Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіны Эўрапейскага Зьвязу дасягнулі прынцыповай згоды, каб забараніць імпарт нафты з Ірану. Рашэньне ўвесьці нафтавае эмбарга можа быць прынятае 30 студзеня кіраўнікамі міністэрстваў замежных спраў. Як гэта паўплывае на пастаўкі нафтапрадуктаў зь Беларусі ў эўрапейскія краіны?

Продаж бэнзіну, саляркі ды іншых нафтапрадуктаў у заходнія краіны прыносіць Беларусі штогод багата валюты. Аналітыкі кажуць, што ў апошнія гады нафтапрадукты сталі найбольш выгадным экспартным таварам краіны. Яны таксама перакананыя, што эмбарга на іранскую нафту аўтаматычна павысіць кошт сыравіны і прадуктаў зь яе. І таму Беларусь можа атрымаць ад гэтага дадатковы прыбытак.

Праўда, памеры прыбыткаў ад самой Беларусі мала залежаць, кажа эканаміст Міхась Залескі:

«Відавочна, што калі такія санкцыі будуць уведзеныя, то гэта адаб’ецца на глябальных цэнах на нафту. Мы зьвязаныя з гэтымі цэнамі праз Расею. Таму што ў нас фактычна ўся пастаўка нафты — расейская. І ад таго, якім чынам расейцы будуць рабіць падвышэньне цэнаў, у нас будзе мяняцца цана на сыравіну. Але ж адначасова будуць мяняцца і цэны на салярку і бэнзіны, якія ў нас вырабляюцца. Таму, як кажуць, каму вайна, а каму маці родная.

Валютны прыбытак беларусаў можа павялічыцца. Але толькі пры ўмове, калі будуць захоўвацца нажніцы паміж коштамі сырой нафты і нашых нафтапрадуктаў. Ці пагодзяцца расейцы даваць нам звышпрыбытак, ці запатрабуюць прэмію сабе з улікам зьмены цэнаў — гэта яшчэ пытаньне».

Асьцярожна ставіцца да магчымасьці атрыманьня вялікіх дывідэндаў Беларусьсю ў новай сытуацыі дырэктар дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык:

«Наколькі я разумею, сёлета загрузка нашых нафтаперапрацоўчых заводаў плянуецца блізкай да поўнай. І таму мы здолеем павялічыць аб’ёмы перапрацоўкі нязначна.
Мы здолеем павялічыць аб’ёмы перапрацоўкі нязначна.

Па-другое, Беларусь прадае на Захад ня нафту, а нафтапрадукты. Але нават пры ўвядзеньні эмбарга ў Эўропе ня ўзьнікне праблемы недахопу нафтапрадуктаў. Там ёсьць свае нафтаперапрацоўчыя заводы, і, я думаю, краіны Эўразьвязу знойдуць сыравіну для іх зь іншых крыніц».

Аляксандар Чубрык разглядае таксама і магчымасьць нейкім чынам абысьці іранскае нафтавае эмбарга:

«Відавочна, што ёсьць краіны, якія знаходзяцца па-за Эўразьвязам і ў якія Іран можа экспартаваць сваю нафту. А ўзамен будзе менш экспартавацца нафты зь іншых крыніцаў: краінаў АПЭК, Вэнэсуэлы ці яшчэ аднекуль. То бок схема будзе працаваць, падобная да мінулагодняй беларуска-азэрбайджанскай. Тады Вэнэсуэла замест Азэрбайджану прадавала нафту Злучаным Штатам, а тыя ж самыя аб’ёмы ішлі з Азэрбайджану ў Беларусь. І гэта будзе рабіцца дзеля таго, каб абысьці эмбарга. Хоць відавочна, што тут гаворка ідзе пра значна большыя аб’ёмы. І гэта будзе і пэўнага часу вымагаць, і дадатковых сродкаў».

У якія краіны Беларусь прадае найбольш нафтапрадуктаў? Міхась Залескі тлумачыць:

«Гэта адна з эканамічных таямніцаў. Таму што ёсьць пакупнік і ёсьць фактычны спажывец. Існуе меркаваньне, што адзін з асноўных спажыўцоў — Вялікая Брытанія. Але грошы адлюстроўваюцца ў Галяндыі. І ў Расеі такая сытуацыя, і ў нас — „нафтавыя“ грошы ідуць праз Галяндыю».
XS
SM
MD
LG