Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тыя, каго пасадзілі, лічаць тых, каго не пасадзілі, таемнымі агентамі і правакатарамі...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Для сёньняшняй перадачы я выбраў пераважна пераднавагоднюю пошту «Свабоды» — тыя допісы, аўтары якіх спрабуюць асэнсаваць і абагульніць падзеі і зьявы мінулага 2011-га году і зазірнуць у год новы, які адлічвае свае першыя дні.

Пачну размову зь ліста нашага даўняга сябра Васіля Завадзкага з Маладэчна, за плячыма якога — 80-гадовы жыцьцёвы досьвед.

«Вельмі хочацца, каб Новы год прынёс зьмены ў наша жыцьцё. І найперш — каб былі выпушчаны на волю ўсе палітзьняволеныя, каб спыніліся зьдзекі зь іх, — піша слухач. — Гэта вельмі вялікі грэх. Цяперашнім валадарам ды іхным прыслужнікам здаецца, што іхнае панаваньне будзе доўжыцца вечна. Але час няўмольны. Надыдзе старасьць, стануць яны нікому не патрэбнымі, застануцца без пасадаў і ўлады. І чакаюць іх наперадзе бяссонныя ночы: нявінныя ахвяры будуць стаяць у іх перад вачыма. Я ведаю такіх людзей, якія ў 60-я гады працавалі ў савецкіх турмах, а потым пакутавалі да сваіх апошніх дзён...»

Далей у лісьце Васіль Завадзкі зьвяртаецца да тэмы распаду Савецкага Саюзу, якая ў мінулым сьнежні часта гучала ў нашым эфіры з нагоды 20-годзьдзя віскулёўскіх пагадненьняў. Слухач піша:

«Слухаў нядаўна перадачу, у якой за круглым сталом сабраліся былыя чыноўнікі. Многія сышліся на тым, што Віскулі прынесьлі свабоду і незалежнасьць дзяржавам былога СССР. Увогуле, нагаварылі яны шмат рознага, але чамусьці ніхто зь іх не згадаў пра спэцпайкі, якія атрымлівалі яны, будучы камуністычнымі чыноўнікамі, як мелі магчымасьць атрымліваць адзеньне, недаступнае простым сьмяротным. Не сказана таксама было пра тое, што вялікія грашовыя сродкі ў валюце пералічваліся тады на падрыўную дзейнасьць камуністычных партый ва ўсім сьвеце. З распадам Савецкага Саюзу многія з гэтых партый, пазбаўленыя маскоўскіх грошай, проста зьніклі»

Сапраўды, спадар Васіль, напрыканцы 80-х і на пачатку 90-х гадоў, калі разгортвалася барацьба з кампартыйнай намэнклятурай, людзей абуралі найперш прывілеі савецкіх чыноўнікаў: прадуктовыя пайкі з дэфіцытнай вэнджанай каўбасой, пэрсанальныя «Волгі», магчымасьць для некаторых чыноўнікаў набываць без чаргі андатравую шапку ці югаслаўскі гарнітур... Заўважым, што Аляксандар Лукашэнка вёў сваю першую прэзыдэнцкую кампанію ў 93–94-м гадах менавіта пад лёзунгамі барацьбы з карупцыяй і прывілеямі намэнклятуры. Сёньня, праз 18 гадоў, на тле цяперашняга чыноўніцкага жыцьця тыя прывілеі выглядаюць дробязна і сьмешна. Якая сыравэнджаная каўбаса, якая задрыпаная «Волга» альбо нягеглая андатравая «вушанка»? Сёньняшні высокапастаўлены намэнклятурны чыноўнік прэтэндуе на асабісты палац у Драздах коштам пад мільён даляраў, на шыкоўны новы «Мэрсэдэс» за 100 тысяч даляраў, на пэрсанальны аклад і пажыцьцёвую пэнсію, якія ў дзясяткі разоў вышэйшыя, чым заробкі і пэнсіі шараговых грамадзянаў...

✉ ✉ ✉
Наступны ліст даслаў нам Лявон Брагінскі зь Менску, якога даўно турбуе і непакоіць праблема захаваньня нацыянальнай ідэнтычнасьці беларусаў. Слухач піша:

«Які ўладны сродак масавай інфармацыі ні вазьмі — усюды ідзе гаворка пра так званую „пятую калёну“, якая вінаватая ва ўсіх нашых бедах. Вось хто, аказваецца, замінае гаварыць беларусам па-беларуску, ствараць на роднай мове мульцікі ды дамагчыся адкрыцьця беларускамоўнай праграмы „Эўраньюз“. Ды Бог ім судзьдзя. Галоўная наша надзея, відаць, — першая калёна, у якой уся ўлада ў руках. Яна, праўда, толькі „говорит и показывает“. Уключы ТВ, разгарні газэту ці часопіс — і ты адразу зразумееш, як у нас усё стабільна, непарушна, непераўзыдзена і шчасьліва. Адным словам — „Сьпі спакойна — баю-бай, і адразу засынай...“ Ды вось нешта ня сьпіцца.

...Першая калёна — эліта — фармуе нацыю. Але ў якіх формах і ў чыіх інтарэсах адбываецца гэты працэс? Назіраючы за нашым жыцьцём, няцяжка зразумець. Як гаварылі ў такіх выпадках старыя людзі, ні ад каго так не нацерпісься, як ад суседа. Наша беларускае жыцьцё — як карабель на штармавым моры. Праўда, пакуль не патануў, а толькі перакуліўся. Ды так, што кіль — зьверху, а мачты зь ветразямі — пад бруднай вадой».

Так, спадар Лявон, ужыты вамі красамоўны вобраз, відаць, у бліжэйшай будучыні застанецца актуальным. Якія могуць быць спадзяваньні, напрыклад, на беларускамоўную вэрсію тэлеканала «Эўраньюз», калі нават і рускамоўную праграму гэтага канала ад 1 студзеня дзяржаўны апэратар кабэльнага тэлебачаньня МТІС без тлумачэньня прычынаў адключыў. Замест яго ў сетцы будзе расейскі канал «НТВ+киноплюс». Напэўна, уладам здаецца, што гэткім спосабам яны здолеюць прымусіць менчукоў замест аб’ектыўных навінных праграмаў глядзець расейскія мыльныя тэлесэрыялы... Але, мяркую, больш рэалістычны іншы працяг гэтай гісторыі: абураныя тэлегледачы пачнуць адмаўляцца ад паслугаў такога кабэльнага апэратара. Тым больш што «Эўраньюз» можна свабодна глядзець праз спадарожнікавыя антэны.

✉ ✉ ✉
Аўтар наступнага ліста Артур Пасякевіч з Наваполацку расчараваны палітычнымі вынікамі мінулага году і лічыць, што працяг далейшай барацьбы дэмакратычных актывістаў у сёньняшніх беларускіх умовах ня можа прынесьці плёну. Слухач піша:

«Мінулы год быў жудасны для беларусаў. Беларускі рубель імкліва абясцэньваўся, цэны ашалелі... Людзей увесь час апаноўвала паніка — то валютная, то цукровая, то мясная...

А што з апазыцыяй? Адна частка — у турме, другая — дэмаралізаваная. Тыя, каго пасадзілі, лічаць тых, каго не пасадзілі, таемнымі агентамі і правакатарамі. Дэмакратычная супольнасьць перайшла ў яшчэ больш падпольны стан.

Улічваючы сёньняшнюю сытуацыю, можна падсумаваць, што шматгадовы праект беларускай апазыцыі пад умоўнай назвай „Плошча“ пацярпеў крах. Дай Бог, калі гэты крах — часовы. А калі не?

Эканамічны крызіс у 2011 годзе не прывёў да грамадзкіх пратэстаў. Прычынай таго былі адвечная пасіўнасьць беларусаў і вялікі (але зараз ужо ня надта моцны) прапагандысцкі апарат Лукашэнкі. Пазьней дапамагла Расея — падкінула грошай за „Белтрансгаз“ — і ў выніку крызіс быў замарожаны. Але гэта — не надоўга...

Што нам цяпер рабіць? Я лічу, часова трэба перавесьці барацьбу ў сфэру культуры. Нам патрэбна новае пакаленьне з эўропацэнтрычным беларускім мысьленьнем. Неабходна такое пакаленьне, якое, нават увайшоўшы ў Лукашэнкаву намэнклятуру, будзе падрываць дыктатуру знутры. Працягласьць такой барацьбы вымяраецца ня выбарнымі цыклямі, а пакаленьнямі».

