Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радыяцыя нагадала пра сябе


Пра павышаны ўзровень радыяцыі ў пяці райцэнтрах на Гомельшчыне й Магілёўшчыне заявілі спэцыялісты Рэспубліканскага цэнтру радыяцыйнага кантролю і маніторынгу навакольнага асяродзьдзя.

Паводле дасьледчыкаў, найбольшыя дозы гама-выпраменьваня фіксуюцца цяпер у Брагіне, Хойніках, Нароўлі, Слаўгарадзе. А на гэтых забруджаных тэрыторыях людзі працуюць і гадуюць дзяцей.

Гомельшчына


На Гомельшчыне самы высокі радыяцыйны ўзровень захоўваецца ў Брагіне. Супрацоўніца мясцовай мэтэаралягічнай станцыі спадарыня Валянціна кажа, што пакуль ніякіх зьменаў у арганізацыі маніторынгу няма. Як мералі радыяцыйны гама-фон, так і працягваюць мераць.

«У нас радыяцыйны фон павышаны. Мы на першым месцы па радыяцыі ў нашай Гомельскай вобласьці. 0,53–0,55 мікразывэрта. У нас пастаянна такі. Летам 0,70, зімою каля 0,50 трымаецца. Пастаянна так, колькі ўжо тут працуем».

Пасьля Чарнобылю дзьве траціны жыхароў Брагіна пакінулі райцэнтар. Цяпер тут каля 4 тысяч жыхароў. Многія прыехалі з былых рэспублік СССР. Іх прываблівае сюды бясплатнае жытло. З працай нашмат горш.

«Сюды папрыяжджалі чужыя людзі — з Казахстану, з Данбасу. Дамы для іх будуюць, але дзе гэтым людзям працаваць? Лепш бы нейкую вытворчасьць дзяржава заснавала. А то дамы будуюць, а працаваць няма дзе. Таму прыкладна палова мужчынскага насельніцтва выехала ўжо ў Расею. Хутка мы зусім застанемся без мужчын».

Магілёўшчына


На Магілёўшчыне некалькі раёнаў пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Тысячы сем’яў перасялілі ў іншыя мясьціны, сотні вёсак ліквідатары зруйнавалі. Тым ня менш радыяцыя ня выветрылася. Напрыклад, Слаўгарадчына названая сярод раёнаў з высокім узроўнем радыяцыйнага забруджаньня.

Жыхары Слаўгараду кажуць, што даўно звыкліся з радыяцыяй. Яна жыць не перашкаджае, заяўляюць яны. Раней публікавалі ў «раёнцы» зводкі вымярэньняў. Цяпер — зрэдку, і то пра асобныя мясьціны, кажа жыхарка райцэнтру Вера Васільеўна.
Чорныя грузды вымочваем, каб былі чыстыя ад радыяцыі.

«У лесе ў нас заўжды поўна людзей. Зьбіраюць і грыбы, і чарніцы, і ўсё на сьвеце. Я нават набываю чарніцы, нават не правяраю яе. Я вось ведаю,што чорныя грузды — яны звычайна радыяцыйныя, але іх засольваем з вымочваньнем, і чыстымі яны становяцца, гэтыя грузды. Вось так людзі прыстасаваліся».

На ўладу людзі даўно махнулі рукой, заяўляе Вера Васільеўна:

«Чым яна можа дапамагчы, калі „чарнобыльскія“ зьнялі? Вось мая прыяцелька зьехала ў Расею, дык яна кажа, што ёй надбаўка за Чарнобыль. Ну дык ці ня сьмешна? У Расеі даплочваюць за тое, што яна са Слаўгараду, а ў нас наагул усё паздымалі».

У раённай санэпідэмстанцыі прызнаюць, што на асобных тэрыторыях узровень радыяцыйнага забруджаньня перавышае дапушчальныя нормы, аднак аспрэчваецца тое, што ўвесь раён «фаніць» ад радыяцыйных элемэнтаў.

