Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Для адкліканьня Лідзіі Ярмошынай са складу Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзеньні рэфэрэндумаў няма ніякіх падстаў, гаворыцца ў адказе Магілёўскага аблвыканкаму на калектыўны зварот грамадзян.

7 сьнежня 2011 году ў Магілёўскі аблвыканкам быў накіраваны зварот 121 грамадзяніна, у якім адзначалася неабходнасьць адклікаць Ярмошыну са складу ЦВК з прычыны пастаянных парушэньняў на выбарах і непрызнаньня вынікаў выбараў многімі дзяржавамі.

У свой час Лідзію Ярмошыну рэкамэндавалі ў склад ЦВК прэзыдыюм Магілёўскага абласнога савету дэпутатаў і Магілёўскі аблвыканкам.

Ліст за подпісам начальніка ўпраўленьня арганізацыйна-кадравай працы аблвыканкаму Аляксандра Сіваева атрымаў ініцыятар звароту, актывіст прафсаюзу РЭП Аляксей Паўлоўскі. Чыноўнік піша, што зварот разгледжаны Магілёўскім аблвыканкамам, паведамляе БелаПАН.

Калі Ярмошына такі выдатны юрыст, трэба ўжо зьбіраць подпісы, каб назваць яе імем вуліцу ці завулак у Магілёве

«Што да парушэньняў Выбарчага кодэксу пры правядзеньні выбараў усіх узроўняў і іх наступстваў, нібыта фальсыфікацыі выбараў, то аблвыканкам і абласны савет дэпутатаў ня мае права даваць ацэнку па гэтых пытаньнях, як і па прызнаньні ці непрызнаньні выбараў і рэфэрэндумаў іншымі, як вы лічыце, цывілізаванымі краінамі», — гаворыцца ў адказе.

Паводле сьцьвярджэньня начальніка ўпраўленьня, Лідзія Ярмошына мае «багаты практычны вопыт правядзеньня выбараў і рэфэрэндумаў, зарэкамэндавала сябе прафэсійным юрыстам і зрабіла вялікі асабісты ўнёсак у разьвіцьцё выбарчай сыстэмы рэспублікі».

Як заявіў Аляксей Паўлоўскі, ён расцэньвае такі адказ як зьдзек і не выключае далейшага звароту ў суд. «Ну, а калі Ярмошына такі выдатны юрыст, то, напэўна, трэба ўжо зьбіраць подпісы, каб назваць яе імем вуліцу ці завулак у Магілёве», — сказаў актывіст.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG