Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калядныя віншаваньні палітвязьням ад Буша і Гаўла


Да праваслаўнага Раства мы яшчэ раз публікуем віншавальныя лісты былых прэзыдэнтаў ЗША і Чэхіі беларускім палітвязьням. Прапануем арыгінал ліста Джорджа Буша і тэкст ліста Вацлава Гаўла.

Ліст ад Джорджа Буша







Напярэдадні Раства і Новага году я адпраўляю пасланьне міру і надзеі народу Беларусі.

Палітычным зьняволеным і іх сем"ям — Андрэю Саньнікаву, Міколу Статкевічу, Мікалаю Аўтуховічу, Зьміцеру Бандарэнку, Алесю Бяляцкаму, Зьміцеру Дашкевічу, Эдуарду Лобаву і Паўлу Севярынцу — я хачу выказаць сваё захапленьне вашай адданасьцю будучай Беларусі, свабоднай і дэмакратычнай.

На мінулыя Каляды мы разам з вашымі шматлікімі прыхільнікамі чыталі імёны сотняў людзей, якія перамаглі страх і былі затрыманыя падчас пратэстаў супраць сфальшаваных выбараў. Хоць бальшыня была вызваленая, многія з вас застаюцца ізаляванымі ад вашых блізкіх і сяброў за вашыя мужныя ўчынкі дзеля свабоды.

На працягу гэтага году сьвет пабачыў нечаканы ўзыход свабоды ў Тунісе, Эгіпце і іншых краінах, якія, на думку шмат каго, былі несумяшчальныя са свабодай. Свабода — усеагульная, і прыдзе дзень, калі яна будзе зьзяць у самых змрочных кутках зямлі.

У гэты сьвяточны час вы мусіце ведаць, што пра вас не забыліся. Лора і я пасылаем нашыя віншаваньні вам і вашым сем"ям, і мы будзем думаць і маліцца пра вас.

Няхай вас блаславіць Бог, каб вы былі на свабодзе і разам з тымі, каго любіце, у 2012.

Джордж Буш.

22 сьнежня 2011


Ліст ад Вацлава Гаўла



Дарагія сябры,

Хацеў бы сардэчна вас павіншаваць на парозе новага году і пажадаць вам і вашым блізкім, каб ён быў лепшым, чым мінулы. Выказваю салідарнасьць з вашай пазыцыяй і буду і надалей выкарыстоўваць усе магчымасьці, каб разам са сваімі сябрамі зьвяртаць увагу міжнароднай грамадзкасьці на парушэньне грамадзянскіх правоў у Беларусі.

Жадаю усяго добрага вам і свабоды вашай краіне.

Вацлаў Гавэл

Градачак, 15 сьнежня 2011




Гэта быў апошні прыжыцьцёвы ліст Вацлава Гаўла. Ён не пасьпеў яго падпісаць. Раней напачатку сьнежня 2010 Вацлаў Гавэл даслаў ліст у рэдакцыю Радыё Свабода ў Празе, у якім даваў рэкамэндацыі наконт стыпэндыі імя Гаўла для беларускіх журналістаў. Падпісваючы свае лісты, Гавэл заўсёды маляваў маленькі знак сэрца — як сымбаль любові.

Калі б пасьпеў, ён бы абавязкова намаляваў сэрца для беларускіх палітвязьняў.

Лісты з віншаваньнямі ад Вацлава Гаўла і Джорджа Буша былі дасланыя напярэдадні каталіцкага Раства.

Стала вядома, што палітвязень Эдуард Лобаў ўжо атрымаў гэтыя лісты, а таксама кнігу «Адзін дзень палітвязьня 2009-2011». Пакуль няма дакладнай інфармацыі пра тое, ці атрымалі іншыя палітвязьні гэтыя лісты і кнігу.

Вядома толькі, што з Магілёўскай калёніі вярнулася пасылка з кнігай «Адзін дзень палітвязьня», якую Радыё Свабода дасылала Зьмітру Бандарэнку.

А некалькі дзён таму вядучая перадачы «Свабода ў турмах» Алена Струвэ атрымала віншавальную паштоўку ад палітвязьня Міколы Аўтуховіча.




Аляксандар Лукашук. Ня бойся прасіць

Апошні ліст Вацлава Гаўла

Алена Аўтуховіч: Ліст Джорджа Буша Мікалая моцна падтрымае
XS
SM
MD
LG