Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякі абгарэлага вязьня больш за месяц нічога ня ведалі пра яго стан


Пры канцы лістапада «Свабода» паведаміла пра выпадак у Івацэвіцкай калёніі № 5. Асуджаны Ўладзімер А. зрабіў спробу самаспаленьня. З апёкамі 30% паверхні скуры яго спачатку даставілі ў рэанімацыю раённай Івацэвіцкай лякарні, а неўзабаве перавялі ў апёкавае аддзяленьне абласнога шпіталя ў Берасьці.

Прычыну замаху вязьня на ўласнае жыцьцё адміністрацыя калёніі назваць журналістам ды праваабаронцам адмовілася. Лекарам строга забаранілі паведамляць пра стан здароўя нават блізкім гэтага чалавека. Нічога ня ведаў пра тое, што з бацькам, і яго сын С., які адбывае пакараньне ў той жа калёніі ў Івацэвічах.

Гэтымі днямі мы атрымалі ліст ад былога вязьня гэтай установы, які распавёў пра некаторыя дэталі таго здарэньня.

«Уладзімер А. сядзіць у Івацэвічах ужо гадоў 6, — гаворыцца ў лісьце. — Канфлікт бацькі з адміністрацыяй здарыўся з-за сына, які ня так даўно таксама трапіў у гэтую ж калёнію. Сыну даслалі харчовую пасылку з варэньнем. Аднак варэньня не аддалі і склалі акт аб зьнішчэньні. На пытаньне сына — „чаму?“ — рэжымнік абклаў матам. Бацька пайшоў патрабаваць выбачэньня за сына. З-за гэтага склалі рапарт на бацьку, пазбавіўшы яго спатканьняў і чарговай пасылкі. Уладзімер афіцыйна абвясьціў галадоўку, аднак начальнік атраду ягонай заявы не прыняў. Трэба дадаць, што А. хворы на дыябэт, а да таго ж інвалід без рукі. Руку калісьці моцна адбілі мянты. У выніку яна ссохлася і яе ампутавалі.

Пасьля шасьці сутак галадоўкі асуджаны перад дзьвярыма начальніка атраду выліў сабе на галаву нейкі растваральнік і падпаліў. Яго ўратавалі зэкі — зьбілі з ног і пагасілі полымя.

Мянты спрабавалі пераканаць начальніка санчасткі пакінуць А. у стацыянары ў калёніі. Аднак той на сябе такой адказнасьці ня ўзяў. Хуткая адвезла Ўладзімера спачатку ў раённы шпіталь, але праз пару дзён яго перавялі ў Берасьце.

Ва ўсёй гэтай гісторыі найбольш абурае тое, што на працягу амаль паўтара месяца пра стан здароўя А. ня можа даведацца ані яго сын у калёніі, ані яго сваякі на волі. Нядаўна прайшлі чуткі, што А. быццам бы ўвогуле памёр. Аднак спраўдзіць ці абвергнуць гэта ніяк не ўдаецца».
Нядаўна прайшлі чуткі, што А. быццам бы ўвогуле памёр.

«Свабода» зьвязалася са сваячкай Уладзімера А. Паводле яе слоў, днямі Ўладзімера даставілі зь Берасьця назад у мэдчастку калёніі. Дагэтуль ні яна, ні сын вязьня, які паведаміў ёй пра гэта, ня мелі аніякай інфармацыі пра яго стан.

Сваячка: «Ён тэлефанаваў з таксафону, вельмі коратка, ня ўсё добра чуваць было. Сказаў, што трэба перадаць бацьку нейкія мазі ды аэразолі. Кажа, што бачыўся з бацькам: такі страшэнны ляжыць у ложку, вельмі худы. Менш за палову засталося ад таго, што было раней».

Сваячка пацьвярджае, што за час, калі А. ляжаў у лякарні, яна тэлефанавала непасрэдна ў шпіталь у Берасьце, таксама рабіла запыт у Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў. На яе тэлефонныя званкі лекары адказвалі: прыяжджайце, даведаецеся пры размове сам-насам. На запыт у ДВП прыйшоў вельмі кароткі адказ: стан здавальняючы.

Жанчына таксама ўзгадвае, што незадоўга да трагедыі А. пазваніў ёй з калёніі і паведаміў, што мае праблемы з турэмнай адміністрацыяй. Нават пасылкі з цыгарэтамі, якую ён так чакаў, яму ня выдалі.

Што будзе далей з А. у калёніі або на волі, калі яго вызваляць паводле стану здароўя, — сваячка не ўяўляе. Даглядаць А. няма каму. Жонка п’е. Дачка ня хоча знаць ані бацькі, ані брата. Жонка сына з апошніх сілаў цягне траіх дзяцей, гаспадарку ды яшчэ ашчаджае грошы на перадачы і пасылкі ў калёнію...

Мэдычны прагноз


Які мэдычны прагноз можа мець А. з улікам яго дыябэту, а таксама апёкаў 2-й і 3-й ступеняў, што ён атрымаў, мы пацікавіліся ў адмыслоўца-камбустыёляга Сяргея.

Паводле лекара, калі такі абгарэлы не памёр ад апёкаў за некалькі першых дзён, то сучасная мэдыцына здольная захаваць яго жыцьцё. Аднак увесь астатні час ён мусіць жыць зь цяжкімі калецтвамі і зьнявечанай зьнешнасьцю. Што тычыцца якасьці жыцьця, то тут вялікае пытаньне:

«Улічваючы тое, што асабліва пацярпела верхняя частка тулава — то тут пашкоджаныя і ўнутраныя органы. Напрыклад, лёгкія, частка апарату дыханьня. Не кажу пра скуру. Калі ёсьць апёк 3-й ступені, дык тут патрэбная перасадка тканак, плястычныя апэрацыі. Увогуле, лячэньне апёкаў — цяжкае і шматплянавае мерапрыемства. Бо тэрмічныя пашкоджаньні — адны з самых небясьпечных, яны прыводзяць да разбурэньня складаных бялкоў — асновы клетак і тканак. Калі ж на дадатак ёсьць сур’ёзныя захворваньні кшталту дыябэту, то гэта ўвогуле глыбокі інвалід, якому патрэбна недаступнае ў канкрэтных умовах якаснае і вельмі дарагое лекаваньне».

З гледзішча лекара-псыхіятра Ігара, замах на жыцьцё, які зрабіў Уладзімер А., — наўрад ці вынік псыхічнага расстройства асуджанага. Бо інакш гэта не адбылося б у публічным месцы, ля кабінэта начальніка атраду. Відавочна, што такім чынам А. выказваў свой пратэст, бо ня бачыў іншага спосабу заявіць пра сябе і быць пачутым. Асуджаны быў гатовы прыняць ці ня самую пакутлівую сьмерць.

Ва ўмовах беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы спроба самаспаленьня — зьява хоць і нячастая, але і не ўнікальная. За год да здарэньня ў Івацэвічах спрабаваў учыніць самаспаленьне асуджаны ў 20-й мазырскай калёніі. Зьняволены меў праблемы з адміністрацыяй. Ад моцных апёкаў ён пакутаваў тры дні і памёр у гарадзкім шпіталі. Ніхто з супрацоўнікаў адказнасьці за сьмерць вязьня не панёс. А артыкулы, якія былі зьмешчаныя ў незалежных СМІ, кіраўніцтва калёніі назвала наўмыснай абразай усяго калектыву.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG