Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць кіраўніцтва Беларусі


Прэзыдэнт ЗША Барак Абама падпісаў закон, які прадугледжвае ўвядзеньне новых санкцыяў супраць кіраўніцтва Беларусі, паведаміў прэсавы сакратар Белага дому Джэй Кэрні.

Раней, 21 сьнежня, Кангрэс ЗША ўхваліў "Акт аб дэмакратыі і правах чалавека 2011 году ў дачыненьні да Беларусі" (Belarus Democracy and Human Rights Act of 2011), які прадугледжвае ўзмацненьне санкцыяў.

Новы пакет пашырае сьпіс беларускіх чыноўнікаў і прадстаўнікоў сілавых структураў, на якіх накладаюцца візавыя абмежаваньні і фінансавыя санкцыі.

Закон таксама прадугледжвае заклік да Міжнароднай фэдэрацыі хакею адмовіцца ад правядзеньня ў Беларусі чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 году.

У сярэдзіне сьнежня законапраект быў ухвалены Сэнатам ЗША.

Санкцыі ня будуць зьнятыя да той пары, пакуль на свабоду ня выйдуць усе палітвязьні.

«З гэтымі санкцыямі мы на баку беларускага народу і супраць яго прыгнятальнікаў», — заявіў адзін з ініцыятараў законапраекту кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт.

Прыняты Кангрэсам Акт аб дэмакратыі і правах чалавека 2011 году ўзмацьняе і пашырае Акт аб дэмакратыі ў Беларусі 2004 году і ўдакладняе акт аб дэмакратыі 2006-га.

Акт аб дэмакратыі ў Беларусі 2004 году, у прыватнасьці, патрабуе ад прэзыдэнта ЗША падрабязна інфармаваць Кангрэс пра ўсе пастаўкі «ўзбраеньняў і зьвязаных з узбраеньнямі тэхналёгіяў», якія «Беларусь пастаўляе краінам-фундатарам міжнароднага тэрарызму».

Дакумэнт таксама прадугледжваў выдзяленьне з фэдэральнага бюджэту ЗША сродкаў на падтрымку дэмакратычных працэсаў у Беларусі.

Пра намер чарговы раз пашырыць сьпіс санкцыяў супраць кіраўніцтва Беларусі прэзыдэнт ЗША Барак Абама заявіў у траўні 2011-га, перадае расейскае інфармацыйнае агенцтва «Новости».


Ці ўдасца амэрыканскай адміністрацыі абгуляць у хакей Лукашэнку?

Савіных: «ЗША — у палоне дагматычных і састарэлых падыходаў»

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных на просьбу «Свабоды» пракамэнтаваць новы заканадаўчы акт ЗША заявіў:

«Злучаныя Штаты Амэрыкі знаходзяцца ў палоне дагматычных і састарэлых падыходаў. Гэта, на жаль, сьведчыць пра няздольнасьць Злучаных Штатаў разьвіваць зьнешнія кантакты на ўзаемапаважлівай і раўнапраўнай аснове».


Дунаеў: «Высілкі ЗША ня будуць надзвычай пасьпяховымі»

Прафэсар, незалежны экспэрт Уладзімер Дунаеў не спадзяецца на высокую эфэктыўнасьць санкцыяў з боку Злучаных Штатаў Амэрыкі:

«З аднаго боку, мы бачым рашэньне амэрыканскага кангрэсу, якое падпісаў прэзыдэнт Абама. А з другога боку, ідэі, якія днямі выказаў у сваім артыкуле Збігнеў Бжэзінскі. Ён кажа, што цяпер Амэрыка страчвае свой кантроль у сьвеце. І адзначае, што ЗША ўжо ня могуць усур’ёз уплываць на інтэграцыйныя працэсы паміж Расеяй і Беларусьсю і над працэсам страты беларускага сувэрэнітэту.

Гэта супярэчная сытуацыя сапраўды сёньня існуе. Злучаныя Штаты больш радыкальна ў параўнаньні з Эўропай ставяцца да таго, што адбываецца ў Беларусі, і працягваюць, наколькі гэта магчыма, змагацца за вызваленьне палітычных вязьняў, свабоду незалежных СМІ, існаваньне грамадзянскіх правоў і г.д. Але магчымасьці ў іх цяпер ня тыя, каб усе гэтыя намаганьні аказаліся вельмі плённыя.

Вядома, добра, што такія намаганьні наагул ёсьць. І тое, што Амэрыка не забываецца пра Беларусь нават у год сваіх прэзыдэнцкіх выбараў, гэта, зразумела, таксама станоўча. Аднак мы павінны ўсё ж разумець, што высілкі ЗША ў той час, калі Эўропа ня вельмі пасьлядоўна працуе над беларускай тэмай, у гэтым кантэксьце ня будуць надзвычай пасьпяховымі».


Лабковіч: «Сытуацыя з правамі чалавека ў нас катастрафічная»


Сябра праваабарончага цэнтру «Вясна» Ўладзімер Лабковіч кажа, што яму зразумелая такая рэакцыя Злучаных Штатаў Амэрыкі:

«Улічваючы сынхранізацыю стаўленьня да сытуацыі ў Беларусі з боку ЗША і Эўропы, я думаю, што блізкага рашэньня можна чакаць і ад эўрапейскіх структураў. І гэта сьведчыць пра тое, што за апошні год сытуацыя з правамі чалавека ў нашай краіне застаецца ня проста напружанай. Яна застаецца катастрафічнай.

Мы бачым, што ўлады ня грэбуюць нічым у маральным і фізычным зьнішчэньні палітвязьняў, якія знаходзяцца за кратамі. У нас выклікае вялікую заклапочанасьць стан Зьмітра Дашкевіча, Андрэя Саньнікава, магчымасьць больш жорсткага пакараньня Міколы Статкевіча. Таму гэтыя санкцыі, дый наагул любая рэакцыя, якая цісьне на беларускі рэжым з мэтай вызваленьня палітвязьняў, нам, праваабаронцам, падаецца апраўданай. Яны заслугоўваюць павагі і ўдзячнасьці».


Някляеў: «Я чакаў нават больш жорсткіх санкцыяў»

Былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Ўладзімер Някляеў лічыць, што ўся Беларусь вымушана цярпець ад упартасьці яе афіцыйнага кіраўніка:

«У зьвязку з тым, што Лукашэнка не ідзе на тое, каб вызваліць палітвязьняў, чаго ад яго чакае і ўсясьветная, і беларуская грамадзкасьць, я спадзяваўся, што амэрыканскія санкцыі будуць нават больш жорсткія.

Я наогул не за санкцыі. Але ў гэтай сытуацыі, калі робіцца відавочна антылягічная, антыпрагматычная рэч, калі працуюць ня лёгіка, не палітыка, а амбіцыі чалавека ("вось я хачу, каб яны ў мяне папрасіліся"), тады, выбачай, на такія амбіцыі ёсьць адпаведныя палітычныя захады. І ў гэтым нічога дзіўнага нямашака.

Злучаныя Штаты Амэрыкі, на мой погляд, лягічна працягваюць лінію, якую яны абралі. Але я хацеў бы, каб да гэтага больш інтэнсіўна далучылася і Эўропа. Нельга, каб у цэнтры Эўропы ні ў чым не вінаватыя людзі сядзелі ў турмах. Вызвалі людзей. І тым самым вызваляцца ня толькі людзі. Вызваліцца краіна. Пачнецца хоць нейкі рух наперад. Бо мы ўсё топчамся, топчамся на месцы, паступова спаўзаючы нагамі ўніз. І ўсё — праз упартасьць аднаго чалавека. Уся краіна ня можа быць закладнікам аднаго чалавека, нават калі ён займае самую высокую пасаду».


Лябедзька: «Санкцыя скіраваныя толькі супраць канкрэтных асобаў»


Чатыры найважнейшыя моманты адзначае ў новых санкцыях ЗША супраць Беларусі лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

«Па-першае, калі ў дакумэнтах, якія зыходзяць з кангрэсу ЗША альбо Белага дому, нешта запісана, то гэта азначае, што менавіта так яно і будзе рэалізоўвацца. Тут ня можа быць двух сэнсаў і двух тлумачэньняў. Гэтым адметная зьнешняя палітыка ЗША.

Па-другое, засьведчаны кансэнсус — і рэспубліканцы, і дэмакраты аднолькава ацэньваюць сытуацыю ў Беларусі. Фактычна ўсе галасаваньні, усе рашэньні праходзяць кансэнсусна.

Па-трэцяе, існуе група заангажаваных кангрэсмэнаў, якія ўжо ня першы год сочаць за сытуацыяй у Беларусі, вядуць маніторынг. І гэта азначае, што ў Амэрыцы ёсьць вельмі добрыя экспэрты па Беларусі на самым высокім роўні.

І чацьвёртае, вельмі важна адзначыць, што гэта пунктавыя санкцыі. Яны не датычаць Беларусі ў цэлым, не датычаць пэўных сацыяльных груп. Санкцыі скіраваныя толькі супраць канкрэтных асоб, якія парушаюць Канстытуцыю Беларусі і міжнародныя абавязаньні, якія наша краіна ўзяла на сябе ў рамках АБСЭ і ААН».


«Акт аб дэмакратыі і правах чалавека ў Беларусі» 2011

«Акт аб дэмакратыі ў Беларусі» перададзены на подпіс у Белы дом

Як дапамогуць ЗША беларускай дэмакратыі?

Палата прадстаўнікоў ЗША ўхваліла «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі»


Камітэт Кангрэсу ЗША разглядае «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі»

Пра што гаворыцца ў «Акце аб дэмакратыі Беларусі 2004»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG