Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кіраўніцтва «Граніту» супраць незалежнага прафсаюзу


КПП «Граніту»

КПП «Граніту»

Кіраўніцтва мікашэвіцкага прадпрыемства па здабычы будаўнічага каменю РУПП «Граніт» спрабуе перашкодзіць аднаўленьню дзейнасьці незалежнага прафсаюза на прадпрыемстве. Актывістаў прафсаюза абвінавачваюць у імкненьні дэстабілізаваць сітуацыю, праводзяць зь імі так званыя прафіляктычныя гутаркі, пагражаюць перасьледам.

У апошнім нумары ведамаснай газэты «Гранит-Обозрение» надрукавана інтэрвію з генэральным дырэктарам прадпрыемства «Граніт» Сьцяпанам Тураўцом. Ён даводзіць, што «зьявіліся новыя сілы, зацікаўленыя ў дэстабілізацыі сытуацыі на прадпрыемстве».

У артыкуле тлумачыцца, што незалежны прафсаюз ужо існаваў на «Граніце», пры гэтым ён нібыта «пацярпеў фіяска». «Вынік яго дзейнасьці бачны ўсім — гэта разлад і нагнятаньне сытуацыі», — пераконвае гендырэктар Сяргей Туравец.

Пярэчаць гэтай заяве кіраўніка актывісты навастворанай суполкі незалежнага прафсаюзу гарнякоў. Вось што тлумачыць у гутарцы з карэспандэнтам «Свабоды» спадар Сяргей: «Чалавек, калі ён моцны, калі ён пераможца, то спакойна прымае і вызнае сваю віну. І пачынае штосьці выпраўляць. А слабак ніколі не прызнае сваёй віны. Ён шукае вінаватых збоку. Асабіста я так і камэнтую гэты адказ адміністрацыі, што быццам бы незалежны прафсаюз сюды лезе дзеля таго, каб дэстабілізаваць сытуацыю. Таму што факты — адваротныя».

Спадар Сяргей кажа, што менавіта начальства вінаватае ў сытуацыі, якая склалася на прадпрыемстве. Ён сьцьвярджае, што рабочыя пакінулі афіцыйны прафсаюз і зьвярнуліся да незалежнага, бо да гэтага давяла дзейнасьць кіраўніцтва «Граніту».

Таксама спадар Сяргей кажа, што такім чынам адміністрацыя апраўдвае запалохваньне прадстаўнікоў незалежнага прафсаюзу:

«Сёньня, дарэчы, да мяне зьвярнуўся шараговы працаўнік з брыгады і пытаецца, што рабіць — у гэтым месяцы сканчаецца кантракт. Мяне выклікаў дырэктар і кажа: «Падумай, напэўна, мае сэнс забраць заяву...»

Напрыканцы сьнежня некалькі сотняў працоўных прадпрыемства «Граніт» у Лунінецкім раёне выйшлі з афіцыйнага прафсаюзу і стварылі суполку незалежнага прафсаюзу гарнякоў. Цяпер яны дабіваюцца афіцыйнай рэгістрацыі суполкі.

Камэнтар старшыні Беларускага незалежнага прафсаюзу гарнякоў Мікалая Зіміна: «Жаданьне людзей стварыць іншую прафсаюзную арганізацыю дыктуецца іх інтарэсамі. Любы грамадзянін Рэспублікі Беларусь мае права паводле закону ствараць або ўваходзіць у той ці іншы прафсаюз. Таму я лічу, што сытуацыя вырашыцца павінна законным шляхам. То бок рэгістрацыя ў прафсаюзе адбылася, зараз ідзе працэс рэгістрацыі ў органах дзяржаўнага кіраваньня — у Лунінецкім райвыканкаме. Таму сытуацыя не павінна ўскладняцца, яна павінна быць законнай».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG