Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская апазыцыя рыхтуе новы пратэст


Сяргей Удальцоў
Сяргей Удальцоў

У Маскве на свабоду выйшлі Сяргей Удальцоў, лідэр руху «Левы фронт» і Яраслаў Нікіценка, эколяг, удзельнік руху «Жыцьцёвае асяродзьдзе».

Абодва актывіста былі прысуджаныя да дзесяці сутак адміністрацыйнага арышту 25 сьнежня мінулага году. Суд прызнаў іх вінаватымі ў непадпарадкаваньні паліцыі.

Дзесяцідзённы тэрмін пакараньня Сяргей Удальцоў адбываў у шпіталі, дзе праходзіў курс рэабілітацыі пасьля шматдзённай сухой галадоўкі:

— Здароўе маё палепшылася: я ўжо з 25 сьнежня знаходжуся ў шпіталі, тут праходжу курс лячэньня. Не магу пакуль сказаць, што цалкам здаровы, тут мала паветра, я мала рухаюся, таму арганізм аслаблены. Спадзяюся, мне не давядзецца зноў аб’яўляць галадоўкі або рабіць яшчэ якія-небудзь захады. Магчыма, будзе неабходна працягваць лячэньне ў шпіталі/

Лідэр «Левага фронту» фактычна месяц знаходзіцца пад арыштам: яго затрымалі у Маскве 4 сьнежня на мітынгу супраць фальсыфікацый на выбарах у Дзяржаўную думу і асудзілі на 5 сутак за непадпарадкаваньне патрабаваньням паліцыі. 10 сьнежня суд прызначыў яму новы тэрмін — 15 сутак за тое, што яшчэ ў кастрычніку ён без дазволу пакінуў шпіталь пасьля арышту. 25 сьнежня судзьдзя Вольга Бараўкова прызнала лідэра «Левага фронту» вінаватым у непадпарадкаваньні паліцыі падчас пікету 24 кастрычніка і асудзіла Ўдальцова на чарговыя 10 сутак. І сам апазыцыянэр, і яго адвакаты ўпэўненыя, што рашэньні судзьдзі маюць палітычныя матывы.

На працягу сьнежня нязгодныя з прысудамі Сяргею Ўдальцову праводзілі акцыі ў падтрымку палітвязьняў. На адным з такіх пікетаў — 25 сьнежня — быў затрыманы і Яраслаў Нікіценка, актывіст рухаў «У абарону Хімкінскага лесу» і «Жыцьцёвае асяродзьдзе». Яго асудзілі на 10 сутак, тэрмін яго пакараньня таксама мінуў 4 студзеня.

Прадстаўнікі пазасыстэмнай расейскай апазыцыі маюць намер працягваць акцыі пратэсту пад лёзунгам «За сумленныя выбары», бо патрабаваньні, вылучаныя імі на Балотнай плошчы і праспэкце Сахарава, выкананыя не былі. Лідэр «Левага фронту» Сяргей Удальцоў гэтую ідэю падтрымлівае і мае намер прыняць удзел у новай акцыі.

Ён лічыць, што неабходна стварыць у Маскве і іншых расейскіх гарадах каардынацыйныя цэнтры, якія будуць прымаць рашэньні і весьці перамовы з уладай ад імя удзельнікаў сьнежаньскіх пратэстаў.

На думку Удальцова, у іх павінны ўвайсьці прадстаўнікі ўсіх апазыцыйных плыняў, грамадзянскія актывісты, дзеячы культуры. Усе рашэньні трэба прымаць калегіяльна, адкрыта і, самае галоўнае, легітымна, перакананы Ўдальцоў. Кулюарныя перамовы асобных прадстаўнікоў руху выклічуць недавер людзей, якія выходзілі на Балотную плошчу 10 сьнежня і на праспэкт акадэміка Сахарава 24 сьнежня, лічыць каардынатар руху «Левы фронт».

Новае пратэстнае мерапрыемства пад назвай «Мірнае шэсьце за сумленныя выбары» пройдзе 4 лютага — роўна за месяц да прэзыдэнцкіх выбараў. У Маскве ў якасьці месца акцыі яе арганізатары разглядаюць Новы Арбат і Садовае кола. Свой удзел у мерапрыемстве ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» ужо пацьвердзілі больш за 11 тысяч чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG