Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўны архітэктар Менску хоча спыніць панэльнае будаўніцтва


Дзеля зьніжэньня цаны квадратнага мэтра жытло ў Менску будуецца ў асноўным у панэльных дамах. Аднак, як адзначае ня так даўно прызначаны на пасаду старшыня Камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму Аляксандр Пятроў, большая частка такога жыльля ідзе не чаргавікам, а на продаж, павялічваючы прыток насельніцтва зь іншых гарадоў.

«Таму, каб выканаць паказьнікі генэральнага пляну і задачы, пастаўленыя кіраўніком дзяржавы па абмежаваньні колькасьці менчукоў да 1,9–2 мільёнаў чалавек, у Менску варта спыніць панэльнае будаўніцтва. Тут неабходна пакінуць будаўніцтва дамоў выключна па індывідуальных праектах. Мы жывём у сталіцы і будаваць абавязаны менавіта сталіцу, якая павінна вылучацца, у тым ліку і па архітэктуры», — заявіў галоўны архітэктар у інтэрвію «Рэспубліканскай будаўнічай газеце».

Пазыцыя Аляксандра Пятрова такая: рост Менску неабходна абмежаваць, а буйнапанэльнае домабудаваньне засяродзіць у гарадах-спадарожніках. На думку галоўнага архітэктара, зьяўленне гарадоў-спадарожнікаў дазволіць выратаваць рэкрэацыйныя зоны Менску, якія ў блізкім часе могуць быць забудаваныя (адзін з самых вострых канфліктаў зьвязаны з забудовай парку 40-годзьдзя Кастрычніка, жыхары Першамайскага раёна выступаюць супраць зносу Севастопльскага парку).

Але пры рэалізацыі праекту першага горада-спадарожніка ў Смалявічах ужо паўсталі сур’ёзныя праблемы. Як адзначыў нядаўна ў эфіры ток-шоў «Форум» на канале «Беларусь-1» намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Сяргей Радаман, «Менск ня можа фінансаваць будаўніцтва ў Смалявічах. Па законе для гэтага павінны выкарыстоўвацца крэдытныя рэсурсы Менскай вобласці, якіх пакуль недастаткова. А толькі для стварэньня інжынэрнай інфраструктуры і вуліц спатрэбіцца 17 трыльёнаў рублёў». Да пытаньня будаўніцтва горада-спадарожніка ў Смалявічах можна будзе вярнуцца не раней за 2013 год, дадаў Сяргей Радаман.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG