Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці асуджанага Кавалёва: «Уладзіслаў нарэшце ўсьміхаецца»


Любоў Кавалёва распавяла, што яе сын Уладзислаў Кавалёў, асуджаны да сьмяротнага пакараньня за тэракт у менскім мэтро, спадзяецца абскардзіць вырак.

Ад адваката Станіслава Абразея маці даведалася, што яны ўдвох за ўчорашні дзень прачыталі 70 старонак судовага пратаколу. Па выніках вывучэньня пратаколаў будуць падрыхтаваныя заўвагі ў Вярхоўны суд. Завяршыць вывучэньне гэтага дакумэнту трэба да 16 студзеня. Але на гэта адводзіцца ня так шмат часу: 4 студзеня ім дазволілі знаёміцца з пратаколамі судовага пасяджэньня з 10.30 прыблізна да 15.40.

Любоў Кавалёва цешыцца, што Ўладзіслаў не выглядае такім змучаным, як у першыя дні пасьля прысуду, і нарэшце шчыра ўсьміхаецца — так ёй сказаў адвакат .

5 студзеня яна атрымала і ліст ад Уладзіслава. Ён піша, што яшчэ раней дасылаў віншавальныя паштоўкі з Новым годам. Аднак яны не дайшлі, кажа спадарыня Кавалёва. Цяпер сын просіць даслаць яму сямейнае фота — для маральнай падтрымкі.

30 лістапада Ўладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава прысудзілі да сьмяротнага пакараньня за тэрарызм. 7 сьнежня Кавалёў і яго абаронца падалі прэзыдэнту прашэньне аб памілаваньні і наглядную скаргу. Паводле зьвестак са СМІ, Канавалаў дакумэнты на памілаваньне не падаваў.
XS
SM
MD
LG