Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Год дракона для мэдыяў




Кажуць, як Новы год сустрэнеш, так яго і правядзеш. Напярэдадні ды адразу пасьля 31 сьнежня адбыліся атакі на сайт «Хартыя-97», якія зьнішчылі частку ягонага кантэнту, апэратар МТІС выдаліў з сеткі далёка ня самы радыкальны ў пляне асьвятленьня беларускіх падзеяў тэлеканал Euronews. Здаецца, нічога добрага байнэту ды мэдыйнай прасторы надыходзячы год не абяцае. Паспрабуем спрагназаваць найбольш прадказальныя дзеяньні дзяржавы ў 2012 годзе.

Што будзе з «Хартыяй»?


Звычайна навагоднія сьвяты ды Каляды выкарыстоўваюцца ў Беларусі для таго, каб зьдзейсьніць нешта, што рабіць трэба, аднак у звычайныя дні сорамна, бо будзе занадта шмат увагі. У мінулым годзе на Каляды ішлі арышты ўдзельнікаў Плошчы і гэта гарантавала выгодны інфармацыйны фон: у Інтэрнэце аб гэтым пісалі, аднак чытачы былі занятыя прыгатаваньнем аліўе. Прапануем прыказку: жадаеш даведацца, што ў дзяржавы ў галаве — паглядзі, чым тая занятая на сьвяты.

атака на «Хартыю» была не апошняя

Відавочна, што атака на «Хартыю» была не апошняя. Больш за тое, відавочна, што акрамя «Хартыі» будуць атакаваць яшчэ і «Партызан», бо ў гэтага рэсурсу рэйтынг, колькасьць наведнікаў нават большыя, ды прысутнічаюць нейкія пужальна інфармаваныя крыніцы. Ці ёсьць сэнс «ламаць» гэтыя сайты па той схеме, якая была апрабаваная пад Новы год? На мой погляд — не. Нават калі нейкі ўнікальны кантэнт ня быў забэкаплены на рэзэрвовых сэрвэрах дагэтуль, зараз бэкапы створаныя, бо зразумела, да чаго трэба рыхтавацца. Гэта гарантуе, што цалкам «сьцерці» сайты не атрымаецца. У той самы час навіны пра атаку разыходзяцца па байнэце вельмі хутка і прыводзяць да тэрміновага росту колькасьці наведнікаў атакаваных рэсурсаў. Такім чынам, атака нішчыць кантэнт, які можна ўзнавіць, аднак вядзе да росту папулярнасьці, якую «абрынуць» няпроста: тут патрэбна доўгатэрміновая праца па дыскрэдытацыі, якая каштуе грошаў ды спажывае рэсурсы.

А таму можна прадбачыць пашырэньне іншай абмежавальнай практыкі: поўнага блякаваньня доступу да «Хартыі» ды «Партызана» на ўзроўні правайдэраў. Ужо зараз можна прачытаць паведамленьні, што сайтам аб’яўлена вайна ў рэгіёнах, на дзяржаўных прадпрыемствах ды ў месцах адпачынку. Далей будзе горш, без сумневу. Аптымісты лічаць, што прыватныя правайдэры будуць бараніць «Хартыю» ды «Партызан», аднак не з-за ўласных палітычных поглядаў (можа з-за іх, — імпліцытна), аднак з-за інтарэсаў бізнэсу: як толькі адзін зь іх пачне «фільтраваць» гэтыя «апазыцыйныя» рэсурсы, усе карыстальнікі пабягуць да астатніх. Мы б супакоілі аптымістаў: памятаеце, быў такі канал ТНТ, які прыватныя кабэльныя апэратары таксама спрабавалі бараніць? Ну і дзе той канал ТНТ зараз? Тое ж самае будзе і з «Хартыяй» ды «Партызанам»: спачатку зьнікненьне з працоўных кампутараў, потым — з хатняга кампутара, які завязаны на прыватнага правайдэра.

У імя выбараў


год пачаўся з гучнага сыходу старшыні сходу ўдзельнікаў ААТ «Тут бай медыя» Юрыя Зісера

Трэба разумець, што асноўнай мэдыйнай падзеяй году, пад якую будуць прычэсваць інфармацыйны ляндшафт, будуць парлямэнцкія выбары. Да выбараў краіна павінна падыйсьці прыгожай, квітнеючай ды маўклівай. Аптымальны для ўладаў сцэнар, прыкметы рэалізацыі якога бачныя нават ужо зараз — рэзкае скарачэньне палітычна ангажаваных інтэрнэт-рэсурсаў. Мэханізмы для гэтага ёсьць: у выпадку з «Хартыяй» у ход былі пушчаны скрадзеныя адмінаўскія паролі, якія атрымаць удалося дзякуючы спэцыяльна распрацаванаму «Траяну» — ці гэта не маштаб?