Наўрад ці гэта магчыма, спадар Артур, — засяродзіцца на вырошчваньні нейкага асаблівага пакаленьня беларусаў, а на гэты час адкласьці ўбок усе штодзённыя актуальныя справы, палітычную барацьбу, змаганьне за свабоду і дэмакратыю ў сваёй краіне. Новае пакаленьне якраз і падрастае, і фармуецца, назіраючы і беручы ўдзел у гэтых будзённых грамадзкіх падзеях — пратэстах, імпрэзах, ініцыятывах. Жыцьцё немагчыма адкласьці на потым.

А ўвогуле, ня думаю, што запатрабуецца зьмена яшчэ аднаго пакаленьня на тое, каб у Беларусі адбыліся палітычныя перамены. Аўтарытарны рэжым у Беларусі перажывае сёньня зусім ня росквіт.

✉ ✉ ✉
Кароткі электронны ліст ад нашага даўняга слухача Валерыя Грыцука зь Менску. Разам з навагоднім віншаваньнем ён даслаў на мой адрас і папрок:

«Шкада, спадар Валянцін, што вы крыху парушалі прынцыпы Радыё Свабода, прынцыпы Дэмакратыі. Вы не далі мой адказ на вашы несправядлівыя „закіды“ і мэтафары...

Вось прыклад Бяляцкага. Ён сьвядома пайшоў за краты. Вынік? „Народ“ не падняўся ў пратэсьце! Нават усіх грошай на кампэнсацыю не сабралі. Але асабісты вынік для яго будзе — ён атрымае Нобэлеўскую прэмію. То бок ахвяра ня будзе дарэмнай, бо прэмія патрэбная і для ўсёй Беларусі. Ніхто іншы зь беларусаў ня мае шанцаў на такую прэмію.

Выснова: то навошта ісьці за краты? Няма сэнсу, калі ты не кандыдат у прэзыдэнты.

Вось такія мае развагі. Кожная дзейнасьць павінна быць эфэктыўнай, а ня проста балбатнёй , „інфармацыйнай нагодай“ і падставай для зарплаты журналістам».
Подпіс: «Валерый Грыцук, змагар эфэктыўны».

На жаль, спадар Валер, мы ня маем магчымасьці распачынаць зацяжныя дыскусіі вакол кожнага ліста. Адно — што дзеля гэтага бракуе месца ў эфіры; а другое — ці будуць такія дыскусіі цікавымі для іншых слухачоў?

Што да вашай безапэляцыйнай высновы пра тое, што Алесь Бяляцкі атрымае Нобэлеўскую прэмію і што «ніхто іншы зь беларусаў ня мае шанцаў на такую прэмію». Рашэньне Нобэлеўскага камітэту, як усе ня раз пераконваліся, прадказаць цяжка. Можна гаварыць толькі пра шанцы. У свой час вялікія шанцы на тое, каб стаць першым сярод беларусаў ляўрэатам Нобэля, меў Васіль Быкаў. І вельмі шкада, што гэтага ня здарылася пры жыцьці вялікага пісьменьніка....

✉ ✉ ✉
Вельмі ўважліва на працягу ўсяго мінулага году сачыў за праграмай «Падарожжы Свабоды» наш слухач Віталь Бажко зь вёскі Даманава Івацэвіцкага раёну. У сваім лісьце ў рэдакцыю ён зьвяртаецца з наступнай просьбай:

«Вашы карэспандэнты Зьміцер Бартосік, Віталь Сямашка, а таксама зрэдку Ягор Маёрчык у асноўным бываюць у Менскай, Магілёўскай, Гомельскай і Віцебскай абласьцях. А вось на Гарадзеншчыну ды Берасьцейшчыну выяжджалі толькі некалькі разоў — наколькі я памятаю, у Жабінкаўскі, Драгічынскі ды Баранавіцкі раёны. Пабывайце, калі ласка, у нас у Івацэвіцкім раёне. Паверце, тут нямала людзей, якія вас пастаянна слухаюць і актыўна цікавяцца праўдзівымі навінамі. Асабіста мне Беларуская Свабода вельмі падабаецца. І я, і мае аднадумцы вельмі б хацелі паразмаўляць з вамі асабіста і ўбачыць журналістаў „Свабоды“ ў нашых краях».

Мы ўдзячныя вам, Віталь, і за добрыя словы, і за гэтую прапанову. Абавязкова абмяркуем яе з нашымі журналістамі, якія рыхтуюць праграму «Падарожжы Свабоды». Думаю, неўзабаве яны завітаюць і да вас у Івацэвіцкі раён.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG