Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На кірмашах і ў гандлёвых цэнтрах, дзе перад Новым годам кіпеў перадсьвяточны гандаль, цяпер пануе ціша. Многія дробныя гандляры сышлі ў адпачынак, вяртацца зь якога не зьбіраюцца. Некаторыя імкнуцца перанесьці справу ў суседнюю Расею. Прычына — эканамічны крызіс, які балюча закрануў прыватных прадпрымальнікаў. Іхныя спадзяваньні на падтрымку з боку дзяржавы ня спраўдзіліся.

МАГІЛЁЎШЧЫНА: «Мінімалка» — да мільёна рублеў, прыбыткі — да нуля


На Магілёўшчыне, паводле афіцыйнай інфармацыі, колькасьць дробных прадпрымальнікаў скарацілася за мінулы год на дзесяць працэнтаў. Багата бізнэсоўцаў перабраліся ў суседнюю Расею.

Гандлёвыя цэнтры пасьля каляднага пакупніцкага буму зноў апусьцелі. А ці выгадалі дробныя прадпрымальнікі ад яго? Не, сьцьвярджаюць яны.

Дарагія рэчы пакупнікі ў нас ужо не бяруць

«Ажыятажу асаблівага не было. Ды куды ўжо зьніжкі? Цэны ў мяне на тавар засталіся з 2010 году. Я практычна мала на што падняла. А цяпер мінімалка стане мільён. Атрымаюцца вялізарныя выплаты. Я падлічыла — на студзень неабходна 10 мільёнаў заплаціць, а іх жа трэба зарабіць», — зазначае бізнэсоўка з магілёўскага гандлёвага цэнтру «Прэстан» Людміла.

Пакупніцкая здольнасьць насельніцтва за прамінулы год істотна зьменшылася,— наракаюць прадпрымальнікі. Цяпер даходы людзі ў асноўным трацяць на яду. А прадпрымальнікі паволі перабіраюцца ў Расею.

«Я сама сяджу ўжо месяцы чатыры ў Расеі. У мяне там усё добра. У суседняй краіне, калі крызіс, то падаюць падаткі. У нас жа са студзеня яны будуць падвышацца,— маўляў, „у дзяржавы грошай няма“. Такі ж у нас упадніцкі настрой, як і ўва ўсіх беларусаў», — зазначае прадпрымальніца Алена.

На пачатку 2011 году ў рэгіёне было зарэгістравана 22 тысячы дробных прадпрымальнікаў. Цяпер стала 21 тысяча 100.

«Дужа шмат прадпрымальнікаў зьехалі ў іншыя краіны. Там умовы для бізнэсу створаныя больш ляяльныя, чым у Беларусі. Усе бізнэс-саюзы просяць: „Дайце прадпрымальнікам браць найманых работнікаў, каб яны мелі магчымасьць знайсьці больш танных пастаўшчыкоў. У іх жа на гэта няма часу“, — зазначае старшыня рэгіянальнага аб’яднаньня прадпрымальнікаў Тацяна Казлоўская.

Улада сьцьвярджае, што падтрымлівае прадпрымальніцтва. Як на самой справе выглядае тая падтрымка, паведаміла супрацоўніца дзяржкантролю:

„Недзе ў нас каля 8 тысяч камэрцыйных арганізацыяў, але чамусьці два гады запар такая падтрымка аказваецца некаторым прыватным прадпрыемствам — такіх 8–10. Чаму ня ўсім?“

ВІЦЕБШЧЫНА: „Мінімалка“ пайшла ўгару, а за ёй павялічацца ўсе выплаты»


З надыходам студзеня многія прадпрымальнікі Віцебшчыны знарок сышлі ў адпачынак, каб перачакаць няпэўнасьць.

Віцебскі прадпрымальнік Анатоль Шапавалаў не чакае ў новым годзе нейкіх зьменаў у лепшы бок. Гэтую думку падзяляюць і яго калегі з Полацкага кірмашу:

«Я якраз на Полацкім кірмашы. Усе тут у чаканьні, што падвысяць падаткі, бо „мінімалка“ пайшла ўгару, значыцца, і ўсе выплаты павялічацца».

Спадар Шапавалаў адзначае, што цяжар падаткаў і так быў істотны — на працягу мінулага году шмат хто адмовіўся ад прадпрымальніцтва. А тыя, хто застаўся, вымушаны зьмяншаць асартымэнт тавару, кажа прадпрымальнік: «Хто новы прыходзіць, не вытрымлівае гэткага падатковага цяжару. Паўгода папрацаваў — і ўсё, сышоў. Ну дык натуральна ж: пакупніцкая здольнасьць упала. Прадпрымальнік, зразумела, мусіць прадаваць тое, што народ купляе — дарагія рэчы ўжо не бяруць, толькі накшталт кітайскага шырспажыву ўсё».