Блякаваньне паводле чорнага сьпісу на ўзроўні правайдэраў таксама вырашае ўсе пытаньні. Замест россыпу маленькіх інтэрнэт-сайтаў з колькасьцю ўнікальных наведнікаў у 2-4 тысячы, было б разумна прапанаваць карт-блянш прыватнаму «манапалісту» з мільёнам «унікалак»: такога прасьцей кантраляваць. Пытаньне толькі ў тым, ці пагадзіцца сам «манапаліст» скарыстацца бэнэфітамі, якія яму могуць быць прапанаваныя. У любым выпадку бліжэйшыя 12 месяцаў вельмі цікава будзе назіраць за тым, як будуць разгортвацца падзеі вакол партала Тут.бай. Тым больш, што год пачаўся з гучнага сыходу старшыні сходу ўдзельнікаў ААТ «Тут бай медыя» Юрыя Зісера.

Блогі: эра троляў


Асноўнай прыладай інфармацыйнай барацьбы дзяржавы з user generated content media, уключна з блёгамі, дагэтуль зьяўляюцца тролі. Здаецца, падчас абвастрэньня палітычнага процістаяньня ў актыўнай фазе выбараў адбудзецца працэс, які можна характарызаваць, як «вялікае прачынаньне». Апошнія дванаццаць месяцаў у паліталягічных камьюніціз, у ліку фрэндаў блогераў, якія актыўна пішуць аб палітыцы, пачалі актыўна рэгістравацца маўклівыя суб’екты з новаствораных экаўнтаў.

Здаецца, гэтыя «сьпячыя тролі» — адказ дзяржавы на выклікі «маўклівай рэвалюцыі»

Калі вы займаецеся палітычнай дзейнасьцю ці цікавіцеся палітыкай і не хаваеце гэтага ў допісах, праглядзіце сьпіс уласных фрэндаў у Фэйсбуку: вы пабачыце там некалькі тузінаў чалавек, якія нічога не пішуць, ніяк аб сабе не заяўляюць (у лепшым выпадку адзінай іх актыўнасьцю зьяўляецца рэпост нэўтральных навінаў), аднак і старонак уласных не выдаляюць. Здаецца, гэтыя «сьпячыя тролі» — адказ дзяржавы на выклікі «маўклівай рэвалюцыі». Як толькі вы далучыцеся да абмеркаваньня вулічнага пратэсту ці прапануеце ініцыятыву кшталту «Стоп-бэнзін», вельмі вялікая колькасьць людзей вам растлумачыць у камэнтах, што вы сказалі лухту, што зараз трэба чакаць восені ці пляскаць у далоні па хатах падчас выступаў дзяржаўных асобаў і г. д. Сабскрайбэры, праглядзеўшы камэнты, зразумеюць, што ваша ініцыятыва не вартая: сабатаж зьдзейсьнены! Дык вось, беларускія тролі яшчэ не паказалі сябе. Зараз яны марнуюць час на форумах «Тут. бай» ды «Навінаў», аднак, калі нешта пахісьнецца падчас вылучэньня кандыдатаў, байнэт яшчэ адчуе іх моц ды іх колькасьць. І, калі зараз чалавек настроены крытычна, адчувае сябе ў байнэце ў большасьці, паглядзім, як ён будзе адчуваць ды што пісаць калі на кожны крытычны да ўлады пост будзе прыходзіць дваццаць праўладных камэнтараў з дваццаці розных IP-адрасоў.

Тэлебачаньне: усё як заўсёды


Усе, хто ўважліва глядзеў прэсавую канфэрэнцыю Лукашэнкі, зразумеў, што «лібэральнага» тэлевізійнага сцэнару пад парлямэнцкія выбары не прыгатавана. Адміністрацыя лічыць, што, дапусьціўшы альтэрнатыву на ТБ, Крэмль зрабіў памылку. Проста таму, што мінулы допуск альтэрнатывы на тэлебачаньне ў Беларусі скончыўся 40-тысячным натоўпам на плошчы ў Менску. А з натоўпам, у адрозьненьне ад Расеі, у нас працаваць не ўмеюць. Гэта азначае, што апазыцыі пры любым выпадку прыйдзецца ня проста. Нават калі яна будзе трымацца згодніцкага сцэнару байкоту, які ніякай небясьпекі для ўлады не нясе.

Форс-мажор


Усе выкладзеныя вышэй пэсымістычная прагнозы ігнаруюць адзін крытычна важны фактар: паводзіны Масквы пасьля сакавіка 2012. Мы б не выключалі сцэнару, пры якім ужо дасягнутыя крэдытныя дамоўленасьці будуць скасаваныя з-за «тэхнічных разыходжаньняў» — пасьля таго, як Пуцін пераможа на прэзыдэнцкіх выбарах і больш ня будзе патрэбы «купляць» маўчаньне Беларусі ў «гарачую» для Расеі палітычную пару. Стратэгічная задача Расеі — набыць беларускія актывы па найменшым кошце. Відавочна, што для рэалізацыі гэтай задачы трэба не падтрымліваць Беларусь крэдытамі ды танным газам, а «мачыць» яе. У сытуацыі аднаўленьня «халоднай вайны» з Масквой, не выключаны надыход новай эры лібэралізацыі: тады і «Хартыю» з «Партызанам» не будуць чапаць, і кандыдатаў у эфіры бэсьціць не будуць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG