Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці такі страшны беларускі інтэрнэт, як яго малююць?


Ад заўтра, 6 студзеня, у Беларусі набываюць моц зьмены ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Яны прадугледжваюць адказнасьць за невыкананьне правілаў выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту сеткі Інтэрнэт. Прыкладам, на інтэрнэт-правайдэра за парушэньне патрабаваньняў наконт абмежаваньня доступу карыстальнікаў да інфармацыі, забароненай для распаўсюду, будзе накладацца штраф. Між тым, як падкрэсьліваюць ініцыятары падобных навацыяў, абавязковае інтэрнэт-фільтраваньне ўведзена толькі для дзяржаўных органаў, установаў культуры, адукацыі. У маштабах краіны доступ да замежных сайтаў блякавацца ня будзе.


Калі ў Беларусі абмежавальныя захады для правайдэраў і інтэрнэт-карыстальнікаў амаль не абмяркоўваюцца, то заходнія мэдыі ў высновах катэгарычныя: санкцыі прывядуць да фактычнай забароны інтэрнэту ў краіне, доступ на замежныя сайты будзе блякаваны. Афіцыйныя і незалежныя беларускія экспэрты ў адзін голас кажуць, што небясьпека татальнага кантролю за інтэрнэт-сфэрай перабольшаная. Меркаваньне стваральніка нацыянальнай сыстэмы статыстыкі «Акавіта» Фёдара Караленкі:

Фёдар Караленка
Фёдар Караленка
«Я ўвогуле не разумею шуму, які зараз узьняўся вакол гэтай пастановы, бо нічога прынцыпова не мяняецца. Усе гэтыя законы былі прынятыя яшчэ паўтара года таму, даўно ўжо ўсё вырашана, даўно абмеркавана, усе гэтыя жарсьці мы даўно прайшлі. Навошта зараз гэта зноў уздымаць, калі абсалютна нічога не зьмяняецца? Проста ўводзіцца адказнасьць за абсалютна тое самае, што ўжо абмеркавана і прынята.

Тады, напэўна, вялікай вагі замежныя крыніцы і СМІ гэтаму не надалі, а зараз хтосьці нейкую інтэрпрэтацыю зрабіў гэтай падзеі, таму мэдыі і ўзяліся за яе як за новую інфармацыйную нагоду. Крыху эксплюатуецца гэтая навіна некаторымі не зусім сумленнымі, я лічу, журналістамі, таму гэтыя камэнтары на сумленьні журналістаў. Само сабой зразумела, што ёсьць спрэчныя пытаньні ў гэтых момантах, але гэта грамадзтва абмяркоўвала ўжо некалькі разоў на працягу паўтара, амаль двух гадоў. І новага тут нічога не адбылося».

З адмысловымі заявамі адносна пэрспэктываў нацыянальнага сэгмэнту інтэрнэту выступілі ініцыятары больш жорсткіх правілаў дзейнасьці ў віртуальнай прасторы. Так, у Апэратыўна-аналітычным цэнтры пры прэзыдэнту заяўляюць, што ніякіх абмежаваньняў у справе выкарыстаньня інтэрнэт-рэсурсаў для шараговых грамадзянаў не прадугледжваецца, а іх доступ да замежных інтэрнэт-сайтаў не абмяжоўваецца. Інфармацыя, якая распаўсюджваецца ў шэрагу СМІ пра ўвядзеньне ў Беларусі адказнасьці за наведваньне замежных сайтаў, не адпавядае сапраўднасьці.

Дырэктар адміністрацыі Парку высокіх тэхналёгій Валеры Цапкала на сайце «беларускай Крэмніевай даліны» ўдакладняе: зьмены ў заканадаўстве тычацца дзяржаўных арганізацый і маюць на мэце рэгуляваньне доступу да інфармацыі, зьмест якой накіраваны на ажыцьцяўленьне экстрэмісцкай дзейнасьці, незаконны абарот зброі, садзейнічаньне гандлю людзьмі, распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў і прапаганду гвалту. Пры гэтым адміністрацыйная адказнасьць замацоўваецца за юрыдычнымі асобамі — пастаўшчыкамі інтэрнэт-паслугаў. З аналягічным заспакойваньнем выступілі прадстаўнікі Міністэрства сувязі і Міністэрства інфармацыі.

Марк Бэрнштэйн
Марк Бэрнштэйн
Актыўны інтэрнэт-карыстальнік, уладальнік інтэрнэт-клюбу Марк Бэрнштэйн таксама ня схільны лічыць, што дзяржава рызыкне абмяжоўваць доступ у інтэрнэт для звычайных наведнікаў. Нават пры тым, што для суб’ектаў гаспадараньня прадугледжаная адказнасьць за рэклямаваньне на замежных сайтах, гэта не азначае, што такія сайты будуць блякавацца:

«Ды лухта поўная. Ніхто нармальна не чытае зыходную інфармацыю, а пачынаюць адзін у аднаго перапісваць нейкія тлумачэньні і страхі. Найперш, было вядома ўжо даўно, а цяпер папросту ўводзяцца адміністрацыйныя санкцыі. Сапраўды, забаронена суб’ектам гаспадараньня выкарыстоўваць у гаспадарчай дзейнасьці дзеля атрыманьня прыбытку рэсурсы, якія знаходзяцца ў замежных сэгмэнтах.

Ніхто нармальна не чытае зыходную інфармацыю, а пачынаюць адзін у аднаго перапісваць нейкія тлумачэньні і страхі

То бок гаворка толькі пра тых, хто займаецца здабычай грошай, некамэрцыйных арганізацый гэта ня тычыцца абсалютна. І за гэта будуць штрафаваць. Іншымі словамі, калі ты разьмясьціў рэкляму на Google і пры гэтым прадстаўляеш камэрцыйную арганізацыю і займаесься продажам тавараў ці паслугаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, то табе выпішуць штраф. Усё, ніякіх іншых варыянтаў. Калі ты на тэрыторыі Беларусі тавары і паслугі не прадаеш, то цябе гэта ня тычыцца ніяк. І ніякі Google ды астатніх забараняць ніхто ня будзе».

У пераліку таго, што забаронена да прагляду ў дзяржаўных установах, ня толькі сайты экстрэмісцкага ці амаральнага зьместу, але і некаторыя апазыцыйныя — прыкладам, «Хартыя-97» ці «Беларускі партызан». Аднак, як кажа Марк Бэрнштэйн, ніхто не забараняе дзяржаўнаму службоўцу чытаць гэтыя сайты пасьля працы:

«Яшчэ адна рэч — гэта сьпіс так званых экстрэмісцкіх і да таго падобных забароненых сайтаў. Гэта тычыцца толькі дзяржаўных арганізацый і ўстановаў адукацыі і культуры, за выключэньнем сілавых структураў. То бок для іх гэтыя сайты забароненыя, і калі правайдэры доступ да іх не зачыняць, то правайдэраў будуць штрафаваць. Падкрэсьліваю — менавіта правайдэраў, калі яны туды гэтыя сайты дапускаюць.

Наступная пазыцыя — кожны карыстальнік інтэрнэту мае права забараніць што-небудзь для самога сябе. Груба кажучы, бацькі могуць напісаць: заблякуйце ад дзіцяці нейкі сайт ці нейкі „айпішнік“. І правайдэр абавязаны гэта зрабіць для ягонага канкрэтна кампутара і па ягоным уласным жаданьні. І апошняе — будуць штрафаваць усялякія інтэрнэт-кавярні і правайдэраў за парушэньні ў частцы рэгістрацыі канцавых прыстасаваньняў, рэгістрацыі карыстальнікаў і г. д. То бок карыстальнік павінен быць ідэнтыфікаваны».

кожны карыстальнік інтэрнэту мае права забараніць што-небудзь для самога сябе

Ад 6 студзеня максымальны штраф за парушэньне патрабаваньняў у справе абмежаваньня інтэрнэт-доступу складзе да 30 базавых велічыняў — 1 мільён 50 тысяч рублёў. З улікам таго, што ад 1 красавіка базавая велічыня будзе падвышаная да 100 тысяч рублёў, гэтая сума аўтаматычна можа падскочыць утрая.

Апроч правайдэраў, штрафаваць будуць таксама прадпрымальнікаў і юрыдычных асобаў, якія рэалізуюць тавары або аказваюць паслугі, выкарыстоўваючы інтэрнэт-сыстэмы за межамі Беларусі. Да адказнасьці таксама можа быць прыцягнута юрыдычная асоба за выкарыстаньне ў камэрцыйных мэтах рэсурсу, які не прайшоў дзяржаўную рэгістрацыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG