Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхар Менску Аляксандар Круты, у адносінах да якога суд прызначыў прымусовыя меры бясьпекі і лячэньня, даслаў ліст гомельскаму актывісту Кастусю Жукоўскаму.

Аляксандар Круты піша, што на 29 лістапада ён знаходзіўся ў менскім СІЗА на Валадарскага і там чакаў «этапу ў Навінкі на прымусовае „лячэньне“ ад сумленьня».

«Было б дзіўным, калі б судова-мэдыцынская экспэртыза не разгледзела ў мяне самы галоўны беларускі дыягназ», — зазначае вязень.

Ён піша, што знаходзіцца ў камэры № 29 «для асоб, вызваленых ад крымінальнай адказнасьці». «Сам факт існаваньня такіх камэр у беларускіх турмах зьяўляецца прыкладам клясычнага аксюмарану і варты ўважлівага вывучэньня. На мой суд мяне не дапусьцілі. Увесь час з моманту затрыманьня да майго пераезду ў псыхіятрычную бальніцу не ўваходзіць ні ў якія тэрміны пакараньня», — напісаў у лісьце Круты.

Зьмясьціць Аляксандра Крутога ў такі стацыянар пастанавіў суд у сьнежні 2011 году. Дачка вязьня, Інэса Крутая, ня згодная з рашэньнем суду. На яе думку, бацьку пакаралі за тое, што ён адстойваў сваю пазыцыю, — паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Дачка лічыць, што перасьлед бацькі зьвязаны са справай аб тэракце ў менскім мэтро, па якой яна праходзіла пацярпелай, а бацька абараняў яе інтарэсы. У час працэсу Аляксандар Круты задаваў суду «нязручныя пытаньні» і прапаноўваў адмяніць сьмяротную кару. Інэса Крутая мяркуе, што бацьку ўзялі пад варту, каб адхіліць ад удзелу ў судзе.

20 верасьня Крутога затрымалі паводле абвінавачаньня ў хуліганстве.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG