Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз перастане купляць іранскую нафту?


Дыпляматы Эўразьвязу папярэдне дамовіліся аб забароне экспарту іранскай нафты. Гэты захад прыняты дзеля таго, каб прымусіць Тэгеран спыніць ядзерную праграму, якая, як мяркуецца, накіраваная на стварэньне ядзернай зброі.

Міністар замежных справаў Францыі Ален Жупэ заявіў, што канчатковая вэрсія пагадненьня аб эмбарга на іранскую нафту будзе зацьверджаная пад канец студзеня на сустрэчы міністраў замежных справаў Эўразьвязу.

Майкл Мэн, прэс-сакратар кіраўніцы замежнай палітыкі Эўразьвязу Кэтрын Эштан, сказаў Радыё Свабода, што ключавым для зацьвярджэньня эмбарга будзе магчымасьць знайсьці альтэрнатыўныя крыніцы нафты.

​«Ёсьць краіны, якія атрымліваюць шмат нафты з Ірану, і таму ім трэба знайсьці альтэрнатыўныя пастаўкі. А мы апынуліся ў сытуацыі строгай эканоміі. Таму гэтую рэч трэба дакладна прадумаць» — сказаў Майкл Мэн.

У Іране экспарт нафты дае каля 50% нацыянальнага даходу. Аб’ём паставак у Эўразьвяз складае каля 17% ўсяго экспарту іранскай нафты.

Іранская дзяржаўная нафтавая кампанія заявіла, што калі Эўразьвяз увядзе эмбарга, Іран пераадрасуе гэтыя пастаўкі ў Азію, канкрэтна, у Індыю і Кітай. Аналітыкі нафтавага сэктару лічаць, што гэта магчыма, але Тэгеран будзе вымушаны прадаваць нафту азіяцкім кліентам па ніжэйшай цане, чым у Эўропу.

Вікторыя Нуланд

Вікторыя Нуланд

4 студзеня на брыфінгу для журналістаў кіраўнік прэсавай службы Дзярждэпартамэнту ЗША Вікторыя Нуланд адзначыла: «Менавіта такія крокі мы хацелі б убачыць ня толькі з боку нашых бліжэйшых саюзьнікаў і партнэраў у Эўропе, але і іншых краінаў па ўсім сьвеце. Мы лічым, што гэта цалкам адпавядае нашаму падыходу па ўзмацненьні эканамічных санкцый супраць Ірану».
XS
SM
MD
LG