Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сытуацыя на «Граніце»: чыноўнікі пішуць заявы на звальненьне


Мікашэвіцкі «Граніт»

Мікашэвіцкі «Граніт»

Скандальная сытуацыя на прадпрыемстве «Граніт» у Мікашэвічах, дзe рабочыя выказалі недавер афіцыйнаму прафсаюзу, мела працяг.

У адстаўку падаў старшыня прафсаюзнай арганізацыі ФПБ Мікалай Якубовіч. Ад пасады начальніка аддзелу працы й заработнай платы вызваленая Натальля Малевіч.

Тым часам наваствораная суполка незалежнага прафсаюзу гарнякоў пакуль не атрымала афіцыйнай рэгістрацыі ў Лунінецкім райвыканкаме. Перашкаджае гэтаму адміністрацыя дзяржаўнага прадпрыемства, якая адмаўляецца выдзеліць памяшканьне.

Старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу гарнякоў Мікалай Зімін тлумачыць, што ўсе дакумэнты для рэгістрацыі суполкі прафсаюзу ў Мікашэвічах ужо гатовыя. Але адміністрацыя «Граніту» знайшла магчымасьць, каб не выконваць законнае патрабаваньне актывістаў незалежнага прафсаюзу:

«Зараз чыноўнікі пераконваюць, што ўласьнік маёмасьці „Граніту“ — Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва. І нібыта толькі гэтае міністэрства надзелена юрыдычным правам здаваць памяшканьні ў арэнду для юрыдычнага адрасу».

На думку Мікалая Зіміна, вырашэньне пытаньня празь міністэрства можа зацягнуцца надоўга.

Тым часам на каменездабыўным прадпрыемстве «Граніт» падаў у адстаўку кіраўнік арганізацыі Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Мікалай Якубовіч. Вырашаць гэта пытаньне будзе прафсаюзная канфэрэнцыя арганізацыі ФПБ, якая адбудзецца, верагодна, у лютым.

Акрамя таго, адміністрацыя «Граніту» пайшла на саступкі працаўнікам — са сваёй пасады звольнена начальніца аддзелу працы і заробку Натальля Малевіч.

Але гэтае кадравае рашэньне шараговыя працаўнікі «Граніту» ацэньваюць крытычна.

Кіроўца «БелАЗу» Алег Стахаевіч: «Ведаеце, спадарыня Натальля Малевіч цяпер знаходзіцца ў лякарні. Таму гэта ўсё можа быць „фільчынай граматай“ для нас. Што, маўляў, паглядзіце, якія мы меры прынялі. Таму стопрацэнтна паддавацца на гэтую інфармацыю... Я, напрыклад, не паддаюся».
Проста як запахла паленым, адразу яны пачынаюць між сабой шукаць крайніх.

Спадар Стахаевіч перакананы, што чыноўніцу проста перавядуць на іншую пасаду. Ён кажа, што Малевіч магла ў гэтай гісторыі стацца «крайняй»:

«Гэта ж усё адна каманда. Проста як запахла паленым, адразу яны пачынаюць між сабой шукаць крайніх. Вось, маўляў, кіроўцы сказалі, што Малевіч дрэнна ставіцца да іх — значыць, яна крайняя... Адпаведна, што тыя, у каго стрэлы не паляцелі — не пры справах, а тыя, у каго паляцелі, — тыя і крайнія», — мяркуе працаўнік «Граніту».

Пры канцы сьнежня некалькі сотняў працоўных прадпрыемства «Граніт» у Лунінецкім раёне выйшлі з афіцыйнага прафсаюзу ФПБ і стварылі суполку незалежнага прафсаюзу гарнякоў. Цяпер яны дабіваюцца, каб іхную арганізацыю афіцыйна зарэгістравалі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG