Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь завінавацілася 104,5 трыльёна рублёў


Дзяржаўная запызачанасьць Рэспублікі Беларусь за апошні год павялічылася на 242,3% і складае 104,5 трлн. рублёў.

Рост абумоўлены пераацэнкай зьнешняй запазычанасьці ў выніку дэвальвацыі беларускага рубля ў траўні і кастрычніку 2011 году, паведамляе БелаПАН са спасылкай на Міністэрства фінансаў.

Зьнешняя запазычанасьць складае 11,4 млрд даляраў. Яе рост, паводле інфармацыі Мінфіна, абумоўлены прыцягненьнем незьвязаных крэдытных рэсурсаў для папаўненьня золатавалютных рэзэрваў. Гэта аблігацыі на міжнародным фінансавым рынку (800 млн даляраў), крэдыт Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС (800 млн даляраў). Апроч таго, на рост запазычанасьці паўплывала фінансаваньне за кошт зьнешніх дзяржаўных займаў, інвэстыцыйных праектаў у сфэры энэргетыкі, прамысловасьці і будаўнічных матэрыялаў, сацыяльнай сфэры.

Унутраная запазычанасьць Беларусі складае 6,6 трлн рублёў (тэмп росту 217,5%). Яе рост зьвязаны з выпускам дзяржаўных аблігацый у мэтах рэалізацыі ўказу прэзыдэнта ад 22 лютага 2011 году № 65 «Пра некаторыя пытаньні фінансаваньня будаўніцтва аб’ектаў інжынэрнай і транспартнай інфраструктуры для раёнаў жылой забудовы і аб’ектаў інфраструктуры атамнай электрастанцыі ў Рэспубліцы Беларусь». Апроч таго на рост унутранай запазычанасьці паўплывала разьмяшчэньне дзяржаўных аблігацый, намінаваных у замежнай валюце, з мэтай папаўненьня золатавалютных рэзэрваў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG