Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апэратыўна-аналітычны цэнтар і Мінсувязі супакойваюць: замежны інтэрнэт будзе


З 6 студзеня патрабаваньні да выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту сеткі інтэрнэт не мяняюцца.

«Гэтыя папраўкі прынятыя ў разьвіцьцё ўказу прэзыдэнта № 60 ад 1 лютага 2010 году, які вызначае патрабаваньні да выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту сеткі інтэрнэт. Зараз уведзена адказнасьць за канкрэтныя правапарушэньні», — заявіў Інтэрфаксу прадстаўнік Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі.

«Ня варта баяцца таго, што, напрыклад, расейскія навінавыя сайты зробяцца недасяжнымі для беларусаў», — заўважыў экспэрт. Ён патлумачыў, што на замежных трымальнікаў сайтаў, разьмешчаных па-за нацыянальным сэгмэнтам, «заканадаўства не распаўсюджваецца».

Вызначана велічыня штрафаў для правайдэраў, якія не забясьпечаць абмежаваньне доступу да інфармацыі, забароненай да распаўсюду ў адпаведнасьці з заканадаўчымі актамі. Пры гэтым суразмоўца заўважыў, што рашэньне аб уключэньні таго ці іншага рэсурсу ў пералік рэсурсаў, доступ да якіх павінен быць абмежаваны, прымаюць упаўнаважаныя органы. Яно можа быць аспрэчана ў судовым парадку.

«Тут гаворка ідзе пра інфармацыю парнаграфічнага, экстрэмісцкага зьместу, прапаганду гвалту і жорсткасьці, пра незаконны гандаль наркотыкамі, зброяй і гэтак далей», — растлумачыў прадстаўнік Мінсувязі. Ён адзначыў, што абавязковае інтэрнэт-фільтраваньне такіх сайтаў уведзена для дзяржаўных органаў, устаноў адукацыі і культуры.

«Для ўсіх астатніх — абмежаваньне ажыцьцяўляецца па жаданьні самога карыстальніка».

Апэратыўна-аналітычны цэнтар: «Грамадзяне Беларусі будуць мець доступ да замежных сайтаў»


Зьмяненьні і дапаўненьні ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях не прадугледжваюць абмежаваньня доступу грамадзянаў Беларусі да замежных сайтаў.

Пра гэта заявілі Інтэрфаксу ў Апэратыўна-аналітычным цэнтры пры прэзыдэнту Беларусі.

«Якіх-колечы абмежаваньняў па выкарыстаньні інтэрнэт-рэсурсаў для грамадзян не прадугледжваецца. Іх доступ да замежных інтэрнэт-сайтаў не абмяжоўваецца. Інфармацыя, якая распаўсюджваецца некаторымі СМІ і інтэрнэт-рэсурсамі пра ўвядзеньне ў Беларусі адказнасьці за наведваньне замежных сайтаў, не адпавядае рэчаіснасьці», — адзначылі ў Апэратыўна-аналітычным цэнтры.

Там зьвярнулі ўвагу на тое, што «заканадаўства не перашкаджае дзейнасьці беларускіх суб’ектаў гаспадараньня па рэалізацыі тавараў, выкананьні прац і аказаньні паслуг за межамі Беларусі з выкарыстаньнем замежных інтэрнэт-рэсурсаў».

«Да адміністрацыйнай адказнасьці могуць прыцягвацца толькі юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі Беларусі за ажыцьцяўленьне на яе тэрыторыі дзейнасьці па рэалізацыі тавараў, выкананьні прац і аказаньні паслуг з выкарыстаньнем інтэрнэт-рэсурсаў, разьмешчаных за межамі нацыянальнага сэгмэнту сеткі Інтэрнэт».

З 6 студзеня 2012 году ўводзіцца адміністрацыйная адказнасьць за парушэньне патрабаваньняў па выкарыстаньні нацыянальнага сэгмэнту сеткі Інтэрнэт. Гэтыя зьмены ўводзяцца ў мэтах рэалізацыі патрабаваньняў указу прэзыдэнта № 60.

«Яны закліканы стварыць спрыяльныя ўмовы для суб’ектаў гаспадараньня Беларусі, забясьпечыць празрыстасьць інтэрнэт-гандлю, абараніць інтарэсы беларускіх інтэрнэт-карыстальнікаў ад забароненай да распаўсюджваньня заканадаўствам інфармацыі (гандаль людзьмі, парнаграфічныя матэрыялы, прапаганда гвалту, жорсткасьці і г.д.), стварыць умовы для абароны гонару і годнасьці», — адзначылі ў ААЦ.
XS
SM
MD
LG