«Есьць такія пункты, што ў пачатку вёскі 0,10 мікразывэрта, а ў канцы вёскі — 0,25. У сярэднім разьлічваецца — і выходзіць, што ўсяго толькі 0,14 сярэдняе значэньне. У вёсцы Кульчыцы паводле дакумэнтаў жыве адзін чалавек, але фактычна ён там не жыве. Дык у гэтай вёсцы на горачцы 0,15, а ўнізе — больш за 50 мікразывэртаў. У нас сёлета, ніколі такога не было — насельніцтва прынесла на тры пробы рыбы. Усе тры не адпавядалі дапушчальнаму ўзроўню», кажа спэцыялістка санэпідэмстанцыі.
У гэтай вёсцы на горачцы 0,15, а ўнізе — больш за 50 мікразывэртаў.

Паводле суразмоўніцы, натуральны фон асяродзьдзя — 0,10 мікразывэрта. Усё, што болей — гэта наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Слаўгарадзкія мэдыкі адзначаюць, што ў раёне павялічылася колькасьць людзей з захворваньнямі органаў дыханьня:

«І пнэўманія ў нас павялічылася, і бранхіяльная астма, і хранічныя абструктыўныя бранхіты. З-за цяжкога эканамічнага становішча многія пацыенты, асабліва пэнсіянэры, ня могуць набываць сабе лекі і ўсё, што ім патрэбна. Яны сябе ў гэтым абмяжоўваюць», зазначае супрацоўніца слаўгарадзкай лякарні.

У 2011 годзе мясцовыя мэдыкі выявілі трох чалавек, у чыім арганізьме быў перавышаны радыяцыйны фон. Усе яны, як высьветлілася, — аматары пазьбіраць дарункі лесу і паляўнічыя. Колькі такіх людзей засталіся нявыяўленымі, невядома.

У мясцовага паляўнічага Аляксандра пацікавіўся, ці забруджаная дзічына ў раёне. Той кажа, што так, асабліва дзікі.

«Як толькі з палёў убралі сельгаскультуры, кабан пайшоў на натуральныя кармы ў лес. Вось там пачынае набірацца. Самая вялікая радыяцыя — пры канцы зімы і да моманту, пакуль ізноў не пачнуць на палях сеяць. Сеюць жа чыстае».
Самая вялікая радыяцыя — пры канцы зімы і да моманту, пакуль ізноў не пачнуць на палях сеяць. Сеюць жа чыстае.

На пачатак 1994 году ўсе 45689 гектараў сельгасугодзьдзяў Слаўгарадзкага раёну былі забруджаныя, зь іх на васьмідзесяці працэнтах узровень радыяцыі перавышаў 5 кюры на квадратны кілямэтар. Цяпер у раёне актыўна вядуцца сельскагаспадарчыя працы.

Начальнік службы радыяцыйнага кантролю Рэспубліканскага цэнтру радыяцыйнага кантролю і маніторынгу навакольнага асяродзьдзя Сьвятлана Пясецкая паведаміла «Свабодзе», што ў сувязі зь фінансавым крызісам сёлета адбудуцца змушаныя зьмены ў маніторынгу атмасфэрнага паветра:

«Асобныя пункты гарызантальных назіраньняў, у залежнасьці ад узроўню фінансаваньня, мы можам перавесьці ў дзяжурны рэжым, то бок пробы будуць назапашвацца не штодзённа, а цягам аднаго тыдня».

Суразмоўца ўдакладніла, што эканомія бюджэтных сродкаў вымагае прасіць дапамогі ў міжнародных арганізацыяў:

«Найперш разьлічваем на дапамогу МАГАТЭ па пастаўцы ў Беларусь дзьвюх аэразольных станцыяў.Таксама мы спадзяемся, што маніторынгавыя працы, якія ажыцьцяўляюцца ў рамках дзяржаўнай праграмы, яны будуць праіндэксаваныя. Мы на гэта вельмі разьлічваем і таму пакуль не зьмяншаем колькасьць пунктаў назіраньня».

Па словах суразмоўцы, будаўніцтва АЭС на Гарадзеншчыне таксама абцяжарвае сытуацыю ў маніторынгу:

«Мы не зьбіраемся скарачаць дзяржпраграму. Будзем імкнуцца яе аптымізаваць з улікам новых задач — гэта будаўніцтва АЭС у Астравецкім раёне і закрыцьцё Ігналінскай АЭС»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG