Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэрнэт-кавярня: што ў Тэгеране, што ў Менску


Наглядчыкі за кібэр-прасторай у Іране ўвялі новыя правілы карыстаньня сецівам у інтэрнэт-кавярнях, паведаміла іранская служба радыё Свабода.

Згодна з новымі правіламі, уласьнікам гэтых кавярняў трэба рэгістраваць пэрсанальныя дадзеныя карыстальнікаў інтэрнэтам: імя і прозьвішча, імя бацькі, нумар пашпартa, нумар тэлефона. Яны абавязаны пастаянна захоўваць гэтыя дадзеныя, разам з шасьцімесячнай гісторыяй наведваньня інтэрнэтных старонак кожным карыстальнікам.

Уласьнікі кавярняў таксама абавязаныя абсталяваць відэакамэры запісу таго, што адбываецца ў кавярнях, і захоўваць гэтыя запісы на працягу шасьці месяцаў.

Магсэн Мірбэгрэшы, намесьнік кіраўніка службы нагляду за інтэрнэтам, якая была створаная летась, сказаў журналістам, што ўласьнікі кавярняў маюць права адмовіць карыстаньня інтэрнэтам усім наведнікам, якія не пакажуць сваіх пашпартоў.

Улады тлумачаць увядзеньне новых правілаў карыстаньня інтэрнэтам патрэбай прадухіліць «крадзеж інфармацыі» праз кібэр-прастору.

У Іране здараліся выпадкі арыштаў апазыцыйных актывістаў, якія падчас пасьлявыбарчых пратэстаў у 2009 годзе выкарыстоўвалі сацыяльныя сеткі для распаўсюджваньня інфармацыі пра перасьлед з боку сілаў правапарадку.
XS
SM
MD
LG