Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэцяя частка беларусаў штодня карыстаецца інтэрнэтам


Колькасьць інтэрнаўтаў у веку больш як 50 гадоў павялічылася.

Колькасьць інтэрнаўтаў у веку больш як 50 гадоў павялічылася.

4.063.177 — такую лічбу беларускіх інтэрнэт-карыстальнікаў зафіксавала ў лістападзе 2011 году Міжнароднае дасьледчае агенцтва Gemius.

Гэта азначае, што больш за 50% беларусаў, старэйшых за 15 гадоў, хаця б раз у месяц уваходзілі ў глябальную сетку. Пры гэтым больш як 76 працэнтаў апытаных паведамілі, што карыстаюцца інтэрнэтам кожны дзень.

Найбольш адданым інтэрнаўтам — ад 25 да 44 гадоў. Пры гэтым самая актыўная ўзроставая група (25-34 гады) складае каля 30% усёй інтэрнэт-аўдыторыі. 6,5% — гэта людзі, старэйшыя за 55 гадоў

Большасьць карыстальнікаў маюць вышэйшую (36,41%) ці сярэдне-спецыяльную (27,72%) адукацыю. Каля 24% называюць сябе спэцыялістамі, 16% — студэнты ці школьнікі, а хатніх гаспадыняў і пэнсіянэраў амаль пароўну — 3,6 і 3,1%. Амаль 30% аўдыторыі вызначылі свой род заняткаў як «іншы». Беспрацоўнымі назвалі сябе 2,3%.

Узровень пранікненьня інтэрнэту ў Беларусі


У лідэрах па месцы пражываньня інтэрнэт-карыстальнікаў Менск і Менская вобласьць (38,42%). Астатняя інтэрнэт-аўдыторыя досыць раўнамерна разьмеркаваная па іншых абласьцях Беларусі.

Каля 19% аўдыторыі паведамілі, што іхны даход складае ад 500 тысяч рублёў да мільёна, і гэта самы распаўсюджаны варыянт адказу. Каля 18% маюць даход ад аднаго мільёна да паўтара. Такіх, хто прызнаў, што маюць больш за 5 мільёнаў рублёў у месяц, — 3 працэнты. А 10,45% пазначылі, што зусім ня маюць даходу.

Пры гэтым больш як 90% удзельнікаў заявілі, што выходзяць у глябальную сетку з дому. А амаль 64 працэнты зьяўляюцца асноўнымі карыстальнікамі кампутара, зь якога ажыцьцяўляецца доступ.

Міхаіл Дарашэвіч

Міхаіл Дарашэвіч

Міхаіл Дарашэвіч, кіраўнік прадстаўніцтва Gemius у Беларусі, пракамэнтаваў, як мяняўся сацыяльны партрэт беларускага інтэрнэт-карыстальніка:

«Па-першае, сярод інтэрнэт-карыстальнікаў стала больш жанчынаў, чым мужчын. У прынцыпе, гэта заўжды характарыстыка разьвітасьці інтэрнэта. Ва ўсіх суседніх рынках колькасьць інтэрнэт-карыстальнікаў-жанчынаў большая, і яны больш актыўныя.

Другая важная рэч: у нашым інтэрнэце вялікая доля людзей ва ўзросьце 15-24, гэта значыць, у нас самая маладая аўдыторыя. Але з разьвіцьцём інфраструктуры пачала павялічвацца колькасьць людзей ва ўзросьце 50+. І гэта вельмі важна, бо адмысловых спосабаў навучаньня сталых людзей, як карыстацца кампутарам і інтэрнэтам, ня так шмат. Гэта таксама паказчык таго, што інтэрнэт разьвіваецца.

І трэба памятаць пра тое, што ў нас ня вельмі вялікая колькасьць працоўных месцаў зьвязаная з інтэрнэтам. Таму высокая доля тых, хто выкарыстоўвае інтэрнэт дома. Хаця павялічваецца колькасьць тых, хто выходзіць у сетку з навучальных устаноў.

Працягвае расьці колькасьць людзей, якія выкарыстоўваюць мабільнае злучэньне.

Інтэрнэт стаў ня толькі месцам, куды людзі заходзяць даведацца пра курс валют, надвор’е і апошнія навіны. Гэта ўжо паўнавартаснае асяродьдзе. І мяне цешыць рост інтэрнэт-карыстальнікаў у Беларусі, бо інтэрнэт — гэта карысная рэч і карысны інструмэнт. Колькасьць інтэрнэт-карыстальнікаў — гэта дастаткова інтэграваная характарыстыка, бо яна дае магчымасьць ацэньваць і эканамічнае разьвіцьцё краіны, і ўзровень інфраструктуры, і адукацыйны ўзровень, і магчымасьці, якія ў іх зьяўляюцца. Чым больш будзе адукаваных інтэрнэт-карыстальнікаў, тым лепш будзе для краіны».
XS
SM
MD
LG