Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Каваленка адмаўляецца спыніць галадоўку пратэсту


Сяргей Каваленка

Сяргей Каваленка

З віцебскім актывістам, якога зьмясьцілі пад арышт у СІЗА на час расьследваньня крымінальнай справы, 4 студзеня сустрэўся адвакат.

Жонка Сяргея Каваленкі, спадарыня Алена, прасіла адваката, каб ён адгаварыў свайго падабароннага ад галадоўкі, якая доўжыцца ўжо 17-ты дзень:

«Я прасіла, каб адвакат пераканаў Сяргея спыніць галадоўку, бо яго й так усе падтрымліваюць — навошта такія ахвяры ўласным здароўем? Але муж сказаў Пятру Каваленку — у нас з адвакатам аднолькавыя прозьвішчы, — што галадоўку спыніць толькі тады, калі яго вызваляць. Я не ўяўляю, калі гэта здарыцца, і што будзе зь Сяргеем да таго часу. Пакуль, кажа адвакат, ён выглядае здавальняюча. Пэрыядычна яго аглядае лекар. Я ведаю, што падчас галадоўкі ў арганізме вымываюцца пэўныя рэчывы, але мне не дазваляюць перадаць Сяргею мінэральную ваду, і я нічым не магу яму дапамагчы!»

Алена Каваленка зьбіраецца 5 студзеня пайсьці ў СІЗА, каб сустрэцца з тамтэйшымі мэдработнікамі ды папрасіць, каб яны паспрыялі атрыманьню дазволу на перадачу пітной мінэральнай вады. Таксама жонка спадзяецца атрымаць зь Сяргеем спатканьне і таксама паспрабаваць пераканаць яго, каб галадоўку пратэсту актывіст усё ж спыніў.

У сьледчы ізалятар Сяргея Каваленку зьмясьціілі два тыдні таму, калі супраць яго была распачата крымінальная справа паводле артыкулу 415 «Ухіленьне ад адбываньня пакараньня». Яго вінавацяць у парушэньні рэжыму «хатняй хіміі» — умоўнага пакараньня, прысуджанага сябру КХП БНФ за тое, што 7 студзеня 2010 году ён вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на навагодняй ёлцы ў Віцебску.

Сяргей Каваленка лічыць абвінавачаньні беспадстаўнымі, расцэньвае іх як ціск з боку супрацоўнікаў інспэкцыі па выкананьні пакараньняў. На некарэктнае стаўленьне да сябе з боку гэтых службоўцаў ён незадоўга да арышту напісаў некалькі скаргаў у абласную пракуратуру.
XS
SM
MD
LG