыпадаюць зьдзелкі з купляй маёмасьці.

Факт шосты: Грашовыя сродкі не «апынуліся» на рахунках, адкрытых А. Бяляцкім у Літве і Польшчы, а былі пералічаныя туды шэрагам фондаў згодна з двухбаковымі дамоўленасьцямі паміж дадзеным фондамі і праваабарончым цэнтрам «Вясна». Атрыманыя сродкі выдаткоўваліся арганізацыяй на заяўленыя мэты: праваабарончую дзейнасьць, у тым ліку — аказаньне дапамогі ахвярам парушэньня правоў чалавека. Усю справаздачнасьць па выдаткоўваньні атрыманых сродкаў праваабарончы цэнтар «Вясна» прадставіў фондам, якія ня выказалі ніводнай прэтэнзіі да іх выкарыстаньня. Такім чынам, грашовыя сродкі з рахункаў, адкрытых на імя А. Бяляцкага, не зьяўляюцца ягоным асабістым прыбыткам і, адпаведна, не падлягаюць падаткаабкладаньню.


Віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі 24 лістапада быў прыгавораны да чатырох з паловай гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Ён прызнаны вінаватым ва ўтойваньні даходаў у асабліва буйным памеры. Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя аб яго замежных банкаўскіх рахунках, перададзеная ў Менск чыноўнікамі Літвы і Польшчы ў рамках двухбаковых пагадненьняў аб прававой дапамозе. Потым польскія і літоўскія ўлады выбачыліся перад Бяляцкім і яго сям’ёй.
XS
SM
MD
LG