Ірына Яскевіч, прадпрымальніца з гандлёвага цэнтру «Эвіком», заўважыла, што па дарагія пакупкі жыхарам Віцебску прасьцей паехаць у суседні расейскі рэгіён — там асноўныя канкурэнты віцебскіх прадпрымальнікаў:

«Там у нас вырашчана канкурэнцыя. Прычым ня толькі расейскімі прадпрымальнікамі — частка прадпрымальнікаў зь Беларусі там таксама гандлюе. І на смаленскіх, і на руднянскіх кірмашах можна лёгка сустрэць землякоў з нашага гораду».

У Расеі больш спрыяльныя ўмовы для прадпрымальніцкай дзейнасьці. А на віцебскім «Эвікоме» тым часам прадпрымальнікам нічога не застаецца, як сысьці ў сэзонны адпачынак, працягвае спадарыня Ірына:

«На Новы год мы прадалі ўсё, што маглі, былі ў нас зьніжкі... А студзень — гэта цяжкі месяц, гэта безграшовы месяц, і таму шмат прадпрымальнікаў сышлі ў адпачынак. У студзені ў нас ужо вырасьлі камунальныя выдаткі: за звычайны шасьцімэтровы ралет — каля 186 тысяч. Гэта без арэнднай платы, так што гэта дужа шмат! Таму студзень для нас — гэта месяц чаканьня, як і што далей будзе».

Паводле назіраньняў Ірыны Яскевіч, часова прыпынілі працу ад 25 да 35 адсоткаў прадпрымальнікаў. Ці здолеюць усе яны пасьпяхова аднавіць сваю справу — невядома.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА: Дробны гандаль можа папросту зьнікнуць


Гарадзенскія прадпрымальнікі канстатуюць, што іх шэрагі адчувальна радзеюць. Асноўная прычына, на думку шмат каго зь іх, — адсутнасьць дзяржаўнай палітыкі па падтрымцы прадпрымальніцтва.

Пра разьвіцьцё прадпрымальніцтва нават і гаворкі няма

У пасьлясьвяточныя дні на гарадзенскіх рынках пануе ціша: амаль ніхто не гандлюе і не купляе. Адзін з гандляроў кажа, што гэта яшчэ ня цалкам прыпынены гандаль, бо дагэтуль падаткі плацілі яшчэ па старых стаўках, а вось з новага году падаткі падвышаюцца.

Прадпрымальнік Андрэй распавядае, што цэны нават на беларускі тавар яны апусьціць ня могуць, бо ў ім багата замежных складнікаў, якія набываюцца за валюту. Спадар канстатуе, што апошнім часам асабліва адчувальна зьмяншаецца колькасьць прадпрымальнікаў.

Спадар: «Сыходзяць, цэлымі групамі кідаюць гэтую дзейнасьць. Маладых людзей сярод прадпрымальнікаў не застаецца. Старэйшыя людзі, прафэсіяналы, і то ня могуць ужо працаваць, таксама адыходзяць. Ні пра якае разьвіцьцё нават і гаворкі няма».

Яшчэ адзін прадпрымальнік, спадар Мікалай, які працуе ў сфэры паслугаў, зьвяртае ўвагу: ня толькі гандлёвыя рады апусьцелі, але і на дзьвярах дробных фірмаў вісяць аб’явы, што яны не працуюць да 11 студзеня.

Зь яго слоў, апошнім часам стала праблематычна працаваць з прыбыткам і для тых, хто займаецца вытворчасьцю, і для тых, хто аказвае паслугі.

Спадар: «Я не магу падняць цэны на свае паслугі, каб акупіць іх, бо насельніцтва ня можа за гэта заплаціць. У іх платаздольнасьць не павышаецца, а паніжаецца. А гэта азначае, што і ўсё астатняе ў адной зьвязцы апынецца».

Што да падвышэньня заробкаў і «мінімалкі» з новага году, спадар Мікалай упэўнены, што гэта прывядзе толькі да аднаго — росту цэнаў і інфляцыі.

Спадар: «Усякае здараецца, але калі б урад хоць нейкія меры прымаў, каб выправіць сытуацыю... А так у нас меры прымаюцца толькі на БТ — беларускім тэлебачаньні. Там — „стабілізацыя, дысбалянс ліквідаваны, прадавалі лепей чым летась...“ Засталося толькі параўноўваць, што выпускалі болей, чым у 1913 годзе, як некалі гэта было...»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG