Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што арыштавалі дырэктара «Мазырсолі»


Цэх упакоўкі гатовай прадукцыі на «Мазырсолі»

Цэх упакоўкі гатовай прадукцыі на «Мазырсолі»

Арышт генэральнага дырэктара ААТ «Мазырсоль» Міхаіла Літвіна, якога затрымалі за атрыманьне хабару ў ягоным уласным працоўным кабінэце, выклікаў шырокі розгалас yна Гомельшчыне.

У Мазыры спадара Літвіна ведаюць ня толькі як кіраўніка пасьпяховага прадпрыемства, але й як публічную асобу: ён неаднаразова быў дэпутатам мясцовых саветаў.

Гаворыць адзін з тутэйшых жыхароў, які асабіста ведае Міхаіла Літвіна:

«Ён тут быў дэпутатам гарадзкога савету, па-мойму, трох скліканьняў, і абласнога савету. Ён даволі доўга кіраваў заводам. Завод падняўся, лічыцца стабільна працуючым, з добрымі заробкамі. Соль з Мазыра попытам карыстаецца і на выстаўках, і на кірмашах. Мэдалі атрымлівае».

Міхаіл Літвін

Міхаіл Літвін

«Мазырсоль» — найбуйнейшы вытворца харчовай солі на тэрыторыі СНД і Усходняй Эўропы. Мазырчукі экспартуюць соль у 18 краінаў сьвету, у тым ліку ў Канаду.

У мінулым годзе ў замежжа было прададзена звыш 300 тысяч тон харчовай солі, за якую атрымана 35 мільёнаў даляраў. А напярэдадні Новага году супрацоўнікі дзяржбясьпекі затрымалі самога Міхаіла Літвіна — нібыта за атрыманьне валютнага хабару.

Некаторыя экспэрты зьвяртаюць увагу на тое, што арышту папярэднічалі санкцыі Фэдэральнай антыманапольнай службы Расеі супраць «Мазырсолі» нібыта за картэльную змову й падзел рынку збыту.

Мазырчукі абскардзілі санкцыі ў арбітражны суд Масквы. Аднак у кастрычніку гэты суд адхіліў патрабаваньне беларускага вытворцы.

Генэральны дырэктар «Мазырсолі» спадар Літвін у сваіх тлумачэньнях з гэтай нагоды заяўляў, што ў прэтэнзіях антыманапольнай службы Расеі зацікаўленыя расейскія канкурэнты й некаторыя тамтэйшыя бізнэсоўцы, якія «хочуць паставіць пад кантроль беларускае прадпрыемства».

Адзін з камэнтатараў, які гутарыў тады з дырэктарам, апавёў:
Як я зразумеў, расейцы патрабавалі прадаць ім гэтае прадпрыемства.

«Расейцы ня цацкаюцца. Калі яны хочуць кагосьці пасунуць на сваім рынку, то яны праз сваю Фэдэральную антыманапольную службу пачынаюць лабіраваць свае інтарэсы. Мне падаецца, што прыклад „Мазырсолі“ тут характэрны. Ці зьвязана гэта з тым, што зараз адбываецца з дырэктарам, я дакладна ня ведаю. Як я зразумеў, расейцы патрабавалі прадаць ім гэтае прадпрыемства. Магчыма, тут ідзе нейкая такая гульня, каб паставіць „свайго“ й сапраўды прадаць прадпрыемства расейскаму капіталу.

Страціць яго для Беларусі было б вельмі крыўдна, бо гэтае прадпрыемства валюту прыносіць і прыбытак застаецца ў краіне. Калі прадаць яго расейцам, то ў лепшым выпадку падаткі ў нас застануцца, а прыбытак ужо расейцам дастанецца».

Як паведамляе прэсавая служба, затрыманага дырэктара «Мазырсолі» зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. У дачыненьні да яго заведзена крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу (атрыманьне хабару). Гэты артыкул прадугледжвае пакараньне да 15 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.

Зь неафіцыйных крыніцаў вядома, што ў поле зроку спэцслужбаў трапіла й найбуйнейшае ў рэгіёне аб’яднаньне «Гомельаблдарбуд». Вядзецца праверка ягоных структурных падразьдзяленьняў.
XS
SM
MD
LG