Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зарэгістраваны ў Літве Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД) апублікаваў дадзеныя чарговага, сьнежаньскага апытаньня грамадзкай думкі ў Беларусі, паводле якога рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі склаў каля 25 працэнтаў, а ўзровень недаверу яму — 54,5 працэнта.

У параўнаньні зь верасьнем мінулага году рэйтынг Лукашэнкі крыху вырас — на 4,5 працэнта. Гэтак жа вырас і працэнт тых, хто давярае яму як кіраўніку краіны — з 24,5 у верасьні да 31,2% у сьнежні.

Аднак большасьць беларусаў (54,5%) на сёньня не давяраюць Аляксандру Лукашэнку і лічаць яго вінаватым у эканамічным крызісе ў краіне (53,7%). Прыкладна столькі ж лічаць «марнай тратай грошай» прапанаваную ім «тэрытарыяльную абарону». Амаль 60 працэнтаў рэспандэнтаў прызналі, што за апошні час іх жыцьцё пагоршылася, 55,7 працэнта апытаных перакананыя, што краіна рухаецца ў няправільным кірунку, а 31,7 працэнта рэспандэнтаў мяркуюць, што пасьля адыходу Лукашэнкі ад улады жыцьцё ў краіне палепшыцца.

Прадстаўнік НІСЭПД прафэсар Алег Манаеў прызнае, што ў параўнаньні зь верасьнем мінулага году паказчыкі для Аляксандра Лукашэнкі крыху палепшыліся. На яго думку, гэта тлумачыцца мэханізмамі «нэгатыўнай адаптацыі» людзей да эканамічных цяжкасьцяў, а таксама абяцаньнямі матэрыяльнай дапамогі Беларусі з боку Расеі.

«Можна сказаць, што чаканьні некаторых прадстаўнікоў дэмакратычных сіл, палітыкаў, аналітыкаў, што вось-вось будзе крах, не апраўдаліся. Але ня трэба думаць, што гэта ўсё бясьсьледна праходзіць, маўляў, там людзі пагаравалі, тут зноў вярнуліся, усё забылі... Усё роўна нейкая душэўная траўма ў беларусаў застанецца ад 2011 году».

44 працэнты рэспандэнтаў НІСЭПД зазначылі, што калі б ведалі чалавека, які мог бы пасьпяхова канкураваць з Лукашэнкам на наступных прэзыдэнцкіх выбарах, то прагаласавалі б за гэтую альтэрнатыву. 31,7 працэнта рэспандэнтаў называюць кірунак, у якім разьвіваецца Беларусь, «нарастаньнем аўтарытарызму і дыктатуры», 70 працэнтаў выказваюцца за зьмену цяперашняга становішча. Жаданьне публічна пратэставаць выказваюць 14,8 працэнта апытаных. Гэта меней, чым падчас ранейшых апытаньняў: на грамадзтва паўплывала хваля арыштаў і іншых рэпрэсіяў, мяркуе спадар Манаеў:

«Чакаць, што тут, так бы мовіць, арабска-славянская хваля пойдзе, я думаю, ня варта. Мой прагноз, што ў 2012 годзе ў Беларусі асаблівыя узрушэньні, прынамсі ўнутры краіны, наўрад ці будуць».

Прычына тут — ня толькі страх перад рэпрэсіямі, але і недавер людзей да ўсіх уладных і грамадзкіх інстытутаў, апатыя, жаданьне замкнуцца і самім вырашаць свае праблемы, мяркуе прафэсар Манаеў.

Гэта пацьвярджаецца і тым, што падзеньне электаральнага рэйтынгу Лукашэнкі не прывяло да росту рэйтынгаў яго палітычных апанэнтаў. У сьнежні рэйтынг Андрэя Саньнікава склаў 7,1%, Уладзімера Някляева — 6%.









Зь іншых вынікаў апытаньня НІСЭПД варта адзначыць падзеньне прывабнасьці для беларусаў аб’яданьня з Эўразьвязам — з 45,1% у чэрвені да 35,9% у сьнежні.

Манаеў тлумачыць гэта моцным пахаладаньнем у адносінах беларускага кіраўніцтва з Захадам пасьля разгону Плошчы, а таксама крэдытнай дапамогай Беларусі з боку Расеі.



«Незадаволенасьць Лукашэнкам — ва ўсіх асяродках грамадзтва»


Намесьнік старшыні руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч перакананы: Аляксандар Лукашэнка ўжо не карыстаецца падтрымкай большасьці насельніцтва краіны: «Натуральна, адчуваецца зьніжэньне падтрымкі. І гэта вельмі моцнае зьніжэньне. Усе папярэднія гады таксама былі незадаволеныя людзі. Але збольшага гэта былі людзі, зьвязаныя з апазыцыяй, альбо тыя, хто наўпрост адчуваў перасьлед з боку ўлады ня толькі за сваю грамадзянскую пазыцыю, але і за тое, што ён не залежыць ад улады — напрыклад, праз свой бізнэс.

Цяпер жа незадаволенасьць Лукашэнкам пранікла ўва ўсе асяродкі беларускага грамадзтва. І нават сярод яго традыцыйнага электарату — такога, як пэнсіянэры, людзі сталага веку, людзі, якія працуюць у дзяржаўнай сфэры, — таксама сьпее незадаволенасьць. Перадусім гэта зьвязана зь вельмі дрэнным эканамічным станам, які кожная сям’я адчула на ўласнай скуры».

Аляксандар Лукашэнка ня мае падтрымкі большасьці жыхароў Беларусі, лічыць намесьніца старшыні партыі «Справядлівы сьвет» Алена Скрыган: «Таму што са шмат якімі людзьмі давялося размаўляць і перад Новым годам, і ў час навагодніх сьвятаў. І абсалютна ўсе выказвалі незадавальненьне тым, як прайшоў мінулы год.

Усе чакаюць добрага 2012 году. І ўсе кажуць, што ім хочацца перамен. А перамены зьвязваюць, зразумела, з новым першым чалавекам у дзяржаве».

Кіраўнік аналітычнага цэнтру ECOOM, які лічыцца праўладным, Сяргей Мусіенка скептычна ставіцца да зьвестак пра падзеньне рэйтынгу Лукашэнкі. Лічбам Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў ён не давярае і ня лічыць іх сапраўднымі:

«Я наагул ня думаю, што ў рэйтынгу дзейнага кіраўніка дзяржавы былі такія хістаньні. Тым больш што ёсьць чаканьні насельніцтва на падвышэньне заробкаў, „мінімалкі“, стыпэндыяў для студэнтаў. Наагул перад Новым годам у насельніцтва былі вялікія чаканьні. Так што ўпэўнены — рэйтынг прэзыдэнта захаваўся на сталым высокім роўні».

«Аляксандар Лукашэнка, безумоўна, не карыстаецца падтрымкай большасьці беларускіх грамадзянаў», — цьвердзіць былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Віталь Рымашэўскі. Ён кажа, што такое перакананьне невыпадковае:

«Яно грунтуецца на размовах зь людзьмі. На тым, як людзі выказваюцца, як яны ставяцца да апазыцыі і да ўладаў. Яны станоўча ставяцца да ўсіх, хто выступае супраць Лукашэнкі. А вось да дзейнай улады, пэрсанальна да Лукашэнкі стаўленьне вельмі благое. Прычым нават сярод тых людзей, якія раней падтрымлівалі дзейную ўладу.

Што тычыцца лічбаў, якія падае НІСЭПД, то я думаю, што насамрэч яны, можа, нават і яшчэ больш аптымістычныя для зьменаў. Але ў цэлым яны абсалютна блізкія да рэчаіснасьці».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG