Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад плянуе зацягваньне паясоў


Зацьверджаны ўрадам прагноз сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі на 2012 год прадугледжвае эканомію і звужэньне ўнутранага спажывецкага рынку, рост экспарту і імпартазамяшчэньня, скарачэньне будаўніцтва жыльля і падтрымкі сельскай гаспадаркі.

Пасьля вострай крытыкі Аляксандра Лукашэнкі на адрас Саўміна, які першапачаткова хацеў у 2012 годзе абмежаваць рост валавых паказчыкаў, урад зацьвердзіў высокі прагноз росту ВУП — 105–105,5%. Як адзначаецца ў тлумачальнай запісцы да ўхваленага ўрадам дакумэнту, «асаблівасьцю 2012 году зьяўляецца палітыка абмежаваньня ўнутранага попыту і перамяшчэньне збыту прадукцыі на зьнешнія рынкі» з мэтай збалянсаваньня сальда зьнешняга гандлю. Дзеля гэтага прадугледжаны рост экспарту на 11,6–12,3 працэнта, а таксама ўводзіцца праграма імпартазамяшчэньня — урад нават зацьвердзіў вялікі сьпіс тавараў, якія павінны вырабіць у Беларусі, каб замяніць замежныя.

Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч
Экс-старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч сумняецца ў эфэктыўнасьці такіх захадаў:

«Гэтая палітыка прывядзе да скарачэньня канкурэнцыі на ўнутраным рынку, а гэта будзе весьці да росту цэнаў».

Урад зьбіраецца праводзіць жорсткую крэдытна-грашовую палітыку, скарачаць фінансаваньне дзяржаўным праграм, стрымліваць тэмпы росту заработнай платы.

У прыватнасьці, рост грашовых даходаў насельніцтва заплянаваны ў памеры 3–3,5 адсотка. Пры гэтым інфляцыя заплянаваная ў памеры 19–22%. У рэальнасьці варта чакаць скарачэньня даходаў людзей, мяркуе Станіслаў Багданкевіч:

«Паколькі яны будуць галоўным паказчыкам лічыць рост ВУП, то гэта абавязкова павінна прывесьці да росту грашовай масы больш, чым яны плянуюць. Інфляцыя вырасьце яшчэ больш, і даходы, хутчэй за ўсё, зьнізяцца».
Інфляцыя вырасьце яшчэ больш, і даходы, хутчэй за ўсё, зьнізяцца.

Паводле плянаў ураду, сёлета на мільён квадратных мэтраў будзе скарочаны ўвод жыльля (з 5,4 да 4,2 млн), пры гэтым урад плянуе пашыраць больш таннае будаўніцтва, у тым ліку драўлянае. Падтрымка сельскай гаспадаркі з усіх крыніц складзе 11,4 трыльёна рублёў. Фармальна гэта нібыта рост у параўнаньні з паказчыкам мінулага году (7 трыльёнаў), але з улікам дэвальвацыі — скарачэньне ўдвая. І гэтыя грошы аграрыям пойдуць збольшага не як субсыдыі, а як крэдыты.

Цягам 2012 году ўрад плянуе ў 2 разы павысіць тарыфы на транспарт і паслугі ЖКГ, скараціць «непершачарговыя» выдаткі бюджэту.

Зь іншага боку, капітальныя выдаткі будуць сканцэнтраваныя на «ключавых кірунках»: завяршэньні ўжо пачатых аб’ектаў, падрыхтоўцы да правядзеньня Чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 году, падрыхтоўцы да «Дажынак-2012» у Горках, а таксама на рэалізацыі «ініцыятываў кіраўніка дзяржавы».

Ад прыватызацыі ўрад спадзяецца сёлета атрымаць 2,5 мільярда даляраў даходаў, а наўпроставых замежных інвэстыцыяў прыцягнуць на 1,2 мільярда даляраў. Станіслаў Багданкевіч лічыць гэтыя пляны даволі сьціплымі: яны азначаюць, што буйной прыватызацыі ўрад не плянуе, як і рынкавых рэформаў у цэлым:

«Я ня бачу комплексных дзеяньняў, якія маглі б забясьпечваць гэтыя правільныя прыгожыя лічбы. Вялікая памылка — тое, што яны не ўхвалілі праграму разьвіцьця ўнутрынацыянальнага рынку, якую падрыхтаваў прадпрымальніцкі асяродак і што мы прапануем: спыненьне ўсялякага ўмяшаньня ў малы і сярэдні бізнэс, вызваленьне яго ад любых санкцыяў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG