Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы падпалкоўнік міліцыі Казлоў патрабуе завесьці крымінальную справу на былых калегаў


Мікалай Казлоў

Мікалай Казлоў

Былы падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў спрабуе абскардзіць адміністрацыйнае пакараньне, якое ён атрымаў пасьля 19 сьнежня.

Пра намер судзіцца з прадстаўнікамі ўладаў заяўляюць і іншыя арыштаваныя ў гадавіну Плошчы.

Мікалай Казлоў накіраваў у пракуратуру скаргу на міліцыянтаў, якія яго затрымлівалі 19 сьнежня. Паводле былога міліцыянта, гэта было на вуліцы Энгельса, але ў пратаколе супрацоўнікі Маскоўскага РАУС напісалі, што затрыманьне адбывалася нібыта непадалёк ад Чырвонага касьцёла, дзе ў той дзень людзі ўсталёўвалі сьвечкі на гадавіну Плошчы. Таксама Мікалай Казлоў паскардзіўся на судзьдзю Маскоўскага суду Алену Чарняк, якая пакарала яго 5 суткамі адміністрацыйнага арышту:

«У першай заяве я пэўна прашу прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці гэтых двух міліцыянтаў, якія, як я лічу, падчас службы сфальсыфікавалі рапарт. Мяркую, гэта злачынства крымінальнае. А на суд скарджуся таму, што ён прыняў неправамернае рашэньне. Бо я лічу, што было дастаткова магчымасьцяў высьветліць праўду на працэсе».

20 сьнежня на працэсе над Мікалаем Казловым суд па ягоным хадайніцтве запатрабаваў дадзеныя кампаніі мабільнай сувязі адносна месцазнаходжаньня тэлефона Казлова. З гэтых дадзеных вынікала, што за некалькі хвілін да затрыманьня былы міліцыянт знаходзіўся каля Кастрычніцкай плошчы, між тым у пратаколе затрыманьня было пазначана, што яго затрымалі на вуліцы Савецкай. Аднак судзьдзя Алена Чарняк паверыла паказаньням міліцыянтаў з Маскоўскага РАУС. Мікалай Казлоў кажа, што будзе настойваць на разглядзе сваіх скаргаў і ня мае намеру адступаць, нават калі іх не задаволіць суд першай інстанцыі.

Днямі стала вядома, што яшчэ адзін арыштант 19 сьнежня, 18-гадовы жыхар Маладэчна Павал Сяргей адлічаны зь мясцовага палітэхнічнага ліцэю за пропускі заняткаў. 4 сьнежня Павал Сяргей выехаў у Менск, каб забраць зь міліцыі рэчы і дакумэнты, якія ў яго адабралі напярэдадні 10-суткавага арышту. Маці хлопца Сьвятлана непакоіцца за лёс сына, які недавучыўся і цяпер не атрымае нават атэстат аб сярэдняй адукацыі:

«Заставалася паўгода. Прасіла, умаляла…Скончыў бы і потым ваяваў за свабоду, за справядлівасьць. Канечне, я разумею, што ён нічога незаконнага не рабіў, проста прыйшоў да касьцёла, але што цяпер? Там у ліцэі на гэта ж не паглядзелі».

Адлічаны зь Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі і былы палітвязень Уладзімер Яроменак, які пасьля 19 сьнежня быў пакараны на 15 дзён адміністрацыйнага арышту і ў ізалятары трымаў галадоўку.

Праваабаронцы «Вясны» кажуць, што ў выпадку звароту ў суд акажуць адлічаным усю неабходную прававую дапамогу. Праваабаронца Валянцін Стэфановіч нагадвае, што Беларусь ратыфікавала шэраг міжнародных пагадненьняў, паводле якіх абмяжоўваць права грамадзян на сходы магчыма толькі ў выпадку нацыянальнай пагрозы ці пагрозы грамадзкай бясьпецы:

«Людзі, якія 19 сьнежня стаялі са зьнічкамі каля касьцёла, ніякім чынам не ўяўлялі пагрозы нацыянальнай бясьпецы, ці грамадзкаму парадку, ці здароўю грамадзянаў, ці маральнасьці. Таму іх затрыманьні, а тым больш адміністрацыйнае пакараньне, былі цалкам незаконныя. Гэта яўныя парушэньні іх правоў».

У ізалятары на Акрэсьціна працягвае адбываць адміністрацыйны арышт актывіст «Гавары праўду» Павал Вінаградаў, якога выклікалі 30 сьнежня ў міліцыю на размову і асудзілі на 7 сутак нібыта за лаянку. За кратамі Павал Вінаградаў трымае галадоўку. Жонка актывіста Сьвятлана распавяла:

«Мне сёньня пазваніў Яроменак, які зь ім сядзеў і ўчора выйшаў. Перадаў на словах, што ў яго ўсё збольшага нармальна, настрой добры, працягвае галадоўку. Папрасіў перадаць вады і соку».
XS
SM
MD
LG