Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Немцы абвінавачваюць Suzuki ў сяброўстве зь лордам Бэлам


Нямецкія журналісты і адмыслоўцы ў галіне грамадзкіх сувязяў абрынуліся з крытыкай на японскі аўтамабільны канцэрн Suzuki за зварот да паслугаў агенцтва «Bell Pottinger» на чале зь вядомым дзеячам PR-індустрыі лордам Тымаці Бэлам.

Як піша Frankfurter Rundschau, «сам па сабе выбар новага піяр-агенцтва ня ёсьць нешта асаблівае. Іншая справа, каго выбраў тытан аўтамабільнай індустрыі, каб дбаць пра сваё рэнамэ? Гэта брытанскае агенцтва „Bell Pottinger“, якое скампрамэтавала сябе працай зь беларускім дыктатарам Аляксандрам Лукашэнкам, іранскім прэзыдэнтам Махмудам Ахмадзінэжадам, сірыйскім сямействам Асадаў, прадстаўнікамі іншых рэпрэсіўных рэжымаў».

Самы апошні скандал вакол «Bell Pottinger» здарыўся ў сьнежні 2011 году, калі стала вядома пра спробы PR-групы «скарэктаваць» міжнародны імідж Беларусі, Руанды, Узбэкістану ды іншых рэжымаў. Як пісала брытанская The Independent, людзі лорда Бэла, каб стварыць пазытыўны імідж сваім сумнеўным кліентам, спрабавалі таемна маніпуляваць вынікамі пошуку Google і Вікіпэдыі. Празь некалькі розных акаўнтаў дадаваліся станоўчыя ацэнкі гэтым пэрсонам і выдаляліся адмоўныя. Такія нечаканыя зьмены, у прыватнасьці, былі выяўленыя незалежнымі рэдактарамі Вікіпэдыі.

Паводле Frankfurter Rundschau, нямецкія экспэрты ў галіне грамадзкіх сувязяў, мякка кажучы, зьдзіўленыя намерам Suzuki супрацоўнічаць з агенцтвам лорда Бэла і пытаюцца: навошта гэтаму лідэру аўтамабільнай індустрыі спатрэбілася дрэннае рэнамэ?

Доўгі час японская фірма Suzuki плённа супрацоўнічала зь іншым усясьветна вядомым аўтамабільным канцэрнам — Volkswagen. Паводле экспэртных ацэнак, у гэты пэрыяд было створана багата выдатных мадэляў. Аднак пару гадоў таму партнэры пачалі канфліктаваць. Кожная кампанія мае свае найноўшыя нанатэхналягічныя распрацоўкі, і цяпер яны, хоць фармальна ўсё яшчэ партнэры, ня хочуць імі дзяліцца. Кіраўніцтва Suzuki ня так даўно зьвярнулася ў Міжнародны арбітражны суд Міжнароднай гандлёвай палаты ў Лёндане, каб адсудзіць у немцаў свае акцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG