Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У асуджанага на пажыцьцёвае зьняволеньне грамадзяніна Азэрбайджану беларускія турэмшчыкі парвалі Каран, сьвятую кнігу для кожнага мусульманіна. Сваякі асуджанага зьвярнуліся ў пракуратуру, да праваабаронцаў і журналістаў.

Асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне за забойства Фуад Ахмэдаў сядзіць у беларускіх турмах з 1998 году. Некалькі гадоў таму за добрыя паводзіны азэрбайджанца перавялі ў Глыбоцкую турму ў лепшыя ўмовы, але на той час Ахмэдаў ужо захварэў на сухоты.

Для лячэньня яго з Глыбоцкай калёніі перавялі ў аршанскую калёнію № 12, дзе ёсьць аддзяленьне рэспубліканскай турэмнай лякарні для сухотнікаў. Але там вязьня як асуджанага на пажыцьцёвае зьняволеньне ізалявалі, пасадзіўшы ў карцэр.

Пра тое, што сыну яшчэ і Каран парвалі, бацька вязьня Забіт Ахмэдаў даведаўся на спатканьні з сынам: «15 сьнежня я паехаў да яго на спатканьне. Перад спатканьнем ён мне напісаў, каб не прывозіў яму, як звычайна, прадукты. Калі сустрэліся, ён, хоць яго і папярэдзілі, каб не казаў, але патлумачыў, што ў лістападзе яму пашкодзілі Каран, сьвятую кнігу. Навошта было чапаць Каран? У яго ж нічога, акрамя Карану, не засталося. Нікуды чалавек не выходзіць, нікога ня бачыць. У яго ёсьць толькі Каран, і ён сядзіць з гэтым Каранам».

З Фуадам Ахмэдавым перад Новым годам сустрэўся адвакат, якому вязень пацьвердзіў факт апаганьваньня сьвятой для яго кнігі. Паводле вязьня, на час ператрусу яго вывелі з камэры, а калі прывялі назад, на стале ён убачыў парваны Каран. Фуад паскардзіўся кіраўніцтву калёніі на ахоўнікаў, але ці дайшла гэтая скарга, ня ведае. Паводле адваката, у асабістай справе вязьня ён гэтай скаргі ня ўбачыў і не выключае, што яе проста не зарэгістравалі. Таксама Фуад Ахмэдаў зьвярнуўся ў Генэральную пракуратуру ды напісаў ліст на імя амбасадара Азэрбайджану ў Беларусі, але і пра лёс гэтых пасланьняў ён нічога ня ведае. На просьбу Фуада Ахмэдава скаргу ў пракуратуру напісаў і адвакат.

У Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў МУС не змаглі пэўна адказаць, ці разглядалася скарга вязьня Ахмэдава на дзеяньні турэмшчыкаў: «Не знаходжу такой скаргі. Зьвярніцеся заўтра, яшчэ праверым», — адказалі з канцылярыі.

Кіраўнік арганізацыі дапамогі вязьням «Плятформа», былы палітвязень Андрэй Бандарэнка кажа, што ў беларускіх турмах адміністрацыя часта парушае рэлігійныя правы вязьняў. «Прыкладам, мяне, праваслаўнага, прымушалі здымаць са сьцяны іконкі, называючы іх малюнкамі. Але, бадай што, мусульманам даводзіцца яшчэ цяжэй, чым хрысьціянам», — кажа Андрэй Бандарэнка.

«Мне даводзілася сустракацца ў калёніі з мусульманамі. Збольшага ў іх увогуле ніякіх умоваў для выкананьня абрадаў няма. Яны кожную хвіліну і кожнае месца могуць выкарыстаць, каб маліцца ці трымаць пост, але сустрэцца ім са сьвятаром няма ніякай мажлівасьці. У гэтым сэнсе на іх проста не зьвяртаюць увагі».

Андрэй Бандарэнка зьвярнуў увагу на тое, што асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне Фуад Ахмэдаў даўно хварэе на сухоты, але замест добрага лячэньня яго зьмясьцілі ў карцэр, у халодную камэру, дзе хвароба можа прагрэсіраваць. У турмах людзі кажуць, што да пажыцьцёвых адмыслова падсаджваюць хворых на сухоты, каб тыя таксама захварэлі і не жылі доўга, але спраўдзіць гэта пры закрытасьці беларускай турэмнай сыстэмы немагчыма.

А што хворымі на сухоты маніпулююць у пэўных мэтах, Андрэй Бандарэнка пацьвярджае з асабістага досьведу: «Ціск праз хворых на сухоты ў турмах досыць распаўсюджаны. Нагадаю хаця б апошнюю гісторыю з Саньнікавым, да якога падсаджвалі хворага, а потым выявілася, што гэта быў той жа чалавек, якога і да мяне ў камэру падсаджвалі. Я б назваў гэта мэтадам псыхалягічнага ціску. Такое сапраўды ёсьць».

Паводле кіраўніка «Плятформы» Андрэя Бандарэнкі, вязьням беларускіх турмаў вельмі цяжка адстойваць свае правы, а для грамадзянаў іншых краін гэтая задача яшчэ больш ускладняецца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG