Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: Актывіста незалежнага прафсаюза звальняюць з працы


Актывіст незалежнага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксей Паўлоўскі атрымаў паведамленьне, што адміністрацыя прадпрыемства «Прамжылбуд», дзе ён працуе, не працягну кантракт зь ім.

Паўлоўскі робіць мулярам у акцыянэрным таварыстве «Прамжылбуд». Фармальная прычына — сканчэньне тэрміну дзеяньня працоўнага кантракту.

Аляксей Паўлоўскі сьцьвярджае, што звальняюць яго за абарону правоў працоўных.

«З працы ў нас звальняюць ні за прагулы, ні за п’янкі, а за тое, што ты спрабуеш бараніць правы на годныя ўмовы працы. Я ўздымаў пытаньні па спэцвопратцы, бытавых памяшканьнях, па выплаце заробкаў. Дапамагаў іншым працоўным пісаць скаргі. Вось за гэта і ня хочуць мець са мной працоўных адносінаў», — заявіў Аляксей Паўлоўскі.

Паўлоўскі вядомы ў Магілёве сваімі зваротамі й скаргамі з рознымі патрабаваньнямі да кіраўніцтва вобласьці і Беларусі. Пад зваротамі падпісваюцца па некалькі дзесяткаў чалавек.

Апошні раз актывіст патрабаваў ад аблвыканкаму адклікаць вылучэньне Лідзіі Ярмошынай у Цэнтральную выбарчую камісію Беларусі. Аляксей Паўлоўскі лічыць, што яго допісы таксама паўплывалі на тое, каб зь ім не працягнулі кантракт.

«Мне так і сказалі, што я дужа вядомы чалавек. Шмат пішу. У зваротах я ж пазначаю, дзе я працую. Акрамя таго, падпісваюцца й мае калегі па будоўлі», — кажа Паўлоўскі.

У аддзеле кадраў «Прамжылбуда» пацьвердзілі, што з Паўлоўскім ня будзе працягнуты кантракт. Апошні яго працоўны дзень — 10 лютага.

Аляксей Паўлоўскі мае больш за трыццаць гадоў працоўнага стажу. У яго пяты разрад муляра. У «Прамжылбудзе» кантракт зь ім быў заключаны на год.
XS
SM
MD
LG