Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Беларусі плянуюць завяршыць продаж дзяржаўнай долі ў беларуска-расейскім СТАА «Мабільныя Тэлесыстэмы» да канца студзеня 2012 году.

Гэта вынікае з ацэнкі справаздачы Міністэрства фінансаў Беларусі пра выкананьне ўмоў другога транша крэдыту Антыкрызіснага фонду Эўразэс. Ацэнка падрыхтаваная Эўразійскім банкам разьвіцьця, які кіруе сродкамі фонду.

Нагадаем, на аўкцыён выстаўляецца 51-працэнтная доля ў статутным фондзе сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Мабільныя Тэлесыстэмы», якая знаходзіцца ва ўласнасьці Беларусі і ў гаспадарчым кіраваньні «Белтэлекаму».

Першапачаткова аўкцыён плянаваўся на 1 сьнежня, затым, не тлумачачы прычын, яго перанесьлі на 23 сьнежня. Аднак 21 сьнежня віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін паведаміў, што Беларусь абвесьціць новы конкурс па продажы дзярждолі ў МТС.

«Былі тры прапановы, але таргі не адбыліся», — сказаў Калінін. Сярод прычын ён назваў неадпаведнасьць прапаноў па цане і няпоўны пакет пададзеных дакумэнтаў.

Пры гэтым віцэ-прэм’ер падкрэсьліў, што Беларусь не плянуе зьніжаць кошт пакету акцый, які будзе выстаўляцца на продаж. «Пасьля другой спробы продажу акцый зьніжаць цану, я думаю, няправільна», — дадаў Калінін.

У сакавіку 2011 году Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што Беларусь гатовая саступіць расійскаму апэратару МТС 51% у беларуска-расійскім СП за 1 мільярд даляраў, а інакш пакет будзе выстаўлены на аўкцыён.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG